15-гадовы цяжкаатлет з аграгарадка Нясята Арцём Данільчык стаў пераможцам чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы

размещено в: Наши новости | 0

Чэмпіянат  праходзіў  сярод  юнакоў  і  дзяўчат  да  15  і  17  гадоў,  у   горадзе  Ландскруна  (Швецыя).  На  ім  наша зямлячка  Сюзанна  Валадзько  таксама стала  прызёрам.  Арцём  заваяваў  2  залатых  і  1  сярэбраны  медалі,  Сюзанна –  2  сярэбраных.
І  хоць  цяжка  было  ўклініцца  ў  загружаны  графік  паміж  трэніроўкамі,  зборамі,  спаборніцтвамі,  наша  сустрэча  з  Арцёмам    адбылася  напрыканцы  лета,  у  адно з  яго  кароткіх  наведванняў  да  бацькоў.
І  вось  перада  мной  звычайны  на  выгляд  падлетак,  светлавалосы,  не  па  гадах  стрыманы, разважлівы,  са  спакойным  поглядам.  І  хоць  у  мяне  за  плячамі  ужо амаль два  дзясяткі  гадоў  журналісцкай  практыкі,  крышку  хвалююся:  не  кожны  ж  дзень  сустракаешся  з  чэмпіёнам  Кантынента.
–  Прывітанне,  Арцём!  У  першую  чаргу, віншую  цябе  ад  імя  ўсіх  землякоў  з  важкай  перамогай.  Мы  трымаем  за  цябе  кулачкі  і  зычым  новых  поспехаў!
– Дзякуй.  Мне  прыемна. Пастараюся  не  падвесці.
– Адкуль  пачаўся  твой  шлях  у  спорт?
– Ніколі  раней  не  думаў,  што  спорт  стане  маім  жыццём.  Разам  з аднагодкамі  займаўся  ў  спартыўнай  секцыі  ДЮСШ  на базе Нясяцкай  СШ  у  Таццяны  Кіраўны  Крыловай.  Яна,  мой  першы  трэнер,  і  прапанавала  мне  паспрабаваць  паступіць  у  Магілёўскае вучылішча  алімпійскага  рэзерву.  Неўзабаве  мы  былі  там,  трэнеры  ацанілі  мае  фізічныя  здольнасці  і  прапанавалі  застацца  на  летніх  зборах.  У  сёмы  клас  школы  я  пайшоў  ужо  навучэнцам  вучылішча.
– Цяпер  ты  ўжо  дзесяцікласнік. За  тры  гады  з  навічка  ў  цяжкай  атлетыцы  “вырас”  да  чэмпіёна  Еўропы.  Поспех  галавакружны.  Мяркуючы  па  тваіх шматлікіх  медалях  у  бацькоўскім  доме,  шлях  гэты  быў  няпросты,  цярністы.  Кожная  перамога,  гэта  ў  першую  чаргу,  перамога  над  сабой?
– Спорт  стаў  сэнсам  майго  жыцця,  я  адчуваю,  што  гэта  маё!  Тут  заўсёды  побач  перамогі  і  паражэнні,  трэба  ўмець  з  імі  спраўляцца.  Неабходна пастаянна ўдасканальвацца. Спыніцца – значыць страціць  заваяваныя  пазіцыі.
Цяжкаатлетаў-штангістаў  у  вучылішчы  рыхтуе  трэнерская  брыгада  ў  складзе  заслужанага  трэнера  БССР  і  Рэспублікі  Беларусь  Анатоля  Леанідавіча  Лабачова,  заслужаных  трэнераў  Рэспублікі  Беларусь  Аляксандра  Васільевіча  Ганчарова  і  Валянціна  Данілавіча  Кароткіна,  трэнера  вышэйшай  катэгорыі  Сяргея  Сяргеевіча  Вішняка.
Усё,  што  я  ўмею  і  магу,  гэта,  у  большай  ступені,  дзякуючы  іх  прафессіяналізму,  падтрымцы,  разуменню.
