Яніна ІЛЬЮШЫНА: «Думала адпрацаваць належны тэрмін і вярнуцца на радзіму»

размещено в: Наши новости | 0

У вузле электрычнай сувязі Яніна Вячаславаўна ІЛЬЮШЫНА – бухгалтар першай катэгорыі, адна з тых, каго называюць высокакласным і незаменным майстрам сваёй справы. Такую высокую ацэнку яна заслужыла дзесяцігоддзямі самаадданай і сумленнай працы. У яе працоўнай кніжцы толькі два запісы аб прыёме на работу.

Пасля заканчэння тэхнікума маладзенькая светлавалосая дзяўчына прыехала ў Клічаў па размеркаванні. Ёй, брэстаўчанцы, у 1975 годзе наш райцэнтр паказаўся вялікай вёскай. Думала адпрацаваць належны тэрмін і падацца на радзіму, дзе і ўклад жыцця, і дабрабыт зусім іншыя.
У калектыве бухгалтэрыі дрэваапрацоўчага камбіната дзяўчыну прынялі радушна. На ўсё жыццё ў сваім сэрцы захавала ўдзячнасць тагачаснаму дырэктару Леаніду Усцінавічу Рудому, сваёй «настаўніцы» Марыі Максімаўне Храпко, ды і ўсім жанчынам бухгалтэрыі за тое, што дапамагалі, вучылі, апякалі.
Літаральна праз тры гады маладая і перспектыўная работніца сама ўзначаліла бухгалтэрыю. Вучылася завочна ў інстытуце, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці прадпрыемства і раёна.
Вызначальнай рысай яе працы стаў сістэмны падыход да кіравання. Дзякуючы асабістай адказнасці, адданасці справе, арганізатарскім здольнасцям на колішнім ДАКу быў сфарміраваны высокакласны і
прафесіянальны калектыў бухгалтэрыі, а сама Яніна Вячаславаўна з гадамі стала прызнаным спецыялістам. Калі ДАК быў прададзены замежнаму інвестару, Ільюшына перайшла працаваць у аддзяленне электрычнай сувязі: спачатку – проста бухгалтарам, а калі галоўны бухгалтар Ганна Пятроўна Краўцова выйшла на пенсію, заняла яе месца. Асвоіла камп’ютар, выдатна ары! ентуецца ў сучасных тэхналогіях.
Валодае ўнікальнай памяццю, заўсёды ведае адказ на любое пытанне, без ваганняў знойдзе патрэбную паперу ў вялікім стосе дакументаў, раскладзеных на стале, своечасова зробіць справаздачу і прадаставіць неабходную інфармацыю.
Імкліва бяжыць час. Не паспела азірнуцца, а ўжо і сама збірае дакументы на пенсію.
За працоўнае жыццё дапамагла не аднаму бухгалтару асвоіць прафесію і трывала стаць на ногі.
Праца працай, а галоўнае шчасце чалавека – сям’я, дом, дзеці. Разам з мужам Валерыем Міхайлавічам выхавалі дастойных нашчадкаў. Дачка Крысціна пасля інстытута працуе ў падатковай інспекцыі, павышае кваліфікацыю – вучыцца ў інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Дапамагае маці разбірацца ў новых спецыялізаваных камп’ютарных праграмах, раіцца па некаторых спрэчных пытаннях. Васемнаццацігадовы сын Сяргей – студэнт Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, набывае спецыяльнасць інжынера аўтасэрвісу. Так што ўсё, пра што марыла, збылося, ды і клічаўскі край за гэтыя гады стаў родным і дарагім сэрцу, бо тут, на гэтай зямлі, прайшлі лепшыя гады жыцця.

Аліна СУДНІК.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)