Час выбраў іх/15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыялістаў

размещено в: Наши новости | 0

I. Рэха Афганскіх гор
– Антон, як ты, сябра? Добра? Ну дык і добра. Слухай, якая ўзнагарода ў цябе за вайну? Медаль «За адвагу»? Навошта мне? Так, трэба. Бывай.
Па гэтай кароткай тэлефоннай размове адразу ясна, што гэтыя двое на розных канцах тэлефоннай сувязі разумеюць адзін другога з паўслова.
– Ну вось, – звяртаецца да мяне мой суразмоўца Сяргей Кунцэвіч. – Я і так пра яго ўсё ведаю, а патэлефанаваў на ўсялякі выпадак – у газету ўсё ж.
– Антон – мой сябар вось з такіх гадоў, – паказвае рукой мо паўметра ад падлогі. – Колькі сябе памятаю, мы разам, ён жа яшчэ мой траюрадны брат. У школу разам пайшлі, вучыліся, у калгасе працавалі. Ён і цяпер механізатар, а я быў вадзіцелем, летам на жніве працаваў, цяпер іншы занятак, ды і прадпрымальніцтва
адкрыў… А сябра на сам рэч завуць Анатоль, Анатоль Мікалаевіч Доўбня, а Антон – гэта з дзяцінства мы, мясцовыя, яго так завём. Там, на вайне ў Афгане, мы таксама побач былі. Я бліз Кабула, а ён – у Баграме. А на вайне як на вайне… Ён аднойчы на сваім БМП (баявая машына пяхоты) на міне ўзарваўся. Слава Богу, застаўся жывы, палячыўся ў шпіталі, тады зноў у строй. Калі кантынгент савецкіх войск выводзілі з Афганістана, нашы палкі яго апошнімі пакідалі.

– А для мяне, – працягвае аповед Сяргей Уладзіміравіч, – як і для тысяч 18-гадовых навабранцаў, усё пачалося з пячаткі ў ваенным білеце «Да службы ў ДРА годны» (ДРА – Дэмакратычная Рэспубліка Афганістан). Ставілі такую пасля камісіі, а я здаровым хлопцам быў! Прызначылі ў ваенна-дэсантныя войскі, але на дэсантніка росту ў мяне не хапіла, і пайшоў у аўтабатальён. Далей была вучоба ў Фергане. Там многаму навучылі, давялося і з парашутам прыгаць…
А Афган – асобая старонка ў жыцці кожнага воіна-інтэрнацыяналіста… Я быў вадзіцелем КАМАЗа, падвозіў паліва, куды загадвалі. Ідуць нашы «на вайну», і я з імі. А ў цыстэрне 5,5 тон…
Прырода там незвычайная. У гарах мароз, снег ніколі не растае. Нават нягледзячы на тое, што ўнізе пекла, спёка да 60-70 градусаў. Чай не трэба было грэць: наліў у фляжку вады, праз колькі часу – кіпень.
Што расказваць аб вайне? Вайна і ёсць вайна… Я двойчы быў паранены – у галаву, а мо праз месяца паўтара – у плячо. Але, відаць, нарадзіўся ў сарочцы…
Ці запомніўся вывад войск? Зараней не радаваліся, кожны хацеў толькі дажыць, дайсці да Радзімы. Наш полк пачаў выхад 13 лютага, на граніцы былі толькі
15…
Наша калона рухалася па дарозе, што пятляла паміж гор. І тут на нас сышла снежная лавіна, якую арганізавалі «духі» – зрабілі ўзрыў у гарах. Лавіна такая, што з лёгкасцю зносіла ў бездань 20-тонную баявую тэхніку. Яна накрыла нас за колькі хвілін. Мой КАМАЗ, гружаны снарадамі, стаяў якраз на ўнутраным павароце серпанціну. Ён уцалеў. Дзве аўтамашын , спераду ад маёй і ззаду , скінула ў цясніну.
Мы пасля адкапалі з-пад снегу тую тэхніку і нашых хлопцаў-вадзіцеляў, нежывымі. Паклалі іх на браню адной з машын, так і граніцу перасеклі, дамоў прывезлі. А разам жа ўвесь Афган прайшлі…

