НЕАБЫЯКАВЫЯ НАТАТКІ

размещено в: Наши новости | 0

На жаль, так сталася,  што  многім хатам Беларусі,  якія нашы  дзяды і бацькі будавалі, мы здраджвалі затым на працягу дзесяцігоддзяў. Уцякалі ў гарады, будавалі там кватэры, аднак і  тут  не ўсе прыжываліся…

Народ заўважыў: «Усе мы родам з хат». Які глыбокі сэнс закадзіраваны ў гэтым простым, на першы погляд, выразе! Яшчэ ў маленстве ад маёй бабулі Таццяны я чуў шматлікія мудрыя народныя выказванні пра хату: свая хатка як родная матка; няма лепшай  хаткі, як у роднай маткі; якая Агатка, такая ў яе і хатка; не да каляды, калі поўна хата бяды; лепш у сваёй хатцы, як у чужым палацы… Нездарма хату параўноўваюць з маці, бо маці клапоціцца, забяспечвае ўтульнасць, абараняе, зберагае.
Маеш хату – значыць, ты гаспадар. І добра, калі  гаспадар і гаспадыня жывуць у хаце ў згодзе і каханні. Добра, калі хату вядуць сапраўдныя гаспадары! Несумненна, асоба значна лепш раскрываецца менавіта ў сваёй гаспадарцы. Тут усё вядома, усе дзеянні выпрацаваны і ўпэўнены. Тут усё сваё, родненькае, палітае потам продкаў. Таму мы лёгка даведваемся пра гаспадароў, убачыўшы іх хату. Яе ўнутраны і знешні выгляд – другі твар гаспадара. Мужчынская рука – гэта стрыжань хаты, яе знешні выгляд. Але ўнутраны камфорт, аўру цеплыні, спакою і гармоніі стварае жанчына. Яна  надае хаце жыццё, як жыццё дзіцяці. Казалі: гумно плача без гаспадара, а хата – без гаспадыні.
У Год малой радзімы вельмі захацелася паразважаць пра тыя аб’екты матэрыяльна-духоўнай пробы, з якіх, па сутнасці, традыцыйна і складалася наша нацыянальная рэчаіснасць. Будаванне для сябе жытла, размя-шчэнне на пэўнай тэрыторыі нашы продкі прыпадабнялі стварэнню цэлага свету-космасу. Беларусы спрадвек любілі ставіць хаты на берагах рэк, азёр. А сцены, дах, вокны і былі тымі першымі межамі паміж асвоеным і неасвоеным, паміж «сваім» і «чужым». Лічылі, што тая сцяна, на якой рабіліся вокны, павінна была глядзець на ўсход ці на поўдзень, але ніяк не на захад ці поўнач. Праз вокны ўнутранная прастора хаты лучылася з сонцам, кірункамі свету.
Калі ў дзверы праходзілі людзі, то ў вокны – духі. Праз акно кантактавалі з душамі памерлых продкаў, што сыходзілі з неба. Таму на Дзяды лыжку кожнай абрадавай стравы клалі ў асобную пасуду на падаконніку – для памёрлых продкаў. Калі ж у час абрадавай вячэры зазвініць шыба, значыць, душы продкаў прыйшлі і нябачна прысутнічаюць на абрадзе.
Увесь інтэр’ер хаты адлюстроўваў па-свойму ўнікальную будову сусвету. Жылая прастора – зямны свет, гарышча – нябёсы. Ролю самой зямлі-глебы выконвала падлога. Таму так распаўсюджана ў беларусаў абрадавае пасыпанне падлогі зернем. Напрыклад, на вяселлі, каб у хаце не зводзіўся дабрабыт.
Мая бабуля Таня любіла загадваць мне загадкі: яна галодная – хата халодная, яна пад’ела – у хаце пацяплела. Гэта, канешне ж, пра печ – галоўную, амаль жывую істоту хаты, бо ў ёй пяклі хлеб, штодзённа гатавалі ежу, на ёй спалі, сушылі вопратку, абутак. Мне таксама пашчасціла яшчэ паспаць на бабулінай печы. Ля печы, канешне ж, «жыў» пячны рыштунак: качарга, чапяла, вілкі. Супраць печы размяшчаўся так званы бабін кут, дзе стаялі вёдры, кадушкі. Любілі казаць «танчыць ад печы» – рабіць нешта спачатку, звярнуцца да першакрыніцы. Нашы продкі шанавалі культ печы, лічылі, што яна дае жыццё ўсёй хаце. Печ у хаце – другая маці.
У кожнай хаце, дзе былі маленькія дзеці, вісела падвязаная да бэлькі люлька (калыска). Над ёй маці заўсёды спявала свайму дзіцяці калыханкі. Уздоўж сцен у хаце стаялі лавы: дубовыя, добра ўмацаваныя, шырокія. Уздоўж сцяны, ад вугла да дзвярэй, размяшчалася паліца, на якую ставілі гарлачыкі, слоікі, каўшы, клалі лыжкі. Сваё месца займала і маслабойка, у ёй білі масла.
І вось ужо ўзгадваецца чарговая загадачка з далёкага маленства: пад адной страхой чатыры браты стаяць. Гэта, канешне ж, пра стол, за якім збіралася ўся сям’я. Над сталом вісеў саламяны павук – своеасаблівае нябеснае свяціла. Лічылі, што такі павук прыносіць шчасце.
Было ў хаце і святое месца, якое нашы продкі называлі покуць, або чырвоны кут. На покуці ў хаце заўсёды віселі абразы, убраныя вышытымі ручнікамі. Своеасаблівай духоўнай воссю  тут выступае дыяганаль «кут-печ», якая адным канцом (чырвоны кут) паказвае на святло, усход, божы бок, а другім канцом (печ) – на захад, цемру. А якая ж хата без казачна-дзівоснага куфара? Там у гаспадыні былі і ручнікі, і кашулі, і абрусы. Рэчы на прыданае дачцэ і ў апошні шлях. На гарышчы, паводле народных павер’яў, жылі духі памерлых продкаў. І калі знахарка лячыла каго-небудзь у хаце, яна пачынала стукаць венікам у столь – клікаць на дапамогу хвораму духа – заступніка сям’і.

Хата – гэта ўнікальны сімвал роднасці, на падставе якога не маглі не нараджацца шматлікія творы многіх мастакоў, пісьменнікаў, філосафаў, псіхолагаў, культуролагаў. Хата – надзейны падмурак існавання, жыцця наогул. І таму вышэйшы ідэал для творцы – не толькі выйсці з самой гушчы народа, з Хаты, але і застацца ў народзе, стаць народным.
Хаты – адметны, прыгожы твар  нашай сінявокай Беларусі. Гэта любоў селяніна, хлебароба, які глыбока прывязаны да свайго кута. Гэта як сэрца для яго, гэта тое, што яднае з навакольным асяроддзем. Хата –  гэта доўгі і пачэсны сцэнарый жыцця беларуса. Такі шчыры, сумленны і пачэсны сцэнарый.
                                                                                                                                       Канстанцін КАРНЯЛЮК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.