Навука для чалавека, як сонца для жыцця

Ад сесіі да сесіі

Дзень студэнта Віталь і Аксана Якімаўцы з Клічава лічуць зараз сваім сямейным святам. Не, яны ўжо не маладзёны, на будучы год сярэбраны юбілей адзначаць, як у шлюбе. Затое ў іх дружнай сям’і – адразу трое дзяцей-студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Усе яны вучацца на бюджэтнай форме (бясплатна), прычым очна: наведваюць лекцыі і семінарскія, практычныя заняткі цэлы семестр, у канцы якога здаюць сесіённыя экзамены. У гэтыя зімовыя дні ў дачок і сына якраз такая пара, здача экзаменаў, залікаў.

Аліна і Васіль.
Васіліна.

Бацькі хвалююцца за сваіх любых студэнтаў, чакаюць іх званкоў, каб даведацца, як здароўе і справы ў вучобе…
Яшчэ філосаф старажытнай Грэцыі Сакрат гаварыў, што ўсе прафесіі ў свеце – ад людзей і толькі тры – ад Бога. Суддзя, педагог і ўрач, на думку мудраца, атрымліваюць свой дар ад нябёс. Адной з самых паважаных і ганаровых заўсёды лічыцца прафесія ўрача. Менавіта яе зараз атрымліваюць Аліна і Васіліна. Дарэчы, абедзве пры паступленні выкарысталі мэтавыя накіраванні.
Старэйшая Аліна вучыцца на 6-м курсе УА «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт», на лячэбным факультэце. Ужо гэтым летам яе чакаюць здача дзяржаўных экзаменаў і абарона дыплома. Затым год інтарнатуры – паслядыпломнай стажыроўкі маладога ўрача, гадовая практыка ў баль-ніцы, якая дасць ёй званне спецыяліста.
Мінулым летам Аліна праходзіла ўрачэбную практыку ў нашай райпаліклініцы і тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. Апошнія два гады на летніх канікулах дзяўчына працавала ў аддзяленні хуткай дапамогі фельдшарам. Прафессія ёй падабаецца, яна ўсім задаволена.
Васіліна і Васіль – першакурснікі. Яны не могуць адзін без аднаго, бо двайняты, сястра ўсяго на некалькі хвілін старэйшая за брата. Цяпер яны вучацца ў адным гора-дзе – Гомелі, але ў розных ВНУ. Васіліна – студэнтка УО «Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», займаецца на лячэбным факультэце. Васіль–студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, вучыцца на факультэце прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, будучы інжынер- будаўнік.
Мары іх споўніліся не па ўзмаху чароўнай палачкі, а дзякуючы працы і мэтанакіраванасці. Па-першае, усе трое добра вучыліся, па-спяхова скончылі СШ №1 г. Клічава. Па-другое, школьнай праграмай не абмяжоўваліся, а паглыблена вывучалі тыя прадметы, якія па-трэбна было здаваць як абітурыентам. Таму і Аліна, і Васіліна ў старэйшых класах дадаткова вучыліся ў рэпетытараў па біялогіі і хіміі, ездзілі да іх на заняткі ў Бабруйск. І ўсё ж Васіліна адразу не набрала патрэбных балаў на бюджэт у Беларускі мед- універсітэт (г. Мінск), таму цэлы год платна вучылася там на падрыхтоўчым ад-дзяленні. Васіль таксама займаўся на кароткатэрміновых курсах пры сваім універсітэце, каб падцягнуць чарчэнне, бо калі ты не чарцёжнік, то на яго факультэце (ПГС) – ты не студэнт!
У вялікай сям’і заўсёды і праблем многа, і радасці. Галоўнае, што ўсе яны разам – адно цэлае! Кожнага тут любяць, падтрымліваюць, саграюць, шкадуюць, берагуць.

