ЧАРГОВАЯ ПЕРАМОГА КЛІЧАЎЛЯНКІ МІЛАНЫ КРАСЬКО!

размещено в: Наши новости | 0

Мары  сапраўды  збываюцца  пад  Новы  год!  У  гэтым   упэўнена і  10-  гадовая  Мілана  КРАСЬКО. Дзяўчынка  з  пяцігадовага  ўзросту  займаецца  сольнымі   спевамі  ў  Наталлі  Васільеўны  Коктыш, настаўніка  УА  “Дзіцячая школа  мастацтваў  г. Клічава”.  І  ўжо  з  сямі  гадоў  яна  выступае  на  розных  фестывалях  і  конкурсах (амаль  усе расходы – за  кошт  сям’і).  У  прыватнасці,  у   2015 годзе  на  сваім  першым  конкурсе   “Под  крыльями  Ориона” (г. Мінск) яна  заваявала   Гран-пры. Затым  было  1-е  месца  ва  Украіне,  2-е – у Македоніі.  У Фінляндыі  Мілана  стала  ўладальніцай  Гран-пры  конкурсу.  У чэрвені 2017 года  ў  Італіі   яна стала  двойчы  дыпламантам,  заняла  2-е  і  3-е месцы  ў  розных  намінацыях.

І  вось літаральна ў  снежні  збылося  яшчэ  адно   жаданне  дзяўчынкі  – выступіць  на  сцэне  прэстыжнага  Міжнароднага  фестывалю  вакала  і  музыкі  для  моладзі RIGA  SYMPHONY (Рыга  Сімфані,  Латвія).  Да  дому  ў  Клічаў  Мілана   Красько зноў  вярнулася  з  перамогай!  Яна  стала  Дыпламантам 1-й  ступені,  узнагароджана  залатым  медалём  фестывалю    і  імянным  кубкам.  

–Больш   за  ўсё  на  свеце  люблю  спяваць, – расказвае  Мілана. –  Вельмі  рада,  што ў  мяне зноў  усё  атрымалася. Яркіх  уражанняў  шмат,  яны  застануцца  са  мной  надоўга.   

На  гэтым  фестывалі  Мілана выступала  ў намінацыі  “Поп-музыка – сусветны  хіт”.  На  суд журы,  а  гэта  прафесійныя  і  высокакваліфікаваныя  спецыялісты  ў  вобласці  дзіцячай  і  маладзёжнай  творчасці  з  розных краін,  арганізатары  і  прадюсары  фестываляў  і  конкурсаў,  яна  прадставіла  вядомую песню  “It’s Oh So Quiet”  на  англійскай  мове.

Сапернікамі нашай  юнай  зямлячкі  ў  гэтай  намінацыі  былі  больш  за  50  юных  выканаўцаў  з  розных  краін  свету.  Але  маленькая  дзяўчынка  з  невядомага  беларускага  гарадка   Клічаў  зноў  стала  першай  сярод  лепшых!

Запомнілася  Рыга  Сімфані  не  толькі конкурсным  выступленнем  і  ўрачыстасцямі  ўзнагароджавання.  Мілана  і  яе  маці,  Аліна Генадзьеўна   Краўчанка,   прадстаўнік і  прадюсар  дачкі,    у  складзе  невялічкай  дэлегацыі  прадстаўлялі  Беларусь.  Рыхтавалі  прывітанне,  дэманстравалі  культуру,  нацыянальную  кухню.  Іх  праграма  атрымала  высокую  ацэнку  журы  і  ўдзельнікаў,   гасцей   форуму,  у  тым  ліку  і  песня  “Полька  беларуская”  ў  выкананні  Міланы. 

Арганізатары  фестывалю Рыга  Сімфані пастараліся  падарыць  дзецям  сапраўды  яркае  і  велічнае  свята.  Яго ўдзельнікі,  як  сапраўдныя  зоркі  шоу-бізнесу,  крочылі  са  сцягамі  сваёй краіны  па  чырвонай  дарожцы,  кружыліся  ў  велічным  вальсе  ў  час  белага  балю,  наведалі  Стары  горад    Рыгі,  ужо  святочна  прыбраны да  Ражства  Хрыстова.

Віншуем  Мілану  Красько  і  яе  сям’ю,  педагога  з  новай  узятай  вышынёй!  Поспеху,  творчага  росту,  натхнення!

Ніна  МІКАЛАЕВА. 

Фота  з  сямейнага  альбома  Красько.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)