КІНО – МАСТАЦТВА МІЛЬЁНАЎ
Заўтра, 17 снежня ,– 90-годдзе нараджэння беларускага кіно. Гэта свята ўсіх яго гарачых прыхільнікаў, а больш – прафесійнае свята ўсіх, чыё жыццё і праца звязаны з кінематографам і кінамастацтвам.
Сёння ў рэдакцыйнай гасцёўні – намеснік дырэктара ЦКС па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Валянцін Анатольевіч КАВАЛЁЎ.
– Валянцін Анатольевіч, у біяграфіі беларускага кінематогра-фа – і біяграфія ад-дзела па кінавідэаабслугоўванні, які Вы ўзначальваеце 2 гады. 90 гадоў – дата ўнушальная. Самы час азірнуцца на пройдзены шлях. У ім, мусіць, зной-дзецца шмат малавядомага і цікавага?
– Паспрабую расказаць аб развіцці кіно ў раёне праз прызму лёсаў і дасягненняў людзей, якія працавалі тут. Вядома, што адразу пасля вайны адным з першых кінамеханікаў у Клічаве быў Павел Савельевіч Ізох, які пасля працаваў манцёрам сувязі. Ганарымся мы і нашымі ветэранамі працы. Лідзія Аляксееўна Кушнер, кінамеханік Запольскай кінаўстаноўкі, у
80-я гады ўзнагароджана ордэнам Працоўнай славы ІІІ ступені. Ніна Фёдараўна Казлоўская ў свой час скончыла вучылішча кінемата-графіі. Працавала кінамеханікам Бацэвіцкага клуба. У 1957 годзе ўзнагароджана медалём “За доблесную працу”. У 1961 яна была прызнана лепшым кінамеханікам Беларусі. Ніне Фёдараўне было пры-своена ганаровае званне “Выдатнік кінематаграфіі СССР” з уручэннем нагруднага знака. Імя Н. Ф. Казлоўскай занесена ў Кнігу Гонару Міністэрства культуры БССР.
У 50-я гады не было электрычнасці, таму, каб паказаць кіно ў якой-небудзь аддаленай вёсцы, калгасы выдзялялі каня, на падводу згружаліся каробкі з кіналентамі – і ў шлях! Кінамеханік працаваў не адзін, а з напарнікам. Матарыст заводзіў уручную рухавічок генератара для кінаўстаноўкі, а кінамеханік дэманстраваў кіно. А пасля сеанса яны ж ладзілі для гледачоў і проста насельніцтва танцы пад прайгравальнік з грам-пласцінкамі.
Цікавыя факты: да 1969 года кінастужкі з Бабруйскага аддзялення кінапракату да нас паступалі багажом на чыгуначную станцыю Нясята. Пасля ўжо кіно мы атрымлівалі з Бабруйска аўтатранспартам і развозілі па крузе на ўсе кінаўстаноўкі. І яшчэ. У першай палове 60-х не ва ўсіх вяскоўцаў былі наяўныя грошы. Таму выкарыстоўваўся і натуральны абмен. У прыватнасці, 5 капеек каштаваў білет на дзіцячы сеанс, і столькі ж – адно курынае яйка, якое падлягала тады дзяржнарыхтоўцы. Таму нярэдка дзеці ўзамен на такую дамашнюю прадукцыю атрымлівалі ўваходныя білеты на кіно…
З 1954 года па 1956 год на адной з кінаперасовак працаваў Уладзімір Васільевіч Загароўскі. А далей ён ужо абслугоўваў стацыянарную кінаўстаноўку РДК аж да 1997 года. Доўгі час кінамеханікам яшчэ адной гарадской кінаўстаноўкі, якая працавала і на базе мясцовага тэхнікума, была яго жонка Таццяна Пятроўна Загароўская.