Добрае карэнне – добрае і насенне 
Калі б Віталь Васільевіч Якімавец удзельнічаў у конкурсе «Тата можа..», то абавязкова б стаў яго пераможцам. Ён родам з вёскі, з сям’і сельскай інтэ-лігенцыі: бацька быў ветурачом, маці – галоўным бухгалтарам у колішнім калгасе «Уперад да камунізму». Сын атрымаў у спадчыну ад іх навуку: галоўнае ў жыцці – шчырасць да людзей, дома – сям’я, гаспадарлівасць. Любая справа яму па плячы: будоўля, работа з дрэвам, металам, рамонт аўтамабіляў, праца на зямлі і г.д. Хоць і добраўпарадкаваная, прасторная і камфортная іх кватэра ў Клічаве, а без бацькоўскага дома (дачы сям’і) ні дня жыць не можа. Тут яны гараджане, там – вяскоўцы ў поўным сэнсе, нават гаспадарку трымаюць.
У свой час Віталь Якімавец скончыў аўтатранспартны тэхнікум, але ўся працоўная біяграфія звязана з лесам, дакладней, лесанарыхтоўкай. Тут ён прафесіянал! Быў сучкарубам, вальшчыкам лесу, майстрам участка, апошнія гады – вальшчыкам лесу – індывідуальным прадпрымальнікам. Нядаўна зноў перайшоў вальшчыкам лесу ў Клічаўскі лесаўчастак ААТ «Бабруйскі ФанДОК».
І другая палавінка Віталя, жонка Аксана, аптымістка па жыцці, энергічная, увішная, гэткая ж працаўніца: у хаце, у полі, у лесе. Кажуць, што ў такіх людзей праца ў руках гарыць. Як маладзей была, дык сама на матацыкле з каляскай па ягады ездзіла, за дзень больш за 40 літраў чарніц набірала. І зараз першая ягадніца на ўсе навакольныя вёскі. Наўрад за ёй хто ўгоніцца!
Ніколі Віталь і Аксана Якімаўцы на дзяржаву, як шматдзетныя, не разлічвалі. Сваіх дзяцей падымалі разам, уласным мазалём забяспечвалі ім той узровень, які мелі іх аднагодкі. Зараз вось трох студэнтаў вучаць. Праўда, ёсць у іх сям’і вельмі значны памочнік – сястра мужа Наталля Васільеўна. Падтрымлівае іх словам, справай, матэрыяльна. Іх дзеці для яе, што свае ўласныя. Ды і ўсе родныя сям’ю не кідаюць.
Віталь і Аксана расказваюць: 
– Дзяцей мы вучылі працаваць з дзяцінства. Дочкі дапамагалі маці па хатняй гаспадарцы, у агародзе. Сын як падрос, то бацьку стаў памочнікам ва ўсіх справах, нават у дзялянках з ім працаваў. Бывала, сям’ёй у чарніцы хадзілі, то заробленыя дзецьмі грошы, усе ім і аддавалі. Кожная праца павінна быць аплачана, а яшчэ малым трэба было навучыцца правільна распараджацца заробленым.
Але вучоба дзяцей у нашай сям’і была і застаецца галоўным. Хочам, каб яны мелі перспектывы ў жыцці.
Усё лепшае на свеце – ад маці 
Сціплая, але вельмі патрэбная людзям прафесія ў Аксаны Леанідаўны Якімавец. Яна 18 гадоў адпрацавала санітаркай у колішнім радзільным аддзяленні райбальніцы. Пасля яго закрыцця, ужо пяць гадоў шчыруе санітаркай (палатнай) у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы. Мусіць, ужо сотні людзей, былых пацыентаў, згадваюць яе добрым словам за клопат.
Але дапамагае людзям жанчына не толькі на працы. Яна – донар крыві. Не, не так. Аксана Якімавец ужо амаль 7 гадоў таму ўзнагаро-джана нагрудным знакам адрознення Міністэрства аховы здароўя «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь». За ўсё жыццё Аксана Леа-нідаўна здала кроў аж 69 данацый! Ці не яе прыклад ратаваць зда-роўе і жыццё людзей, узялі дзве дачкі, будучыя ўрачы?
Няхай вам, паважаныя, усёй вашай сям’і, шчасціць!
Ніна ІЗОХ. 
Фота з сямейнага альбома.