У нас адны карані таго дрэва, што вёскай завецца

Як  часта  кожны  з  нас  успамінае  месца,  дзе  рос,  вучыўся,  бегаў  з  сябрамі  па  вуліцы  да  цямна,  дзе  жылі  і  працавалі  дзяды  і  бацькі,  дзе  дрэвы  былі  вялікія,  а  людзі  добрыя,  дзе  было  ўсё  зусім  інакш,  чым  цяпер?  Часта.  І, як  паказвае  жыццё,  чым  старэй  чалавек  становіцца,  тым  часцей  гэтыя  ўспаміны  прыходзяць  са  слязамі  на  вачах  і  шчымлівым  болем  у  сэрцы.  І  тым  часцей  хочацца  хоць  на  імгненне  апынуцца  ў  роднай  вёсачцы,  каб  налюбавацца  краявідамі,  надыхацца  паветрам,  каб  узбагаціць  душу  і  наталіць  сэрца.

У  сельскім  Доме  культуры  аграгарадка  Максімавічы  стала  ўжо  добрай  традыцыяй  летам,  у  апошнюю  суботу  ліпеня, сустракаць  землякоў,  якія  з  усіх  куточкаў  з’язджаюцца  да  родных  парогаў.  Шчаслівыя  тыя,  у  каго  яшчэ  стаіць  бацькоўская  ся-дзіба. А  тых,  каму  няма  дзе  прытуліцца,  сустракаюць  у  Доме  культуры.  Сёлета  сустрэча  землякоў  адбылася  ў  пяты  раз.  На  сцэне  рыхтаваліся  да  выступлення  артысты,  а  да  ўстановы  культуры  ўсё  пад’язджалі  машыны,  з  іх  выходзілі  па-святочнаму  апранутыя  людзі,  віталіся,  знаёміліся,  размаўлялі…

У  вызначаны  час  Сяргей  Пятровіч  Шчэпка,  дырэктар  СДК,  прапанаваў  усім,  хто  сабраўся  на  плошчы  перад   Домам  культуры,  хвілінай  маўчання  ўшанаваць  памяць  землякоў,  якія  загінулі  на  вайне.  Затым  усіх  запрасілі  прыняць  удзел  у  пасадцы  елачак  каля  памятнага  каменя. І  ландшафт   упрыгожылі,  і  традыцыю  новую  завялі.

Тон  мерапрыемству  задавалі  вядучыя  Леакадзія  Елупахіна,  ураджэнка  вёскі  Ліпніца,  і  Кацярына  Цімаховіч,  настаўніца  Максімавіцкага  ВПК  «Дзіцячы  сад – сярэдняя  школа». З  вялікім  натхненнем  шмат  спявалі  для  землякоў  Іван  Мікалаевіч  Патупчык,  выхадзец  з  Максімавіч, які  зараз  жыве  ў  Германіі,  Алена  Меляшкевіч,     ветурач,  Святлана   Тарасёнак,  памочнік  выхавацеля,  Любоў  Сіліна,  пенсіянерка,  Анатоль  Сотнікаў,  заатэхнік,  Дзіяна  Прачуханава,  студэнтка,  Людміла  Апанасовіч,  бухгалтар,  Васіліса  Сушыцкая,  мастацкі  кіраўнік  СДК.