У пачатку 70-х гадоў у сельскай мясцовасці дзейнічала 13 стацыянарных кінаўстановак і 6 перасоўных. Кожная кінаўстаноўка абслугоўвала пэўныя населеныя пункты. Напрыклад, на маршруце № 9-9 з 1968 года працаваў кінамеханік Аляксандр Макаравіч Шамаль, які абслугоўваў Стаялава, Смалярню, Плоскае, Іванаўку, Канстантоў.
Шмат гадоў у нашым прадпрыемстве адпрацаваў Аляксандр Уладзіміравіч Дубінін, які ад кінамеханіка “вырас” да майстра, тэхнарука, інжынера, дырэктара.
У розныя часы кіраўнікамі кінапрадпрыемства былі Аляксандр Рыгоравіч Панцялееў, Генадзь Паўлавіч Кацуба, Мікалай Андрэевіч Пехцераў, Таццяна Міхайлаўна Талпыга.
Неаднаразова змяняліся юрыдычныя назвы нашага прадпрыемства, але нязменным застаецца адно: мы нясём людзям святло кінамастацтва, мастацтва, якое адыгрывае надзвычай важную выхаваўчую ролю.
– А які дзень сённяшні аддзела па кінавідэаабслугоўванні?
– Задачы нашы не змяніліся. Цяпер мы больш працуем з арганізаваным гледачом. Самі ідзём у школы, дзіцячыя лагеры адпачынку, у працоўныя калектывы, ладзім там кінасеансы, кіналекторыі, праводзім прэм’ерныя паказы, прымаем удзел літаральна ва ўсіх рэспубліканскіх і абласных кінаакцыях. Стараемся ісці ў нагу з часам, выкарыстоўваем новыя тэхналогіі і навейшы рэпертуар з лепшых айчынных і замежных фільмаў. Толькі за 11 месяцаў гэтага года план платных па-слуг склаў каля 25 мільёнаў рублёў. За гэты час нашымі гледачамі былі 24 тысячы дзяцей і 9000 дарослых.
Сёння ў нашым калектыве працуе 19 чалавек, з іх 6 – сумяшчальнікі. У структуру ўваходзяць стацыянарныя кінаўстаноўкі ў аграгарадку Арэхаўка, дзе кінамеханікам Таццяна Вячаславаўна Нікановіч, і ў раённым Доме культуры (кінамеханік Аляксандр Якаўлевіч Байрашэўскі). Працуюць у нас у сельскай мясцовасці і шасцёра відэадэманстратараў.
У любым пытанні мы можам разлічваць на метадыста аддзела Людмілу Яўгенаўну Ясюкевіч, спецыяліста з 10-гадовым вопытам работы. Яна вядзе планаванне і справаздачнасць, арганізуе ўсе тэматычныя мерапрыемствы, паказы кіно, складае рэпертуарныя планы і г.д. Гэта чалавек, які хварэе за справу душой.
Шырока прымяняем выязное кінаабслугоўванне, якім ахопліваем многія населеныя пункты, у тым ліку ўсе аграгарадкі. Тут вялікі ўклад інжынера Валерыя Мікалаевіча Халайдова, кінамеханіка А. Я. Байрашэўскага, метадыста Л. Я. Ясюкевіч.
У нас наладжаны самыя моцныя дзелавыя сувязі з кіраўнікамі, прафсаюзнымі камітэтамі, галоўнымі спецыялістамі многіх працоўных калектываў раёна. Хацелася б выказаць ім падзяку за ўзаемаразуменне і супрацоўніцтва.
Віншую з прафесійным святам, 90-годдзем беларускага кінематографа калектыў аддзела, нашых шаноўных ветэранаў, усіх аматараў і сяброў беларускага кіно. Поспехаў, шчасця, дабрабыту вам і вашым сем’ям!
– Дзякуй за гутарку, Валянцін Анатольевіч! Віншуем Вас таксама з прафесійным святам, з юбілейным Днём нараджэння беларускага кіно!
