Беларускія сувеніры, з клічаўскай сімволікай? Калі ласка!

Кожны падарожнік, адкрываючы для сябе нават невялічкі гарадок, хоча набыць на памяць нейкі сувенір, прычым з мясцовым каларытам. Перавага аддаецца звычайна не шырпатрэбу, а сувенірам, зробленым рукамі мясцовых самабытных майстроў. Бо цяжка пераацаніць сілу цеплыні, што лучыцца ад ручной работы. 

Ангелина Пабока

Таленты ж такія жывуць ледзь не ў кожным куточку Клічаўшчыны. Імі ніша на арт-рынку ўжо даўно заваявана. Толькі многія прадстаўнікі гэтай творчай праслойкі ламаюць галаву: каму і дзе прадаць тавар? Прычына становішча, у якім апынуліся рамеснікі, відавочная: вырабы ручной работы, як ні мяркуй, не могуць каштаваць капейкі, а пакупніцкая здольнасць патэнцыяльных пакупнікоў не такая высокая. Нават хэнд-мэйд (вырабы рукадзелля) каштуе нямала.
А у нас, клічаўлян і гасцей горада, ёсць сустрэчнае пытанне: дзе набыць на падарунак штосьці адметнае, з мясцовым каларытам?
Каб высветліць гэта, днямі наведалася ў раённы Дом рамёстваў ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна», які ўжо крыху больш за год размяшчаецца ў адрэстаўрыраваным будынку колішняй райпаліклінікі (займае тут частку памяшканняў першага паверху) па вуліцы Ленінскай. РДР – гэта тэрыторыя творцаў. У ім працуюць метадысты-майстры (прафесійныя майстры народнай творчасці), у кожнага – свая спецыялізацыя. Іх вырабы ручной работы – сапраўдныя творы мастацтва. І, як высветлілася, набыць іх проста – варта завітаць у суве-нірную лаўку, што адкрыта пры РДР. Падарункі, сувеніры – на любы густ, у тым ліку з беларускай і з мясцовай, клічаў-скай, сімволікай. Шырокі асартымент плеценых вырабаў з лазы: разнастайных карзін, ваз, кашпо пад кветкі, цукерачніц, падставак пад гарачае (работы метадыста-майстра па лозапляценні Галіны Мікалаеўны Паражынскай).

Сувеніры-магніты(аплікацыя саломкай)

Золатам палёў дыхаюць работы Наталлі Леанідаўны Лапацінай, «канёк» якой – саломапляценне. Яна вырабляе як дробную сувенірную прадукцыю (магніты, абярэгі, сувенірныя лялькі, падвескі), так і дэкаратыўныя кампазіцыі – плеценыя аб’ёмныя кветкі, дэкаратыўныя падвясныя канструкцыі, так званыя «павукі» (абярэгі для дома і сям’і), аб’ёмныя пано, аплікацыі. Робіць яна і цудоўныя вырабы ў тэхніцы інкрустацыі саломкай. 
Не менш адметныя работы маладых спецыялістаў РДР. Ангеліна Яўгенаўна Пабока па адукакацыі настаўнік-мастак. Яна валодае сакрэтамі ткацтва габеленаў, мастацкага роспісу па дрэве і па тканіне (батык). Яе вырабы, у тым ліку распісныя яркія апрацоўчыя дошчачкі, лыжкі, матрошкі, могуць стаць і выдатным падарункам, упрыгожваннем інтэр’ера, кухоннымі прыладамі. 
Арцём Аляксандравіч Пушкін – майстар па мастацкім вырабе з керамікі. У яго чулых, умелых руках з гліны нараджаюцца сувеніры: статуэткі, падвескі, вазы, магніты, званочкі і іншае. Дарэчы, адзін з такіх маленькіх званочкаў я ўзяла ў рукі – ён адазваўся на дзіва яркім, чыстым голасам! А ўпрыгожвае, распісвае гэтую кераміку зноў жа Ангеліна.
Таццяна Генадзьеўна Жоглік у РДР працуе ўжо чацвёрты год, а апошнія два гады – дырэктар гэтай установы. Яна – універсальны майстар, ёй пад-уладныя роспіс па дрэве, інкрустацыя і аплікацыя саломай, жывапіс і г. д.
Вялікую папулярнасць маюць яе карціны, якія выконвае ва ўласнай тэхніцы, з адначасовым прымяненнем розных матэрыялаў, у тым ліку з натуральнай скуры, паперы, манет і г.д. Напрыклад, яе «Грашовае дрэва» можна назваць брэндам Клічава. Дарэчы, на стварэнне адной такой карціны зрасходуецца да 500 дробных манет, прымяняецца багатая палітра адценняў фарбаў золата, срэбра і бронзы. «Сарафаннае радыё» гаворыць, быццам яны прыцягваюць грошы. Набываюць такія карціны – а гэта сапраўдныя творы мастацтва – усе, хто жадае пасябраваць з Фартунай.
Таццяна Генадзьеўна расказвае: 
– Наша прадукцыя ўжо вядомая як у Беларусі, так і ў многіх краінах свету. Мы паспяхова ўдзельнічаем у выстаўках, выставах-продажах, кірмашах розных узроўняў. Да ўсіх святаў календара, значных падзей, дат ладзім выставы. Бліжэйшая будзе да Дня святога Валянціна.
У нас заўсёды ў наяўнасці сувенірная прадукцыя на любы густ і кішэню. Працуем як па заказах юрыдычных асоб, так і індывідуальных ад насельніцтва.

Заключаем доўгатэрміновыя дагаворы з прадпры-емствамі, арганізацыямі на выраб і па-стаўку сувеніраў, тых жа вымпелаў, гербаў, карцін і г.д. Напрыклад, днямі заключылі такі дагавор з ААТ «Бел- аграпрамбанк».
Людзі ідуць да нас. Яны купляюць карціны на наваселлі, да юбілею, сувеніры на падарунак гасцям, радні за мяжу як напамін аб Клічаўшчыне. Назіраецца попыт і да пэўных святаў. Напрыклад, перад Вялікднём жанчыны купляюць у нас мноства карзін, плеценых з лазы.
Дапамагаем мы з рэалізацыяй вырабаў і рамеснікам раёна, прычым іх асартымент вялізны – ад вышыўкі (клічаўская традыцыйная вышыўка – на белым фоне чырвона-чорная), бісера-пляцення, вязання, вырабу цацак да вырабаў з дрэва. Штосьці выстаўлена на продаж у нашай сувенірнай лаўцы, штосьці возім і прадаём па зараней азначаным кошце на абласных, рэспубліканскіх выстаўках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дарэчы, у РДР паступае толькі 10% сродкаў ад цаны, астатняе – майстру.
Мы заўсёды рады нашым наведвальнікам, рады прапанаваць сувеніры на любы густ, да любой падзеі, свята. Прыемна дарыць людзям радасць, праслаўляць клічаўскі край. Бо ары-гінальны сувенір ручной работы з роднай зямлі – гэта цёплая, жывая яе часцінка.

Ніна ІЗОХ. 
Фота аўтара.