“Бархатны сезон” Людмілы Крыванос

размещено в: Наши новости | 0

Інтэлектуалка,  гаспадыня,  проста  цудоўная  жанчына – усё  гэта  аб  Людміле  Міхайлаўне  Крыванос  з  аграгарадка  Нясята.  Сюды  пры-ехала  разам  з  мужам  яшчэ  на  пачатку  70-х.  Абодва  настаўнікі,  яна – філолаг,  Міхаіл   Іванавіч – фізік-матэматык.  Яму,  тагачаснаму  27-гадоваму  дырэктару,  прыйшлося  і  сучасны  тыпавы  будынак  школы  ўзводзіць.  Тут  усё  жыццё   і  навучалі  мясцовую  дзятву  “разумнаму,  добраму,  вечнаму”.
“А  цяпер  у  мяне  бархатны  сезон, – усміхаецца    мая  суразмоўца.–  Бо  якраз  зараз,  на  заслужаным  адпачынку,  можна  жыць  так,  як  табе  хочацца,  займацца  тымі  справамі,  на  якія  раней  проста  не  было  часу.  Можна   пры-свяціць  сябе  сям’і,  асвоіць  нешта  новае,  аб  чым  даўно  марыў”.
Гэта  не  проста  разважанні,  а  прынцып  дзеяння  і сённяшняга  жыцця.  Цяпер  дом  Крываносаў  з  ранняй  вясны  да  позняй  восені  патанае  ў  кветках:  крокусы,  нарцысы,  прымулы,  петуніі, цыніі,   аксаміткі,  ружы  і  шмат  іншых.  Асаблівае  месца  займаюць  любімыя  кветкі  гаспадароў: цюльпаны – Міхаіла  Іванавіча,  хрызантэмы – Людмілы  Міхайлаўны.  Іх  безліч  відаў,  розных  колераў,  формаў,  тэрмінаў  цвіцення.   Так  яны рэалізуюць  патрэбу  душы  ў  прыгажосці.
Кветкаводства  пачыналася  з  “прыручэння”  хатняй  фіялкі.  Каб  з  лісціка  вырасціць прыгажуню  з  буйнай  квеценню,  прыйшлося  нямала  літаратуры  перачытаць,  папрацаваць,  нават  наладзіць  зно-сіны  з  раслінамі.  Так,  да  іх  трэба  з  любоўю  адносіцца,  нават  размаўляць,  як  з  жывой  істотай,  толькі  тады  і  парадуюць  хараством.  Цяпер  ужо  зачароўваюць  і  ім  гаспадыніны  шыкоўныя  пяшчотныя  глаксініі,  розных сартоў  бегоніі.
У  апошнія  гады  ў  мужа  і  жонкі  Крываносаў  з’явілася   яшчэ  адно  агульнае  захапленне – вырошчванне  вінаграду.  Усё  пачыналася  таксама  з  вывучэння  адпаведнай  літаратуры, наведвання  агравыставак,  пераймання  вопыту  ў  гаспадарках  вопытных    вінаградараў-аматараў.  І  толькі  авалодаўшы  неабходнай  базай  ведаў,  прыступілі  да  справы.  Цяпер  на  іх  участку  выдатна  адчувае  сябе  вінаград  дзевяці  гатункаў,  якія  вырошчваюцца  як  пад  накрыццём,  так  і  без  яго,  самага  рознага  смаку  і  афарбоўкі – ад  празрыстага  да   жоўтага,    цёмна-сіняга.  Ёсць  у  іх  магчымасць  падзяліцца  саджанцамі  і  з  усімі  жадаючымі.
Сезон  для  Людмілы  Міхайлаўны  пачынаецца  ўжо  ў  студзені,  калі  наступае  тэрмін  высеву  насення  рэмантантных  суніц,  якія  пладаносяць  да  самых  маразоў.  Развядзенне  гэтай   пахучай  ягады – яшчэ  адна  “слабасць”  гаспадыні.  Падабаецца  і  тым,  што справа гэта няпростая  і  карпатлівая,  а  настойліва  дабіцца  свай-го – у   яе моцным  характары,  як  і  належыць  чалавеку,  які  нарадзіўся  пад  су-           зор’ем  Скарпіёна.  Спраў,  клопатаў  хапае  ў  гаспадыні  да  самых  халадоў.
А  калі  за  акном  закружаць  сняжынкі,  наступае  час   іншых  хобі.  Людміла  Міхай-лаўна  садзіцца  за  пяльцы,  пад  яе  спрытнай,  напрактыкаванай  рукой   нараджаюцца  розныя  карціны,  сувеніры  і  іншыя  аздобленыя  вышыўкай  крыжыкам  рэчы,  якія  робяць  утульным  і  прыгожым  дом.  Дарэчы,  работы  майстрыхі  пастаянна  ўдзельнічаюць  у  розных  выстаўках  раённага  Дома  рамёстваў.
Яшчэ  адна  радасць   “бархатнага  сезона” Людмілы  Міхайлаўны –  магчымасць  чытаць – тое,  чаго  не  дабрала  раней.   Перавага –  сур’ёзнай  гістарычнай  літаратуры,  а  таксама  добрай  мастацкай.
Усё  жыццё  яна  была  настаўніцай,  восем  гадоў працавала  дырэктарам  Нясяцкай  школы,  выхоўвала  мясцовых  хлопчыкаў  і  дзяўчынак,  аддавала  ім  свае  веды  і  цяпло  душы.  Для  Людмілы  Міхайлаўны  настаўнік – гэта  не  прафесія,  гэта  вобраз  думак,  характару,  жыцця.  А  вось  цяпер  у  яе  з’явілася  выдатная  магчымасць  аддаваць  усю сябе    ўжо   ўласным  дзецям,  унукам,  якіх  трое.  Так  прыемна  быць  проста  маці,  пяшчотнай  бабуляй.
А  які  ваш   “трэці  ўзрост”?   Ці  яркі,  сонечны?    Будзем  рады  новым  цікавым  сустрэчам,  бо  кожны  чалавек – цэлы  свет.

Ніна  ІЗОХ.  Фота  аўтара.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)