Першыя  мае  абласныя спаборніцтвы  па  цяжкай  атлетыцы  былі  амаль напачатку  вучобы.  Мая  ўласная  вага  была тады толькі  32  кілаграмы, выканаў рывок  штангі –  36 кг,  штуршок – 46 кг. Прайграў,  заняў  другое  прызавое  месца.  Калі  гаварыць  аб спартыўным  росце,   то,  напрыклад,  у  2013,  двойчы  ў  2014-ым,  2015  гадах  я станавіўся  чэмпіёнам  рэспуб-ліканскай  спартакіяды  школьнікаў,  што  праходзіць  па  традыцыі  ў  Бабруйску.
На  рэспубліканскай  спартакіядзе  ДЮСШ  у  2014  годзе  паставіў  3  новых  рэкорды  Беларусі  (у  вагавай  катэгорыі да  42 кілаграмаў) у  рыўку  штангі,  штуршку,  суме  двухбор,я.
У  той  жа  год,  ужо  ў  вагавай  катэгорыі да  45  кілаграмаў,  я  паставіў  на  спаборніцтвах  7 рэкордаў  Беларусі    (1 – у  рыўку, 3 – у штуршку,  3– у  суме  двухбор’я).
Удалы для  мяне  год  сёлетні.  Стаў  пераможцам  у  Алімпійскіх  днях  моладзі  Рэспублікі  Беларусь  у  вагавай  катэгорыі  да  50  кілаграмаў.  А  гэта  быў  якраз  дзень  майго  нараджэння,  28  сакавіка.  Вось  такі  падарунак   сабе  зрабіў!
У  красавіку праходзіла рэспубліканская  спартакіяда  школьнікаў  у  горадзе  Лельчыцы.  У  вагавай  катэгорыі  да  50  кілаграмаў  я  ўстанавіў   4  рэкорды (ад  аўтара:  аб  тым  сведчаць афіцыйныя пасведчанні)  у  групе  ўдзельнікаў  да  17  гадоў  і  7  рэкордаў – сярод  школьнікаў.  На  гэтых  спаборніцтвах  я  паказаў  свой  найлепшы  рэзультат  за  ўвесь  час:  сума  двух-бор,я  склала  196  кг.
У  складзе  беларускай  каманды  выступаў  у  ІХ  Балтыйскіх  юнацкіх  спартыўных  гульнях  у  г. Брандэнбурзе  (Германія),  у  якіх  удзельнічала  10  краін. Тут  заняў  1-е  месца  ў  вагавай  катэгорыі  ўдзельнікаў  да  56  кілаграмаў,  сума  двухбор’я – 191 кг.
А  самая  важкая  мая  перамога – Першынство  Еўропы.  Мой  рэзультат –рывок – 85 кг,  штуршок –108 кг,  сума  двухбор,я  193  кг.  Адзначу,  што  абсалютна  такі  ж  вынік  паказаў і  прадстаўнік  Турцыі,  мой  галоўны  сапернік.  Была  ўпартая  барацьба  за  перамогу.  Ён  выйграў  у  мяне  1 кг  у  рыўку,  я  ў  яго  1  кг  у  штуршку,  сума  двухбор,я – аднолькавая.  Але  мая  ўласная  вага была  на  50  грамаў  меншая.  Гэта  вырашыла  зыход  нашай  барацьбы  за  “золата”. У  спорце  не  бывае  дробязей.
– Ёсць  сцвярджэнне, што  кожны  салдат  носіць  у  сваім  ранцы  маршальскі  жэзл.  Аб  чым  марыш  ты?
– Пасля  заканчэння  вучылішча  я  атрымаю  прафесію  трэнера.  Але  бачу  сябе  ў  вялікім  спорце.  Хацеў  бы  ўдзельнічаць  у Алімпійскіх  гульнях  2020  года  ў  г.  Токіа  (Японія).  Для  гэтага  патрэбна  працаваць  і  працаваць, каб  дасягнуць  неабходнага  ўзроўню  мастэрства.