ПРЫЗВАННЕ ПРАЦЯГАМ У ЖЫЦЦЁ
“Партыя сказала: “Трэба!”, камсамол адказаў: “Ёсць!”… Усё тады супала ў лёсе маладога камуніста Мікалая Пехцерава: і нечаканае назначэнне яго на пасаду дырэктара Клічаўскага галаўнога кінатэатра, і яго жыццёвае крэда – рабіць усё грунтоўна, з “агеньчыкам”, з задзелам на будучае. Такога прынцыпу ў сваёй рабоце ён прытрымліваўся і амаль 30 гадоў, на працягу якіх узначальваў кінапрадпрыемства раёна. З года ў год расла тады цікавасць гледачоў да кінемато-графа, развівалася і раённая кінасетка.
У самы росквіт, у 80-я гады, у раёне дзейнічала ўжо 35 кінаўстановак, у тым ліку дзве гарадскія ў Клічаве і на лесапункце, перасоўныя, стацыянарныя, а яшчэ ў Ганчанскай, Пярэкальскай, Дзмітраўскай, Максімавіцкай, Востраўскай і іншых школах. Двойчы на тыдзень з Бабруйскага кінапракату на кінаўстаноўкі раёна завозілі новыя мастацкія, дакументальныя кінастужкі, мультфільмы для дзяцей. Адзін добры фільм “хадзіў” па раёне да двух с паловай месяцаў, таму што гледачы на яго былі паўсюдна. Людзі любілі выходзіць “у свет”, любілі мець зносіны. Работнікі раённай кінасеткі паставілі справу так, што ў пачатку 80-х загадам Дзяржкіно за “дасягненне найлепшых рэзультатаў” былі прызнаны лепшымі ў рэспубліцы, нароўні з бабруйскім кінатэатрам “Таварыш” і старадарожскімі кінасеткамі.
Сёння Мікалай Андрэевіч з цеплынёй і ўдзячнасцю згадвае тых, з кім давялося працаваць, тых, хто прысвяціў усё сваё жыццё служэнню кіно – мастацтву мільёнаў. Практычна паўсюдна па раёне працавалі ў кіно сем,ямі, у якіх былі кінамеханікі, памочнікі кінамеханікаў, касіры. Сярод іх – ветэраны працы – сямейныя дынастыі кінамеханікаў: муж і жонка Анатоль Уладзіміравіч і Ала Кандратаўна Кніга з вёскі Стаялава, Раіса Пятроўна і Віктар Рыгоравіч Кавалёнак з вёскі Нясята, клічаўляне Уладзімір Васільевіч і Таццяна Пятроўна Загароўскія, кінамеханік Сяргей Іванавіч Заяц з вёскі Суша, Віктар Антонавіч Макіёнак з Гончы, Тамара Сямёнаўна Ягела з Усох, бухгалтары Тамара Ніканораўна Лызо, Надзея Сілаўна Баразна і многія іншыя. Кожны з іх за добрасумленную працу неаднаразова заахвочваўся маральна і матэрыяльна.
Добры стос Ганаровых грамат ад райвыканкама, упраўлення кінафікацыі аблвыканкама і абкама прафсаюза работнікаў культуры, упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага абкама КПБ і абласнога Савета народных дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, якімі ў розныя часы ўзнагароджваўся Мікалай Андрэевіч Пехцераў, беражліва захоўваецца ў яго сям’і. Ёсць падстава ў яго ганарыцца сваімі працоўнымі здабыткамі… Ужо праз год з пачатку сваёй дзейнасці ў галіне М. А. Пехцераў быў узнагароджаны ўсесаюзным нагрудным знакам “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў 1977 года”. Такога ж нагруднага знака ён удастоены і ў 1980-м. А яшчэ ён з’яўляўся членам савета аддзела культуры, членам савета Магілёўскага абласнога вытворчага аб’яднання “Кінавідэапракат”, членам савета “Белкінавідэапракат”. У 1991 го-дзе прадстаўляў Магілёўшчыну на ІІ з’ездзе Асацыяцыі работнікаў кінавідэапракату, у якім прымалі ўдзел больш за 5 тысяч дэлегатаў з усяго СССР.