Сяргей Уладзіміравіч змоўк. Сядзелі некалькі хвілін у цішыні. Відаць, і моцным мужчынам тыя ўспаміны пякучыя.
Цяпер нас, афганцаў, па Нясяцкаму сельскаму Савету 12 чалавек, – позірк майго субяседніка пацяплеў,ён заўсміхаўся. – А ў Нясяце, акрамя Анатоля Доўбні, жывуць нашы хлопцы: Юрый Жураў, у яго таксама ўзнагарода – медаль «За баявыя заслугі», і Ігар Анцюх, у Будневе – Іван Сазнавец (ён з Бярозаўкі пераехаў, а ўзнагароджаны медалём «За адвагу»). Трымаемся цесна, адзін на аднаго мы разлічваем. Сустракаемся. А ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – у раёне. Летась для нас была арганізавана сумесная паездка на мемарыял «Востраў слёз» у Мінск. Засталіся фотаздымкі, успаміны.

II. Астравок згоды і кахання

«Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома» (Леў Талстой).
Дом Сяргея Уладзіміравіча і Ірыны Валер’еўны Кунцэвічаў (на здымку) ў аграгарадку Нясята па вуліцы Савецкай якраз на беразе вялікага чыстага возера. Здалёк па беламу снегу кідаецца ў вочы светла-салатнай афарбоўкай дыхтоўная жалезабетонная агароджа.
Пад’ехалі бліжэй – надзвычай утульная, добраўпарадкаваная вясковая сядзіба. Нават сцены летняга душа з густам распісаны ў кветкі, гаспадарчыя пабудовы ва ўзорным парадку. А дом як музей. Паўсюль карціны, вышываныя, у рамках. Матывы розныя: то вецер развявае грывы коней, то мора з дэльфінамі, то кветкі.
Мноства вышываных падушачак на вуглавой канапе. Шмат вазонаў, у якіх раскашуюць кветкі з лапушыстым зялёным лісцем. Камфорт, гармонія. Па ўсім адчуваецца, што тут жыве дружная сям’я, якая дбае не толькі аб хлебе надзённым.
Ірына Уладзіміраўна – педагог, выкладае ў школе абслуговую працу, і выхавацель групы падоўжанага дня. А вышыўка — даўні сур’ёзны занятак для душы.
Настаўнік для жанчын нашай сям’і – справа агульная, – дзеліцца гаспадыня. – І мая мама, Ганна Іванаўна Шыдлоўская, была настаўніцай пачатковых класаў, і наша дачка Кацярына, цяпер студэнтка, таксама будзе вучыць пачаткоўцаў. Ну, а сын Раман – васьмікласнік, ён як тата – толькі б да тэхнікі доступ далі, большага шчасця і няма для яго.
Жывуць Кунцэвічы, як і большасць аднавяскоўцаў, сялянскімі клопатамі. Не так даўно трымалі яшчэ вялізную гаспадарку, ёсць жа свой трактар МТЗ-82 і ўвесь прычапны інвентар да яго. Але цяпер «спецыялізацыя»— толькі
хатняя птушка ды трусы (кролики). А так — гектар зямлі, збожжа сеюць, агарод апрацоўваюць. Ва ўсім тут адчуваецца гаспадарская рука. Сяргей Уладзіміравіч для сваіх блізкіх – надзейнае плячо, муж і бацька. У свае 42 гады ён шмат зведаў, асобая старонка біяграфіі – Афганістан, і як пацверджанне яго мужнасці –
высокая ўзнагарода Радзімы — ордэн Чырвонай Зоркі. А самая добрая ацэнка для яго – павага аднавяскоўцаў. У адзін голас сцвярджаюць:
Да Сяргея Кунцэвіча хоць ноччу звярніся за дапамогай, не адкажа. Калі сам не зможа, то завядзе, завязе да таго, хто дапаможа.
Вось якія яны, нашы землякі!

Ніна ІЗОХ.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)