У Клічаве Масленіцу святкавалі

Дзень у мінулую суботу, нягледзячы на вецер, выдаўся сонечны, яркі. З самай раніцы наваколле напоўнілася прыемным пахам смажанага на вогнішчы мяса ды бліноў. Музыка і спевы чуліся за некалькі кварталаў. З усіх бакоў па залітых сонцам вуліцах да цэнтра крочылі людзі. Былі сярод іх маладыя мамы і таты з дзеткамі ў калясках. На сцэне самадзейныя артысты — вакалісты, ансамблі «Прасніца», «Спадчына», «Суседзі» – спявалі свае лепшыя творы і стваралі святочны настрой.
На самым бачным месцы ўзвышалася пудзіла Масленіцы. Вакол яго работнікі культуры арганізавалі кірмашовыя забавы: тут і па слупу лазілі, каб дастаць прыз, і ў лоўкасці практыкаваліся, канат перацягвалі, чым сілу ды моц каманды вымяралі. На імправізаванай «Бабулінай кухні» работнікі цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна толькі паспявалі блінцы выпякаць. А колькі іншай смакаты нарыхтавалі дбайныя гаспадыні! Дзеці з задавальненнем каталіся ў вазку, на коніку ды на «Клічаўскім чмеліку», да якога яшчэ і карусель прыстасавалі. Гандлёвыя рады таксама не пуставалі, кірмашоўцы ахвотна набывалі свежую рыбу, мяса, гародніну, хлебабулачныя вырабы і многае іншае.
Адным словам, ва ўсіх, хто не паленаваўся выйсці з кватэр і хат, была магчымасць павесяліцца ды пажартаваць, каб потым адмовіцца ад шумных кампаній, ад шэрагу звыклых страў і на працягу 7 тыдняў Вялікага посту заняцца духоўным ачышчэннем.

Ул. інф.