У КЛІЧАЎСКІМ КРАЯЗНАЎЧЫМ МУЗЕІ ПРАЦЯГВАЕЦЦА РЭАЛІЗАЦЫЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ “ТВОРЧАСЦЬ БЕЗ МЕЖАЎ”

размещено в: Наши новости | 0

15   кастрычніка   музей  запрасіў  усіх жадаючых на чарговы  майстар-клас  “Птушачка  ў  тэхніцы  выцінанкі”.  Праводзіла  яго  Ганна  Пракаповіч,  навучэнка  ДУДА  “Клічаўскі  цэнтр  дадатковага  навучання  дзяцей  і  моладзі”   (установы-партнёра  ініцыятывы  “Творчасць без межаў”) разам  са  сваім  педагогам  Жанай  Міхайлаўнай  Канапліцкай. 

Пераймалі сакрэты гэтага  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва  вучні  7  класа  СШ №1  г.  Клічава,  дзе  класным кіраўніком  Вольга  Станіславаўна  Ціцяк.  Вядома,  падлеткі  ўжо  крышку  знаёмыя  з   выцінанкай:  хто  ж  у  дзяцінстве  ў  пераднавагоддзе  не  выразае   з  паперы  сняжынкі  на  акно?  Але  зараз,  на  музейным  майстар-класе,  прапаноўвалася  праца  на  зусім  іншым  творчым  узроўні.    Патравалася  выразаць   з  паперы  выраб  дзіўнай  прыгажосці –  ажурную  птушку  шчасця,  а  дакладней сойку – сімвал  Клічаўскага  раёна.  І  Аня,  і Жана  Міхайлаўна   вучылі,  дэталёва    паказвалі,  якім  чынам  складаць  паперу,  як  выразаць  нажніцамі  ўзор,  каб  была  сіметрыя.   Дзеці  і  працавалі,  і адначасова  слухалі  цікавы  аповед  аб  выцінанцы – старажытным  відзе  славянскага    дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва.    Яшчэ  ж  не  так  даўно,   у  Беларусі ІХХ – першай паловы ХХ ст., выцінанкі ўжываліся для афармлення жылля, выкарыстоўваліся як частка аздаблення  інтэр’ера  на святы, асобных прадметаў (падзоры на паліцы, судніківушакі  дзвярэй, бардзюры на рамы) і г.д.    А  сучасная  беларуская  выцінанка  або  вытынанка   (ад  украінскага  “вытынаць”,  выразаць)  вызначаецца  разнастайнай тэматыкай,  тэхнікай  выканання,  дызайнерскімі рашэннямі,  але  заўсёды  арыетуеццца  на  народныя  традыцыйныя  матывы.

Хацелася  б  сказаць,  што  Аня  Пракаповіч,  як  аўтар-творца, – удзельніца  сацыяльнай выстаўкі “Творчасць  без  межаў”.  Яна  з  маленства  свая  ў  свеце  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва,  да  якога  яе  прызвычаіла  маці,  Аксана  Віктараўна,  кіраўнік  гурткоў  Цэнтра.   А  пасля  дзяўчынка стала  навучэнкай гэтай установы,  займаецца  ў  розных  педагогаў,  у  тым  ліку  ў  Жаны  Канапліцкай,  таму  на  добрым узроўні валодае  рознымі  тэхнікамі  ДПМ.  На  вернісажы  ж  прадстаўлены  яе  скульптуры  “Снежны  Кароль”  і  “Снегавік”,   якія выкананы  з  розных   фактур.

Нагадаем,  што  ў  музеі  гэты  майстар-клас  быў  ужо  трэці  па  ліку.    Прыемна  адзначыць,  што  імі  цікавяцца  не  толькі  дзеці,  а  і дарослыя.   Гэтым  разам  мне  мне  давялося  пазнаёміцца   з    сям’ёй   клічаўлян  Солтан:  Вольгай  Пятроўнай  і  яе  дочкамі,  14-гадовай  Джэсікай  і  12-гадовай  Ганначкай. 

Вольга  Пятроўна  расказала,  што  ўсе  яе   трое  дзяцей:  і  дочкі,  і  меншы  сынок,  трэцякласнік  Валера,   займаюцца  ў   ДУДА   “Цэнтр  дадатковай  адукацыі  дзяцей  і  моладзі”  ў  гуртках “Вясёлы  пэндзлік”  і  “Краіна  майстроў”  у  Жанны  Канапліцкай.   Яны  прыйшлі   сюды,  каб   пазаймацца  на  гэтым  цікавым  майстар-класе.   Яна  ж  працуе  ў  Мінску,  а  калі  прыязджае  дадому, то  хоча ўвесь  час быць  з  дзецьмі,  цікавіцца  іх  справамі,  захапленнямі.  Тым  больш,  што  ў сваім  дзяцінстве  яна  таксама  і  малявала,  і  танцамі  займалася.    Птушка  шчасця  ў  Вольгі  Пятроўны  атрымалася  прыгожая,  і нейкая  асабліва  пяшчотная.  Дарэчы,  тут  на  сацыяльнай выстаўцы  “Творчасць  без  межаў”  экспануюцца  і  работы  яе  Ані  – карціны  воўнай  (“Воўнавая  акварэль”)  у тэхніцы  сухога і  мокрага качання.  Сапраўды,  надзвычай  дзіўныя  рэчы,  якія  могуць  упрыгожыць  і  жыллё,  і   прыўнесці  ў  настрой  светлыя  ноткі.

Штодня  ў  раённым музеі  новыя  наведвальнікі  экспазіцыі.  Яны  падоўгу  затрымліваюцца  ў  новай  сацыяльнай  зале  “Творчасць  без  межаў”,  дзе  сабраны  дзясяткі  вельмі  прыгожых,  адметных  работ  майстроў  Клічаўшчыны.    Для  многіх  з  іх  удзел  у  гэтай  выставе – першы  заўважны  поспех.  І  творцы,  і  калектыў  музея   заклікаюць  клічаўлян  і  ўсіх  нашых  гасцей:  “Будзьце  разам  з  намі!  Будзьце  на  тэрыторыі  поспеху!”. 

Ніна  ІЗОХ. 

Фота  аўтара.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)