У сусвеце інфармацыі і культуры

размещено в: По случаю праздника | 0

Сёння так развіты лічбавы свет, што ён здаецца практычна рэальным. Але ўсё роўна нішто не заменіць друкаваную кнігу! Тонкую або тоўстую, новенькую, з пахам тыпаграфскай фарбы або старадаўнюю, у далікатным пераплёце.

Чалавек пачынае знаёміцца з мнагагранным кніжным светам з первых гадоў жыцця. Казачныя  героі, прыгоды, падарожжы паглыбляюць юнага чытача ў свет мары, дзе падзеі вучаць агульначалавечым каштоўнасцям.

Немагчыма  ўявіць сабе вучобу або навуковую працу без бясконцых і найкаштоўнейшых гадзін, праведзеных у бібліятэцы…А калі-небудзь так хочацца перагарнуць класіку, зазірнуць у акно гісторыі…

Арэхаўская сельская бібліятэка – ці не самае прыцягальнае месца для тых з мясцовых жыхароў, хто не ўяўляе сваё жыццё без кнігі. Яе фонды – сапраўднае кніжнае багацце! Да паслуг чытачоў больш за 15 000 экзэмпляраў кніг, аўдыякніг, электронных і перыядычных выданняў. Але ж бібліятэка без добрага спецыяліста – проста кніжны збор. А тут як раз працуюць людзі, улюбёныя ў сваю прафесію, – бібліятэкары Ганна Валер’еўна ШУМСКАЯ і Вольга Міхайлаўна ЛЕШЧАНКА. Абедзве – інтэлектуалкі, з шырокім кругаглядам, эрудыраваныя, начытаныя. Яны ўмеюць увайсці ў кантакт з чытачом, пагутарыць аб прачытаным, параіць літаратуру, таму знаходзяць агульную мову як з малечай, так і са спецыялістамі ўсіх прадпрыемстваў, устаноў аграгарадка, пажылымі людзьмі, інвалідамі. Дарэчы, толькі ў Арэхаўцы пражываюць каля 1000 чалавек, а яшчэ ў зоне іх абслугоўвання вёскі  Пярэкаль, Акцябрск, Чаравач, Казлы, Дуброва і іншыя.

Сярод карыстальнікаў Арэхаўскай сельскай бібліятэкі – чытачы, якія не прадстаўляюць жыццё без кнігі, чытаюць дзеля задавальнення або для прафесійнага росту, у дапамогу вучобе і інш. Яны розныя па ўзросце, захапленнях і інтарэсах. Любоў да чытання дапамагае ім дасягнуць поспехаў у жыцці, чым бы яны ні займаліся.

«Наша бібліятэка запатрабаваная, – адзначаюць Ганна Валер’еўна і Вольга Міхайлаўна. – Напрыклад, існуе стэрэатып, што летам бібліятэкі пустуюць. Але не наша! Акрамя мясцовых чытачоў, да нас ішло мноства адпачываючых у родзічаў – з Мінска, Магілёва, нават з Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў. Усе яны толькі здзіўляліся нашаму кніжнаму багаццю, даступнасці паслуг.

Сярод нашых самых лепшых чытачоў – эканаміст саўгаса Алена Валер’еўна Самусь, аматар класічнай літаратуры; ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Давыдавіч Фельдман з вёскі Акцябрск, які ў свае 94 гады з задавальненнем чытае мастацкую літаратуру, цікавіцца сучаснымі аўтарамі, у тым ліку беларускімі, інфармацыю аб палітычных падзеях чэрпае з перыёдыкі; настаў-ніца Пярэкальскай СШ Галіна Уладзіміраўна Рэбкавец чытае вельмі шмат, а сядзенне на канапе каля тэлевізара лічыць марна патрачаным часам; настаўніца Валянціна Мікалаеўна Халайдова захапляецца паэзіяй, класічнай літаратурай; урач Людміла Міхайлаўна Анікеева – аматар любой цікавай мастацкай кнігі. Гэты пералік можна працягваць доўга. Мы рады, што ў нашай бібліятэкі гэтулькі чытачоў і сяброў».

Так, чытачы тут штодня, бяруць кнігі дадому, працуюць у чытальнай зале. У бібліятэцы належнае камп’ютарнае аснашчэнне, доступ у інтэрнэт. Да таго ж яна, у ліку пяці бібліятэк аграгарадкоў, мае публічны цэнтр прававой інфармацыі, які прадастаўляе грамадзянам свабодны доступ да прававой інфармацыі, што ўтрымліваецца ў дзяржаўных інфармацыйных рэсурсах: інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН», інтэрнэт-рэсурсах прававой тэматыкі, друкаваных і электронных выданнях.

А дзеці наведваюцца сюды адразу пасля заняткаў у школе. Для іх і асобныя фонды, добрая частка якіх галіновыя, энцыклапедычныя выданні з выдатнай паліграфіяй, і самыя розныя мерапрыемствы. Ужо шмат гадоў тут працуе аматарскае аб’яднанне па маральным выхаванні «Сонейка» для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, а таксама паспяхова рэалізуюцца мэтавыя праграмы: па духоўна-маральным выхаванні – «У імя ісціны, дабра і прыгажосці», патрыятычным выхаванні – «Ведаем, помнім, зберагаем».

Для задавальнення інфармацыйных запытаў бібліятэка прапануе сёння сваім карыстальнікам і разнастайныя платныя бібліятэчныя паслугі (ксеракапіраванне, набор тэкста на камп’ютары, вывад яго на носьбіт, прадастаўленне ПВМ у асабістае карыстанне) і іншыя. Дарэчы, план платных паслуг пастаянна выконваецца.

Так, зараз – час інфармацыйных тэхналогій. Вось і ў гэтай бібліятэцы акрамя традыцыйнай друкаванай кнігі ў распараджэнні чытачоў амаль 400 аудыякніг, электронных энцыклапедый, мастацкіх фільмаў самай рознай тэматыкі і мультфільмаў, зборнікаў казак. Іх можна і дамоў узяць на пэўны час. Выкарыстоўваюцца такія матэрыялы і для бібліятэчных масавых мерапрыемстваў, тых жа прэзентацый.

Ці не самая блізкая тэма для бібліятэкараў – краязнаўства. Ствараюць у бібліятэцы міні-музей этна-графіі, збіраюць фальклор, пішуць летапісы Арэхаўкі і навакольных вёсак. Бо ў мінуўшчыне – будучае.

Ніна ІЗОХ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.