КАРОТКІМ РАДКОМ
ШКОЛЬНАЯ ПАРА
Пралятаюць гарачыя жнівеньскія дзянькі, і літаральна праз тыдзень залівісты школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак за парты. У новым навучальным годзе ўпершыню за парты сядуць 170 першакласнікаў, да таго ж, у школах раёна 10 выпускных класаў. 105 выпускнікоў будуць крочыць да сваёй мэты і ўпарта рыхтавацца да выпускных экзаменаў.
Дарэчы, 12 выпускнікоў гэтага года з нашага раёна на цэнтралізаваным тэсціраванні набралі ад 86 да 100 балаў.
НАВІНКІ Ў АДУКАЦЫІ
Новы школьны прадмет “Мастацтва” (“Сусветная мастацкая культура”) пачнуць вывучаць вучні 5-х класаў.
У шэрагу школ пачнуць функцыянаваць профільныя класы. З паглыбленым вывучэннем рускай і англійскай мовы, гісторыі і грамадазнаўства, матэматыкі і фізікі вызначыліся педагагічныя калектывы абедзвюх гарадскіх і Максімавіцкай сярэдніх школ.
МАЛАДАЯ ЗМЕНА
Сёлета педагагічная суполка раёна папоўніцца больш як 10 маладымі спецыялістамі, у ліку якіх псіхолаг, гісторык, хімік, а яшчэ настаўнікі матэматыкі, фізікі, музыкі і мастацтва, фізічнай культуры і здароўя, беларускай і рускай мовы і літаратуры.
ІДЭАЛОГІЯ
* Аб ролі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прафесіянальных саюзаў у арганізацыі інфармацыйна-тлумачальнай работы ў перыяд важных палітычных кампаній ішла размова на чарговым семінары ідэалагічнага актыву раёна. Перад прысутнымі выступілі: Г. П. Данілкіна, намеснік старшыні райвыканкама, С. П. Грашылаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, Т. В. Белабародая, старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, Ю. І. Комар, сакратар райкама ГА БРСМ.
* Тэмы чарговага дня інфармавання насельніцтва — “Сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае развіццё Рэспублікі Беларусь”, “Папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму”, “Харчовая бяспека краіны”. Акрамя ідэалагічнага актыву раёна, у працоўных калектывах адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі абласной ідэалагічнай вертыкалі. С. А. Жыгуноў, начальнік Магілёўскага абласнога дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, у райвыканкаме правёў прыём грамадзян, а потым сустрэўся з калектывам УКП “Жылкамгас”; Д. В. Казлоў, намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама, наведаў вытворчую базу камунгаса і пагутарыў з рабочымі; В. І. Васілеўскі, генеральны дырэктар ААТ “Магілёўаўтатранс”, пацікавіўся станам спраў і сустрэўся з калектывам участка “Клічаў” Бабруйскага філіяла аўтакалоны № 2 ААТ ”Магілёўаўтатранс”.
* Старшыня раённага выканаўчага камітэта Ф. В. Вашчыла на мінулым тыдні наведаў працоўныя калектывы ААТ “КлічаўРАПТЗ”, КСВК “Калгас “Радзіма”, педагагічны калектыў Максімавіцкай сярэдняй школы. Францішак Вітольдавіч паабяцаў дапамагчы ў набыцці матэрыялаў для рамонту даху школы і пацікавіўся комплексам работ на будаўніцтве другой чаргі жывёлагадоўчай фермы.
ДАЖЫНКІ — 2015
Абласныя дажынкі сёлета пройдуць у Круглянскім раёне, а раённыя прыме аграгарадок Нясята. Арганізатары мерапрыемства прапануюць жыхарам раёна пачаць падрыхтоўку і прыняць актыўны ўдзел у конкурсах “Сельскі падворак”, “Самы прыгожы і смачны каравай”, “Кароль сярод гародніны”, “Іграй, гармонь! Звіні, частушка!”, “Уладар сяла”.
“ І ЗНОЎ СПЯВАЕ МОЛАДЗЬ”
Музычны маладзёжны фестываль пад такой назвай адбудзецца напрыканцы тыдня на галоўнай плошчы горада. На вызначанай тэрыторыі сустрэч адны маюць унікальную магчымасць прадэманстраваць свае таленты, а другія — атрымаць асалоду ад маладзёжнага песеннага мастацтва.
Аліна СУДНІК.