Наперакор ударам лёсу захаваць веліч і прыгажосць чалавечай душы

У  гэтыя  лістападаўскія  дні на  ціхай вуліцы, што  цягнецца ўздоўж ракі ў вёсцы Стаялава, нязвыкла шумна ад машын, якія спяшаюцца да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, старэйшай жыхаркі вёскі са знакамітага сялянскага  роду Шалаёў – Марыі Дзямідаўны.

З самага ранку ў хаце не змаўкае тэлефон. А як жа інакш – далёка не кожнаму шанцуе сустракаць і святкаваць 95-ты год дня нараджэння. Тэлефануюць з усіх канцоў свету ўнукі, родныя, сябры, былыя вучні. Дочкі Ала і Ірына, зяць Алег прыехалі зараней і клапоцяцца аб матулі. Па-святочнаму апранутая, седзячы на канапе, сустракае гасцей Марыя Дзямідаўна і вінавата просіць прабачэння за гэту акалічнасць. Ніхто не мае прэтэнзій, бо ўсе ведаюць, што, на вялікі жаль, хаду і сілу адбіраюць у яе тыя раны, якія атрымала пад час баявых дзеянняў, асколкі ад якіх да гэтай пары застаўляюць пакутаваць яе цела.
Інтэлігентная імянінніца па-ранейшаму захоўвае ідэальную памяць, пытлівы  розум, рэгулярна глядзіць тэлевізар і ў курсе ўсіх палітычных і грамадскіх спраў. Яна рада ўсім, жыва цікавіцца справамі гасцей, удзяляе ўвагу кожнаму і знаходзіць для кожнага добрыя словы.
Успомніла ў гэты дзень сваіх бацькоў і расказала, што Дзямід Кузьміч Шалай быў вельмі мудрым чалавекам, а яго навуку яна неўпрыкмет не толькі дзецям сваім, а і нам перадала: да людзей нельга са злом прыходзіць; лепш змаўчаць, як дрэннае пра чалавека сказаць; нельга помсціць людзям; пра добрае гавары, не бойся… Звычайныя на першы погляд, але вельмі мудрыя парады.
Марыя Дзямідаўна ў раёне чалавек вядомы. Яна прайшла вогненнымі сцежкамі вайны, была паранена ў баі, яе ратны подзвіг адзначаны шэрагам дзяржаўных узнагарод. Гэта яе адзнакі за смеласць, рашучасць і любоў да Радзімы. Калі яна крыху паварочваецца, то чуецца, як звіняць медалі на парадным адзенні. У гэтым ледзь улоўным звоне – стук сэрцаў яе баявых сяброў, якія навекі засталіся маладымі, а яшчэ перасцярога і наказ будучым пакаленням: «Мір трэба берагчы!» .
Успамінаць пра вайну ў гэты дзень не хацелася, але ж куды ад яе дзенешся? На згадку прыйшоў выпадак пра малодшую сястру Валянціну, светлы ёй рай. Са слязамі на вачах расказвала, як два месяцы немцы трымалі дзяўчыну-падлетка ў бабруйскай турме, як потым добрыя людзі дапамаглі выбрацца з захопленага ворагамі горада і яна пешшу дабралася дахаты. З незагойнаю ранай у сэрцы і сёння ўспамінае тыя жахі і пакуты, праз якія давялося ў юным узросце прайсці і ёй самой.
Не хапае слоў, каб перадаць вам, шаноўныя чытачы, усю палітру эмоцый, якія ў гэтыя дні перажывала Марыя Дзямідаўна. Нават яе прасторная, на дзве палавіны хата паказалася не такой і вялікай, калі ўвайшоў цэлы натоўп жадаючых павіншаваць яе і падзяліць радасць знамянальнай на яе жыццёвым шляху даты.
Прывітальны адрас ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, раённага Савета ветэранаў вайны і працы, падарунак ад фонда міру зачытала і ўручыла Алена Пятроўна Ярошка, кветкі і найлепшыя пажаданні, падарункі і цёплыя віншаванні, шчырыя пацалункі падарылі ёй Зоя Іванаўна Самец, сакратар раённага Савета ветэранаў, Таццяна Вікенцьеўна Белабародая, дырэктар СШ №2 і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», Васіль Сцяпанавіч Шамаль, колішні вучань, Ганна Міхайлаўна Яшчук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Наталля Уладзіміраўна Храмянкова і Лідзія Лук’янаўна Ачыновіч, дырэктар і старшы навуковы супрацоўнік раённага музея, Ірына Аркадзьеўна Арцем’ева, загадчык аддзялення пярвічнага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Аляксандр Уладзіміравіч Шакола, начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыята Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў, былыя калегі, сяброўкі, аднапартыйцы Ніна Сцяпанаўна Кляўко і Лілія Міхайлаўна Жаўняк. Не паспелі змоўкнуць галасы віншаванняў, як у дзверы пазванілі. З букетам кветак да настаўніцы завітаў Юрый Уладзіміравіч Зямскоў, былы вучань, а літаральна праз некалькі хвілін прыехалі павіншаваць імянінніцу яе пляменнікі Алена, Васіль, Аксана. Да самага вечара не зачыняліся дзверы і не змаўкаў тэлефон.

Пакідаючы хлебасольную хату, падумала, што добразычлівая і шчырая, ветлівая і спагадлівая Марыя Дзямідаўна Шалай змагла наперакор ударам лёсу захаваць усю веліч і прыгажосць чалавечай душы, якая па-ранейшаму напоўнена дабрынёй, прагай да жыцця і да ведаў, павагай да людзей.
Яна дастойна пражыла цяжкае, поўнае страт і драматызму жыццё, якое выпала на долю старэйшага пакалення. На ўвесь раён у жывых засталося толькі 8 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Амаль праз 75 гадоў пасля таго, як адгрымелі апошнія выбухі той далёкай вайны, яна памятае ўсё да драбніц. У нас яшчэ ёсць унікальная магчымасць пачуць жывую сведку вайны. Мы шчыра жадаем Марыі Дзямідаўне  здароўя  моцнага і доўгага  веку.
 
Аліна СУДНІК.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.