ЯНЫ ГАНАРАЦЦА ВЫСОКІМ ЗВАННЕМ – ЭНЕРГЕТЫК

Адна  з  галоўных   задач,  якую  забяспечваюць  энергетыкі  раёна, – бесперабойная  праца  на  ўсіх  аб’ектах  народна-гаспадарчага  і  жыллёва-сацыяльнага  комплексаў.  Наша  жыццё  немагчыма  без  цяпла  і  святла,  без  электрабытавых  і  шматлікіх  вытворчых  агрэгатаў  і   прыбораў,  якія  ствараюць  камфорт  на  рабочых  месцах  і  ўтульнасць  у  хатах  і  кватэрах.
Адказнасць  і  надзейнасць,  умелыя  рукі  і  светлая  галава  – акурат  тыя  якасці,  якія  ў  пераважнай  большасці  ўласцівыя  людзям,  што  звязалі  сваё  жыццё  з  прафесіяй  энергетыка.

Гэта  прафесія  ўзнікла  ў  пачатку  19-га  стагоддзя,  калі  было  зроблена  найвялікшае  адкрыццё  сучаснасці — элекртычнасць.  Спецыяльнасць  складаная  і  патрабуе  дасканалых  ведаў  у  галіне  фізікі,  умення  разбірацца  ў  схемах  і  механізмах.  Прафесія  энергетык  у  наш  час  стала  не  толькі  важнай  і  прэстыжнай,  але  і  надзвычай  працаёмкай  і  адказнай.

…На  вуліцы  зіма,  сонца  яшчэ  не  выкацілася  з-за  гарызонта,  таму  сотнямі  лямпачак  свецяцца  вокны  нашых  школ  і  дашкольных  устаноў.  Каб  бесперабойна  працавалі  асвятляльныя  прыборы,  электрапліты  і  болеры,  мноства   іншых  неабходных  у  адукацыйным  працэсе  электрапрыбораў,  старанна  працуе  энергетычная  служба  аддзела  адукацыі,  спорта  і  турызму  райвыканкама  ў  асобе  Руслана  Мікалаевіча  ПІРОЖНІКАВА,  інжынера  энергетыка,  і  Уладзіміра  Уладзіміравіча  СОЛТАНА,  электраманцёра.

–У  нас  круглы  год  шмат  работы,  мы  абслугоўваем  усе  ўстановы  адукацыі, — дзеліцца  Руслан  Мікалаевіч.  — Большая  частка  нашай  працы  накіравана  на  прафілактыку  і  недапушчэнне  фактаў  аварыйных  няспраўнасцей.  Гэтым  летам  у  СШ  №2 г.  Клічава  мы  памянялі  электраправодку,  выключальнікі  і  разеткі,  замянілі  ўсе  лямпачкі  і  свяцільнікі,  каля  300  штук,  на  энергазберагальныя,  дабавілася  тут  і  вулічнага  асвятлення.  Яшчэ  не  падлічваў,  але  думаю,  што  эканомія  электраэнергіі  будзе  істотнай.

 

Мы  ўсе  зараз  жывем  у  царстве  электрычнасці.  Нельга  ўявіць  сучасную  вытворчасць  без  “разумных”  станкоў  і  агрэгатаў.   У  лесапункце  ДЛГУ     “ Клічаўскі  лясгас ”  усе  працэсы  па  апрацоўцы,  распілоўцы,  зрошчванні,  ацыліндроўцы,  тарцаванні,  заточцы  драўніны — механізаваныя.  З  дня  ў  дзень  на  працягу  12  гадзін  працуе  вялікая  колькасць  станкоў.  Каб  усе  яны  не  прастойвалі  і  працавалі, як  гадзіннік,  адказваюць  усяго  4  чалавекі.  Каро  Рыгоравіч  КАРАХАНЯН,  галоўны  інжынер – энергетык,  і  электраманцёры  Уладзімір  Уладзіміравіч  ВАРАБЕЦ,  Алег  Васільевіч  ІВІНСКІ  і  Андрэй  Леанідавіч  ШЫЛЁНАК.  Акрамя  лесапункта  майстры  на  ўсе  рукі  абслугоўваюць  лясніцтвы  і  склад  Вонічы. 

Сфера  іх  дзейнасці  вельмі  вялікая  і  адказная,  а  перадавыя  тэхналогіі  і  станкі,  што  пастаянна  ўкараняюцца  ў  вытворчасць,  патрабуюць  ад  абслугоўваючага  персаналу  пастаяннага  ўдасканалення  ведаў  і  прафесіяналізму.    

Аліна  СУДНІК.

Добавить комментарий