Нельга забываць Афганістан

размещено в: Наши новости | 1
А. У. Шакола гутарыць з маці С. Шпака
Афганістан… Для многіх людзей гэта слова адзываецца шчымлівым болем успамінаў і горыччу непапраўных страт. Многія дагэтуль не могуць зразумець, у імя чаго загінулі і памерлі ад ран звыш 15000 савецкіх ваеннаслужачых, больш 200 чалавек прапалі без вестак, і лічаць вайну ў Афганістане памылковай і бесперспектыўнай. Чым можна суцешыць маці, сыны якіх загінулі ў той вайне, чым апраўдаць страту самага дарагога чалавека? Два гады адслужыў у Афганістане Сяргей Шпак. Да шчаслівага моманту сустрэчы з блізкімі заставаліся лічаныя дні. Маці, Марыя Якаўлеўна, памятае да драбніц той дзень, калі атрымала жудасную вестку аб гібелі сына. Час не залячыў гэту рану. Янаўглядаецца ў партрэты і фотаздымкі і горка плача, просіць Усявышняга збавіць яе ад пакут. Сын ніколі не пераступіць парог бацькоўскай хаты, не скажа з усмешкай: «Дзень добры, мама!» Ён адзін з чатырох клічаўлян, дастаўленых на родную зямлю ў цынкавай труне. Мы, яе наведвальнікі, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў просім прабачэння за ўсё, і за тыя далёкія падзеі ў тым ліку. Яе сын Сяргей пахаваны на вясковых могілках. Туды, каб ушанаваць яго памяць, накіроўваецца дэлегацыя ў складзе раённага ваеннага камісара А. У. Шаколы, начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама А. Л. Ганчаронак, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Н. І. Любецкай. Да помнікаў загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў у той дзень былі ўскладзены вянкі і кветкі. Больш за дваццаць гадоў мінула з той пары, калі апошні савецкі салдат пакінуў зямлю Афганістана. За 10 крывавых гадоў вайны савецкія ваеннаслужачыя праявілі лепшыя чалавечыя якасці – мужнасць і гераізм, далі адпор тэрарызму і гандлю наркотыкамі. Веды і вопыт, набытыя ў суровыя гады выпрабаванняў, воіны-афганцы прымяняюць на справах – у выхаванні патрыятызму падрастаючага пакалення, што вельмі важна ў цяперашні час. Зараз у раёне праводзіцца работа па ўстанаўленні памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам, эскіз якога зрабіў Васіль Буцэнец. У Дзень памяці, 15 лютага, у раённым Доме культуры адбыўся сход воінаў-інтэрнацыяналістаў. Памяці загінуўшых, подзвігу нашых
У час мерапрыемства
суайчыннікаў быў прысвечаны канцэрт майстроў мастацкай самадзейнасці. «У жыцці нашага грамадства ветэраны вайны ў Афганістане адыгрываюць вельмі важную ролю. Братэрства і дружбу, правераную ў баях, яны захавалі і нясуць праз гады. Яны дастойна выканалі свой інтэрнацыянальны і грамадзянскі абавязак. За мужнасць і гераізм многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, трое нашых суайчыннікаў-беларусаў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Воіны-інтэрнацыяналісты ўносяць значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення. Няхай міне вас бяда, над галовамі заўжды будзе мірнае неба. Вялікіх поспехаў вам, здароўя і шчасця,» – гэтымі словамі завяршыла сваё выступленне Г. П. Данілкіна, намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях. Усіх прысутных у зале воінаў-інтэрнацыяналістаў, навучэнцаў школ і аграрнатэхнічнага каледжа прывітаў раённы ваенны камісар А. У. Шакола. Ён выказаў пажаданне, каб «афганцы» працягвалі слаўныя традыцыі ў справе выхавання ў моладзі лепшых чалавечых якасцей і ніколі больш не зведалі жахаў вайны. Добрым падарункам для воінаў-інтэрнацыяналістаў і ўсіх гледачоў былі музычныя нумары ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна, навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа.

Алена ГАНЧАРОВА.

One Response

  1. Ира

    Лена Гончарова, с удовольствием прочла вашу статью. Спасибо.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)