ЛЕПШЫЯ ЮНЫЯ ЛЕСАВОДЫ ВОБЛАСЦІ – З КЛІЧАВА

размещено в: Наши новости | 0
На здымку: Дмітрый ПАЗНЯК, Дар,я СУКОРА, Крысціна САЗАНАВЕЦ, Сяргей СЭКА.

Злёт  юных  лесаводаў  Магілёўскай  вобласці  прайшоў  20  мая  на  базе  ДЛГУ  “Магілёўскі  лясгас”.  Гэта  традыцыйнае  мера-прыемства,  якое  праводзіцца  з  мэтай  прафесійнай  арыентацыі  школьнікаў, прыцягнення  ўвагі  дзяцей  і  падлеткаў  да  праблем  захавання  біяразнастайнасці  лесу,  развіцця  навыкаў  доследнай  справы.
Сёлета  яго  ўдзельнікамі сталі  14  камандаў  са  школьных  лясніцтваў  вобласці  і  іх  кіраўнікі,  усяго  126  чалавек.   Наш  раён  на  злёце  прадстаўляла  каманда  навучэнцаў  ДУА  “СШ № 2  імя  Піліпа  Кавалёва  горада  Клічава ”  пад  кіраўніцтвам  настаўніка  біялогіі  Наталлі  Аляксееўны  Кніга.
Адкрыццё,  падвядзенне  вы-нікаў  і  ўзнагароджванне  пераможцаў  злёту праходзіла  ў  Магілёўскім  дзяржаўным  прафесійным  агралесатэхнічным  каледжы  імя  К.П.  Арлоўскага.
У  час  мерапрыемства  прайшлі  сустрэчы  са спецыялістамі  лясной  гаспадаркі,  адбыўся  абмен  вопытам  работы  школьных  лясніцтваў,  выстаўка  інфармацыйных  матэрыялаў  аб  іх  рабоце  і  іншае.
Асноўным  жа  быў   конкурс  юных лесаводаў,  які  праходзіў у  лясных  кварталах  Чамяранскага  лясніцтва.  Ён  патрабаваў  ад  удзельнікаў  кампетэнтнасці  ў самых  розных  пытаннях,  бо праду-гледжваў  шэсць   этапаў:  батанічны  і  дэндралагічны,  лесаводаў  і  таксатараў,  заолагаў,  лесапатолагаў,  юных  рабінзонаў  (выжыванне  ў  лесе),  экалогія  лесу.  Заданні  былі  даволі  складаныя.  Напрыклад,  патрэбна  было  вызначыць  віды  дрэў,  кустоўя,  траў  па  марфалагічных  прыметах,  па  насенні,  звяроў – па  малюнках  іх  слядоў,  птушак – па  іх  галасах  у  запісе;  назначыць  дрэвы  ў  рубку  пры  рубках  догляду,  вызначыць  накірункі з  дапамогай  компасу  і  бусолі;  ведаць  лекавыя  расліны  лесу і  іх  прымяненне,  шкоднікаў  і  хваробы  дрэў  і  кустоўя,  як  іх  лячыць  і  многае  іншае.
Юныя  лесаводы  з  Клічава  практычна  з  кожным  тэарэтычным  і  практычным  заданнем  справіліся  бліскуча!  Амаль  на  кожнай  станцыі  набіралі   максімальную  колькасць  балаў.  Вынік – 1-е  агульнакаманднае  месца.
У складзе  каманды  выступалі:  Сяргей  Сэка (8  клас),  Крысціна  Сазанавец  (9 “Б”),  Дар’я  Сукора  і  Дзмітрый  Пазняк,  вучні  10  класа.  Узнагарода  пераможцам – дыпломы  1-й  ступені  ўпраўлення  адукацыі  Магілёўскага  аблвыканкама  і  Магілёўскага  ДВЛГА,  а  яшчэ  каштоўны  падарунак – планшэтны  камп’ютар,   які   каманда  вырашыла  ўручыць  сваёй школе  ў  Дзень  гонару  школы.
Юныя  лесаводы  СШ  №2,  як  пераможцы  абласнога  злёту,  будуць  адстойваць  гонар  Магілёўшчыны  на   рэспубліканскім  злёце,  які  адбудзецца  ў  пачатку  чэрвеня.
Віншуем  з  важкай  перамогай  і  жадаем  новых  поспехаў!

Наталля  Аляксеўна  КНІГА:
–  У  папярэднім  абласным  злёце 2013  года  каманда  юных  лесаводаў  з  нашай  школы  была  ў  ліку  прызёраў,  тады  заняла  прызавое,  трэцяе  месца.   А  зараз  нашы  вучні  сталі  пераможцамі.   Радуе,   што   дзеці  прадэманстравалі  высокі  ўзровень  тэарэтычных  і практычных  ведаў.  Хочацца  выказаць  шчырую  ўдзячнасць   кіраўніцтву  ДЛГУ  “Клічаўскі  лясгас”  за  арганізацыю  нашай  паездкі  на  злёт,  а  таксама  за  дзейсную  дапамогу  ў  падрыхтоўцы  каманды  спецыялістамі   прадпрыемства.   Практычныя  заняткі  ў  лесе  з  вучнямі  праводзілі   памочнік  ляснічага  Клічаўскага  лясніцтва  Уладзімір  Міхайлавіч  Русецкі  і  інжынер-лесапатолаг  Надзея  Аляксандраўна  Баркова.  Яны  навучылі  дзяцей    чытаць  лес  як  кнігу,  далі  ім  пэўныя  прафесійныя  веды  і  навыкі,  падзяліліся  сваёй  любоўю  да  зялёнага  сябра.  Надзея  Аляксандраўна    суправаджала  нас  і  на  злёце.
Супрацоўніцтва  школы  і  лясгаса — пастаяннае.  Хутка  на базе  школы  адкрыецца працоўны  лагер  і  нашы  дзеці  будуць  працаваць  на  пастаянным  лясным  гадавальніку,  у  дэндрапарку  лясгаса.  Магчыма,  прафесія   лесавода   для   некаторых  з  іх   стане  прызваннем.

Ніна  ІЗОХ.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)