Паколькі  на  малой  радзіме  сабраліся  былыя  суседзі,  знаёмыя,  адным  словам,  вяскоўцы-землякі,  то  завіталі  на  сустрэчу  і  радушна  прывіталі  гасцей  Валянціна  Яўгенаўна  Валжанкова,  намеснік  старшыні  ААТ  «Максімавічы-Агра», Галіна  Антонаўна  Маслакова,  дырэктар  вучэбна-педагагічнага  комплексу.  Потым  на  сцэну  папрасілі  падняцца  выпуснікоў  школы,  для  якіх  апошні  званок  прагучаў  50  гадоў  таму  назад.  З  усяго  выпуску –  а  было  ў  той  год  іх  12  чалавек – на  сцэне  двое  аднафамільцаў  – Вячаслаў  і  Ларыса  Кушнер.   Вячаслаў  Якаўлевіч  цёпла  прывітаў  прысутных  у  зале,  успомніў  усіх  сваіх  аднакласнікаў  і  выказаў  надзею,  што  аднойчы  ўсе  яны  збяруцца  разам,  каб  успомніць,  як  на  зары  свайго  юнацтва  на  ліпніцкім  мосце  плакалі  на  развітанне. Пасля  канцэртнай  праграмы  землякі  перамясціліся  ў  залу  для  ўрачыстасцей,  там  таксама  шмат  гаварылі  пра  свае  радавыя  гнёзды,  успаміналі  нейкія  цікавыя  падзеі,  паднімалі  тосты  за  здароўе  і  спявалі  песні.

Леакадзія  Міхайлаўна  Елупахіна,  ураджэнка  вёскі  Ліпніца:

 

– Сустрэча  землякоў – гэта  заўсёды  падзея.  Радасная  падзея  для  былых  аднавяскоўцаў,  што  спяшаюцца  на  сустрэчу  са  сваімі  землякамі  і  сябрамі  дзяцінства.  З  гадамі  мы  ўсё  часцей  і  мацней  адчуваем  цягу  да  роднай  зямлі,  дзе  пад  бацькоўскім  парогам  закопана  пупавіна. 

Вельмі  шкада,  што  з  кожным  годам  пусцеюць  нашы  родныя  вёскі.  Іх  назвы  занатаваныя  ў  нашых  пашпартах  і  будуць  жыць  у  сэрцах, пакуль  будзем  жыць  мы  самі. 

Мне  вельмі  прыемна  рыхтаваць  разам  з  работнікамі  культуры  нашы  сустрэчы  землякоў.  Кожны  год  з’яўляецца  штосьці  новенькае  ў  сцэнарыі  свята,  за  што  мы  ўдзячныя   Сяргею  Пятровічу  Шчэпку  і  яго  камандзе.  Дзякуючы  інтэрнэту  вестка  аб  сустрэчы  хутка  разносіцца  і  людзі  прыязджаюць  нават  са  сваімі  дзецьмі.  А  гэта  вельмі  важна.  Каб  не  гублялася  сувязь  паміж  пакаленнямі,  і  патрэбны  вось  такія  сустрэчы.  Яны  ўсяляюць  у  нашы  сэрцы  пачуццё  гонару  за  слаўныя  справы  бацькоў  і  дзядоў  нашых.  Мы  ганарымся  нашымі  землякамі,  якія  не  здрадзілі  вёсцы,  а  жывуць  тут,  апрацоўваюць  зямлю  і выхоўваюць  дзяцей,  нясуць  адказнасць  за  сённяшні  дзень  і  будучыню  роднай  старонкі.

 

Анатоль  Віктаравіч  Пугач  з   Вяленіка  замест  прамовы  прачытаў  верш  Паўла  Саковіча.

Я заклінаю ўсіх сыноў:

Хай будуць цяжкасці  любыя,

Не прадавайце  дом бацькоў

Вас не ўратуюць  грошы тыя.

Дзядоў і продкаў вашых дух

Прыжыўся назаўсёды ў хаце.

Яшчэ агеньчык не патух,

Што запаліла ў печы маці.

Не прадавайце дом бацькоў,

Вы без яго не пражывеце:

Ён будзе сніцца зноў  і зноў,

Пакуль вы ёсць на гэтым свеце.

Вы да яго яшчэ не раз

З павіннай будзеце зяўляцца:

Пацягне, як злачынцу, вас

У здрадзе некалі прызнацца.

Ён вам пад восеньскім дажджом

Навее цеплыя ўспаміны

Ды не адчыніць дзверы дом,

Хоць і не раз змахне цішком

З аконвачэй сваіх слязіну.

Аліна  Суднік.

Фота  аўтара.

 

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.