Магічныя крыжыкі Марыі Васільеўны Шлімаковай

З чаго складаецца наша жыццё? Адказаў на гэта даволі простае пытане вельмі шмат, тым больш што ў кожнага свае ўяўленні аб жыцці і яго сэнсе. Бясспрэчна адно: жыццё – гэта бясцэннае багацце! Па-добраму зайздрошчу тым, хто ўмее па-гаспадарску распараджацца гэтым багаццем і мае жыццёвую энергію, мэту, нейкае захапленне або, як цяпер модна казаць, хобі. Хобі, якое калі і не становіцца сэнсам жыцця, то прыхарошвае будні, дорыць незабыўныя гадзіны, дні, месяцы, гады.
Днямі пазнаёмілася з клічаўлянкай Марыяй Васільеўнай Шлімаковай (у дзявоцтве Сілінай). Цудоўная жанчына з цёплым позіркам вачэй ужо пяць гадоў займаецца вышыўкай. З дапамогай звычайнай іголкі і нітак яна вышыла больш за трыццаць разнастайных карцін. Сярод іх – рэпрадукцыі карцін сусветна вядомых мастакоў, як, напрыклад, «Тры мядзведзі», «Раніца ў сасновым бары» і іншых.
Нельга адарваць позірк ад вышытых палотнаў, на якіх гуллівыя коні толькі што прыпынілі імклівы бег; пасля сытнага абеду схаваўся сярод рудай травы, паважна разлёгся і назірае за наваколлем магутны леў; адзінокі лебедзь плыве па блакітнай ад адлюстравання нябёсаў гладзі ракі. А кветак колькі, не пералічыць! Адзін букет прыгажэйшы за другі, і настолькі натуральна выглядаюць ружы, півоні, палявыя кветкі, што хочацца падыйсці і панюхаць іх!
Жывапіс іголкай – так часта называюць ручную вышыўку. І гэта зусім не выпадкова, бо ў сваіх працах майстры часам выкарыстоўваюць больш за дзвесце каляровых спалучэнняў нітак, а творы настолькі рэалістычныя, што іх часам складана адрозніць ад карцін, напісаных алеем на палатне.
– Дзе знаходзіце тэмы для такіх прыгожых шэдэўраў? – пытаюся ў Марыі Васільеўны.
– У інтэрнэце шмат цікавага. Заказваю на спецыяльных сайтах. Цяпер жа прадаюцца наборы для вышывання, а ў іх схема, канва, ніткі. Бяры і вышывай. Калі бываю ў Мінску, то абавязкова наведваю спецыялізаваныя магазінчыкі і купляю штосьці там, ды і дзеці падтрымліваюць маё захапленне, купляюць і вязуць з усіх бакоў. Сын з Кітая заказаў алмазную вышыўку. Цяпер планую авалодаць і гэтым відам мастацтва. Спадзяюся, што будзе цікава працаваць над пейзажам. Работы на ўсю зіму хопіць!
Пакуль разглядаю хараство, што ўпрыгожвае ўсю сцяну ўтульнай залы, гаспадыня з патаемнага куточка дастае яшчэ не аформленыя ў рамкі работы і нераспакаваныя навінкі, свае дзіцячыя вышыванкі. Акуратна разгарнула так званыя дарожкі, што калісьці ўпрыгожвалі бацькоўскую хату ў вёсцы Убалацце. Божухна, як даўно гэта было! Крытычным позіркам прабегла па вышытых паўстагоддзя таму кветачках і лісціках. Усміхнулася, ласкава па-гладзіла рукой і, прыкрыўшы на хвілінку-другую вейкі, пагрузілася ў прыемныя і вельмі дарагія яе сэрцу ўспаміны. У думках «злётала» туды, дзе ў маленстве бегала басанож па цёплых лужынах, дзе ў зялёных лясах збірала грыбы і духмяныя ягады, дзе наталяла душу прыгожымі краявідамі і любавалася сонцам, што вялізным шарам выкочвалася з-за лесу і рассыпалася сотнямі промняў па роснай руні на шырокім, як акінуць вокам, полі.
Слухаю яе і разумею, што гэта мілавідная, элегантнага ўзросту жанчына, з тонкім густам і ўмелымі рукамі па-ранейшаму застаецца рамантычнай і творчай натурай, якая ў звычайных рэчах знаходзіць прыгажосць і натхненне для творчасці, сэнс існавання на зямлі.
