НА ЭКСКУРСІЮ – НА КЛІЧАЎШЧЫНУ
Турызму, як важнаму сектару эканомікі, у нашай краіне нададзены статус аднаго з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. Сёння каб стаць прыцягальным рэгіёнам, трэба праявіць актыўнасць: знайсці сваю ўнікальнасць, аб’яднаць намаганні, забяспечыць умовы і годны сервіс, праявіць ініцыятыву і адказнасць.
Адзін з кірункаў турыстычнай дзейнасці ў нашым раёне – ваенна- гістарычны. Клічаўшчына – край партызанскай славы і нам ёсць чым прыцягнуць турыстаў, ёсць што паказаць і аб чым расказаць.
Напачатку 2015 года аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі заключаны дагаворы з “Магілёўаблтурыст” на абслугоўванне турыстычных груп. Згодна з імі, днямі, 26 і 27 мая, да нас прыедуць першыя групы экскурсантаў. Чым іх уразім, зацікавім? Раённы краязнаўчы музей прапануе змястоўную экскурсію па музеі і мемарыяльным комплексе “Усакіна”. А далей вандроўнікі нібы на машыне часу перанясуцца ў перыяд Вя-лікай Айчыннай вайны. Як расказала рэжысёр раённага Дома культуры Тамара Астроўская, творчы калектыў работнікаў культуры падрыхтаваў рэканструкцыю ваенных падзей “Каля партызанскага вогнішча” (на здымку). У праграме – конкурс мастацкай самадзейнасці камсамольцаў і партызан, які на самой справе праводзіўся тады сярод партызанскіх атрадаў. Сцэнарый падрыхтаваны па дакументах раённага музея, таму і песні, і вершы – ваеннай пары. Аўтары многіх з іх – партызаны, якія змагаліся на клічаўскай зямлі. Пабачаць госці з Магілёва, а гэта каля 100 дзяцей, рэканструкцыю падзей “Прарыў блакады”. А на заканчэнні праграмы іх чакае пачастунак гарачай партызанскай кашай, прыгатаванай на вогнішчы.
Як адзначае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Пятроўна Ярошка, арганізацыя такой экскурсійнай дзейнасці надзвычай важная. Не толькі для развіцця турызму ў рэгіёне. Значная частка экскурсантаў – дзеці. Мы павінны выхоўваць патрыётаў, людзей, якія любяць свой край, народ, ведаюць гісторыю. Для падрастаючага пакалення, ды і для дарослых таксама, проста неабходна пабыць на месцах баёў Вялікай Айчыннай, нібы акунуцца ў той цяжкі і гераічны час, ведаць праўду аб вайне і ролі нашага народа ў перамозе над фашызмам.
Ніна ІЗОХ.