– Як  бацькі  ставяцца  да  твайго  выбару? Прафесійны  спорт – занятак  небяспечны,  цяжкая  атлетыка –  адзін  з  траўманебяспечных  відаў.  Рэкорды,  перамогі — гэта  выдатна,  але  ж…
– У  бацькоў  я  трэцяе,  меншае  дзіця.  У  мяне  дарослыя брат  і  сястра.  Усе  мае  родныя  за  мяне  хвалююцца  і  падтрымліваюць.  Прыязджаюць  “пахварэць”  за  мяне  на  многія  спаборніцтвы,  якія  праходзяць  у  Беларусі. Калі  выходзіш  на  памост,  а  ў  зале  родныя – гэта  надае  сілы  і  ўпэўненасці. Я  ім  за  ўсё  ўдзячны.
Калі  вяртаюся  са  спаборніцтваў, абавязкова  вязу  маме  сувеніры.  Калі  мы  глядзелі  прывезены  мною  відэазапіс  з  майго  выступлення  на  чэмпіянаце  Еўропы,  і  калі  гімн  Рэспублікі  Беларусь  гучаў  у  мой  гонар,  як  пераможцы,  мама  плакала.  Я  хацеў  бы,  каб  яна  плакала    толькі  ад  шчасця.
А  траўмы?  Ніхто  не  застрахаваны  ад  няшчасцяў.  Нас трэніруюць  як  след,  каб  пазбегнуць  такіх  сітуацый.
– Якія  твае  задачы  на  бліжэйшы  час?
– Восенню  чэмпіянат  Рэспублікі  Беларусь  па  цяжкай  атлетыцы.  Ад  майго  рэзультата  на  ім  будзе  залежыць,  ці  буду  ўключаны  ў  юнацкі  састаў  зборнай  Рэспублікі  Беларусь  па  цяжкай  атлетыцы.  У  верасні  наступнага  года  ў  Італіі  пройдзе  чарговы  чэмпіянат  Еўропы  па  цяжкай  атлетыцы.  У  ім  буду  ўдзельнічаць  у  групе  да  17  гадоў  і  мне  неабходна  абараніць  свой  чэмпіёнскі  тытул.
– Аднагодкі,  бясспрэчна,  па-добраму  табе  зайздросцяць.  Але  ж  кожны  з  нас  каваль  свайго лёсу.  Што  робіш  ты  дзеля  таго?
– У  мяне  ёсць  мэта  і  я  да  яе  іду.  Магу  цвёрда  запэўніць,  што  я  “за”  здаровы  лад  жыцця,  ніякіх  шкодных  звычак:  цыгарэт,  піва,  тым  больш  чаго  іншага.  Мае  сябры  пры-трымліваюцца  таго  ж,  а большасць  з  іх  таксама  спартсмены.  Спорт  дае  шырокія  перспектывы.  Дзяржава  падтрымлівае  і  заахвочвае  лепшых  спартсменаў,  таму  гэта  і  шлях да  матэрыяльнай  стабільнасці.  Ёсць  магчымасць  пабываць  у  розных  краінах.  Напрыклад,  я  ўжо ўдзельнічаў  у  спаборніцтвах  у  Расіі,  Украіне,  Германіі,  Швецыі.  Спорт – гэта  здорава!
– Дзякуй,  Арцём,  за  гутарку.  Памятай,  што  сярод  тваіх  гарачых  балельшчыкаў  і  землякі.

Каманда Рэспублікі Беларусь, якая прымала ўдзел у іх Балтыйскіх юнацкіх спартыўных гульнях. На здымку: першы злева – Арцём Данільчык, трэцяя – Сюзанна Валадзько.

Ніна  Ізох.

P.S. Днямі ў  спартыўным  жыцці  Арцёма  Данільчыка  адбылася  значная  падзея.  Ён   выканаў  устаноўлены  нарматыў  і   яму  прысвоена  званне   “Майстар  спорту   Рэспублікі  Беларусь”  па  цяжкай  атлетыцы.  Віншуем!  Так трымаць!

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)