А я лаўлю сябе на думцы, што кожны крыжык на яе карцінах мае нейкую магічную сілу, прыцягвае ўвагу, застаўляе думаць і аналізаваць. Карціны гарманічна ўпісваюцца ў інтэр’ер яе невялічкай кватэры. Адчуваецца, што кожная з іх зроблена з любоўю. І Марыя Васільеўна пацвярджае, што толькі ў добрым настроі садзіцца за вышыванне. Што з асаблівай любоўю вышывае падарункі сваім дзецям. Ёй прыемна, што ў сям’і дачкі ікона Казанскай Божай Маці знайшла сваё пачэснае месца. Яе пакойчык упрыгожваюць абраз Матронушкі Маскоўскай і на залітай вераснёўскім сонейкам сцяне фотакалаж вялікай і дружнай сям’і.
Асаблівы гонар – унукі: Антон, Соф’я, Ліза, Наташа, Лена, Саша, Георгій, Іван, Насця, Цімафей. На планшэце таксама шмат фатаграфій. Бабулі сапраўды ёсць чым ганарыцца. Флейтыстка Соф’я, напрыклад, лаўрэат некалькіх конкурсаў, у тым ліку і міжнародных, стыпендыят Прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы адораных дзяцей і моладзі. Бабуля з задавальненнем час ад часу на сваім планшэце ўключае відэазапіс канцэрта, дзе ліцэістка Наталля на скрыпцы выконвае музычны твор у суправаджэнні сімфанічнага аркестра. У сям’і старэйшага сына ўсе шасцёра дзяцей таленавітыя, іх маці Ірына мае музычную адукацыю і шмат увагі ўдзяляе развіццю дзяцей. Цёпла распавядае пра выпуск-ніка вуза Антона і жадае поспехаў у новым навучальным годзе школьнікам. Амаль усё лета ўнукі гасцілі ў яе, а цяпер, калі дзеці раз’ехаліся і кожны заняты сваёй справай, Марыя Васільеўна садзіцца на веласіпед і хоць на некалькі гадзін едзе ў лес. Тут яна адпачывае душой, любуецца прыродай, збірае грыбы. Як і большасць гаспадыняў, гатуе далікатэсы, з задавальненнем раскладае па слоіках вырашчаныя на прысядзібным участку агуркі, памідоры. Вось і ў дзень нашай су-стрэчы гатавала на запас салянку з грыбамі.
Кожны чалавек — гэта цэлы сусвет. Мая новая знаёмая Марыя Васільеўна — не выключэнне. Дбайная гаспадыня, чулая і ўважлівая маці траіх дарослых дзяцей, шчодрая і ўраўнаважаная бабуля 10 унукаў. Яна вельмі ўдзячная лёсу за тое, што мае. Яе сыны Сяргей і Аляксандр, дачка Святлана выраслі дастойнымі людзьмі, маюць моцныя сем’і. За што паклон зямны пасылае нявесткам Ірыне і Юліі, зяцю Дзмітрыю.
З наступленнем восені і зімой Марыя Васільеўна зноў сядзе за пяльцы. Крыжык за крыжыкам будуць лажыцца на канву ўзоры, і ў кожны крыжык яна будзе ўкладваць душу, каб хатнія і дзікія жывёлы на яе карцінах ажывалі, а раскошныя букеты кветак радавалі позірк буйствам фарбаў, напаўнялі памяшканне ледзь улоўным водарам свежасці і непераўзыдзенай гармоніяй прыгажосці. Вышыванне майстрыху заспакойвае і лечыць душу, дае магчымасць у сваіх думках і мроях адпраўляцца ў мудрагелістыя падарожжы, у цудоўны свет мастацтва.
Ад аўтара.
Вялікай калекцыі ўласных работ майстра вышыўкі Марыі Васільеўны Шлімаковай цесна ў двухпакаёвай кватэры. Яе работы заслугоўваюць увагі гледачоў. Вельмі спадзяюся, што ўстановы культуры і адукацыі раёна праявяць зацікаўленасць і арганізуюць выставы работ і майстар-клас сапраўднага майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якой падуладна перадаць тонкімі ніткамі ажурны марозны ўзор, сыходжанне залатога праменьчыка на пялёсткі ружы, узмах лёгкіх крылаў матылька, які лётае над летнім садам, нават шолах лісця на дрэвах…
Аліна СУДНІК.