На вернасць полю прысягнуўшы
Сёлетняе жніво на Клічаўшчыне пачалося з уборкі рапсу– культуры каштоўнай у многіх адносінах.
Рапсавы алей з’яўляецца высокакаларыйным прадуктам, выкарыстоўваецца ў натуральным выглядзе як для харчавання, так для вытворчасці маргарыну і маянэзу. Гэты алей – крыніца аднаўляемай сыравіны для хімічнай прамысловасці і энергетыкі, а рапсавы шрот – высокабялковы корм для жывёлы.
Паводле інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на 14 ліпеня ў гаспадарках Клічаўшчыны ўбрана 18,4% азімага рапсу да запланаванага.
Найбольш актыўна вядуцца работы ў КСВК “Калгас імя Леніна” (убрана 66,7% гэтай культуры пры сярэдняй ўраджайнасці 19,5 цэнтнера з гектара), “Калгас імя Тэльмана” (46,4 га, ураджайнасць 18,6). Замыкае тройку лідараў ААТ “Клічаўрайаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Раніца. Мехатрад апошняга прадпрыемства на рапсавых палетках бліз Аляксееўкі. Яшчэ раса не спала, а чатыры камбайны, аўтамабілі для адвозкі збожжа стаяць на ўскрайку поля напагатове. Яно і зразумела: кожная хвіліна добрага надвор’я каштоўная! Сонца падымецца крыху вышэй – і закіпіць работа! А працаваць у райаграпрамтэхзабеспячэнні ўмеюць. Як патлумачыла галоўны аграном Зоя Долгая, тут ўбрана 112 гектараў рапсу, або 36,1% ад неабходнага. Збожжа рапсу паступае на перапрацоўку, засыпаецца на захоўванне. Ужо першыя некалькі дзясяткаў тон пастаўлены па дзяржзаказе.
Кадры – надзейныя, правераныя хлебаробскай справай. Сталым ды вопытным і моладзь не саступае. Вось і цяпер у лідарах жніва – маладзёжны экіпаж братоў Гарэлікаў. На іх рахунку на ўчарашнюю раніцу быў намалот у 75 тон збожжа. Дарэчы, старэйшаму Аляксею (камбайнеру) толькі 23 гады, і гэта ўжо яго шостае жніво, меншаму – Мікалаю – толькі 18, а ўжо трэці год за памочніка шчыруе. Хлопцы з тэхнікай на “ты”, абодва ж трактарысты. А раўняцца ёсць на каго. Іх бацька Мікалай Мікалаевіч Гарэлік – вопытны механізатар, і як у камбайнера ў яго ці не 30-е жніво! І гэта яшчэ не ўсё. Старэйшы Гарэлік працуе ў адным экіпажы са сваім братам Аляксандрам Мікалаевічам. Вось такая сямейная дынастыя хлебаробаў! Поплеч з імі на рапсавых палетках завіхаецца і сямейны экіпаж Маркавых. Для камбайнера Сяргея Аляксандравіча гэта 25-е жніво. Сын Дзяніс ўжо чацвёрты сезон за памочніка камбайнера.
Людзі працуюць на рэзультат, іх праца стымулюецца мерамі матэрыальнага і маральнага заахвочвання. А хто дбае, той і мае!
Ніна ІЗОХ.
Фота аўтара. На здымку: Аляксей, Мікалай, Мікалай Мікалаевіч Гарэлікі, Сяргей Аляксандравіч і Дзяніс Маркавы.