Час бяжыць шпарка. Вось ужо 90 гадоў спаўняецца беларускаму кінематографу. У яго гісторыі – і сціплы ўклад клічаўскіх работнікаў кіно, былых і сучасных. Са святам вас, шаноўныя!
РАБОТА ПА-ЗА КАДРАМ
Кіно – самае масавае з мастацтваў. І ўменне працаваць у ім – гэта, перш за ўсё, задавальненне запытаў масавага гледача.
Тут да месца будзе сказаць аб ролі кінамеханіка, бо менавіта ён дэманструе фільмы. Ад яго ўлюбёнасці ў сваю справу, майстэрства залежыць многае. Кінамеханік – сапраўдны сувязны паміж творчай групай акцёраў і намі, – тымі, хто сядзіць у кіназале. Уключаючы апаратуру, перадаючы на экран светавую выяву, ён нясе масам свет культуры. Тут не затрымліваюцца выпадковыя людзі. Веданне сваёй справы, дзіўная прафесійная апантанасць характарызуе спецыялістаў, якія аднойчы і назаўсёды абралі для сябе прафесію кінаработніка.
Да гэтай кагорты адносяцца і нашы землякі. Клічаўлянін Аляксандр Якаўлевіч Байрашэўскі вось ужо 43 гады працуе на прадпрыемстве. Быў майстрам, інжынерам, а большасць часу – кінамеханік кіна-ўстаноўкі раённага Дома культуры, чалавек вядомы ў раёне і старым, і малым.
Віктар Васільевіч Саўко (на здымку) прыйшоў у гэту прафесію ў васемнаццаць гадоў, адразу як скончыў адпаведныя курсы ў Магілёве. З тае пары вось ужо 37 гадоў ён на гэтай пасадзе ў родным Віркаве. Так што амаль чатыры дзясяткі гісторыі беларускага кіно – старонкі яго ўласнай біяграфіі. Розныя часы перажываў кінематограф, а з ім разам і гэты вясковы кінамеханік. Памятае, як яшчэ ў яго дзяцінстве і старыя, і малыя з розных вёсак, і па марозе нават, ішлі натоўпамі, каб паглядзець індыйскае кіно. Расказвае, што ў тыя ж 80-я ў Віркаўскім сельскім клубе не хапала месцаў для ўсіх жадаючых, якіх тут бывала адначасова, паводле білетаў, да 60. А пасля сеанса “круціў” Віктар Васільевіч для вясковай моладзі дыскатэку, гукаўзмац-няючая ж апаратура была добрая, а магнітафон уласны прыносіў.
Цяпер адпачынак у клубе на іншым узроўні арганізоўваюць спецыялісты культуры. На кіно ж прыходзіць арганізаваны дзіцячы глядач – школьнікі, дзетсадаўцы. Для іх – то дакументальнае кіно “Белвідэацэнтра”, то мультфільмы ў тую ж “Анімаёўку” дэманструе, то добрае беларускае, расійскае кіно. А цяперашні дарослы глядач нешматлікі. Адно – калі мужчыны просяць паказаць цікавыя новыя беларускія кінастужкі пра вайну.
На сённяшнія спрэчкі аб беларускім кіно яны, кінамеханікі, упэўнена адказваюць: беларускае кіно ёсць, многажанравае, разнатэмнае, цікавае, змястоўнае. Таму будзем цікавіцца ім, глядзець усе новыя кінастужкі з удзелам любімых акцёраў. І абавязкова адзначаць свята – Дзень беларускага кіно, бо яно і для нас, гледачоў.
Матэрыялы Ніны ІЗОХ.