Шчасце ёсць, и ёсць каханне

размещено в: Наши новости | 0

Сакавік. Яшчэ кругом ляжыць снег, у бяздонным блакіце неба палае яскравае сонца, а марознае паветра ўжо дыхае вясной. Прырода пасылае нам са сваіх недасягальных глыбінь сігналы, напоўненыя любоўю. А мы ўсё спрачаемся аб каханні, імкнемся знайсці дакладнае значэнне гэтаму пачуццю.
Цяпло, што разлілося ў паветры, таксама ёсць каханне. Не было ж яго раней, а цяпер – ёсць… Асцярожнае, шматабяцаючае. А якая ж вясна без яе вялікасці Жанчыны? Тым больш, што на парозе 8 Сакавіка, цудоўнае і доўгачаканае свята. У адной з невялічкіх вёсак нашага раёна нарадзілася дзяўчынка. Расла цікаўнай, паслухмянай, працавітай. Шмат дапамагала матулі па гаспадарцы. Не заўважыла, як прыйшоў час падумаць аб будучым.
Спачатку выпускніца Дзмітраўскай дзесяцігодкі паступіла ў Магілёўскае вучылішча № 70, дзе вучылася банкаўскай справе. Потым быў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум, а затым – інстытут. Кемлівай і мэтанакіраванай дзяўчыне было цікава працаваць і вучыцца.
Актыўная і хваткая Жана Іосіфаўна Сырамалот не цуралася ніякай работы і ў прафесійным плане паступова дасягнула пэўных вышынь. Ужо 4 гады яна ўзначальвае ЦБУ №711 філіяла №700 – МОУ ОАО «АСБ Беларусбанк».
Патрабавальная да сябе і падначаленых, яна заўсёды імкнецца ва ўсім быць першай. Уласным прыкладам заахвочвае супрацоўнікаў банка падтрымліваць імідж установы, падпарадкоўвацца дрэскоду, удзельнічаць у разнастайных карпаратыўных і галіновых конкурсах і спаборніцтвах.
Нельга не адзначыць яе жаноцкую прыцягальнасць, абаяльнасць, дабрыню. Заўсёды з іскрынкай у вачах і чароўнай усмешкай на мілавідным твары, Жана Іосіфаўна вылучае пазітыўную энергетыку. Імкненне маладога кіраўніка служыць банкаўскай справе і жаданне рэалізаваць свой творчы і чалавечы патэнцыял сышліся ў адно. І гэта ёй у поўнай меры ўдаецца.
Жана Іосіфаўна – шчаслівая жанчына. У яе дружная і моцная сям’я. Муж Юрый, 22-гадовы сын Артур і шасцігадовы Дзімка разам з першымі веснавымі кветкамі падораць ёй сваю бязмежную любоў і захапленне. Са святам Вас, Жана Іосіфаўна! Шчасця, здароўя, дабра і маладосці Вам на доўгія гады!

Аліна СУДНІК.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)