Ці патрэбна маленькім дзецям эканоміка?

размещено в: Наши новости | 0

Думаю, патрэбна, таму аспрэчваць гэта ні ў якім разе не буду, бо відавочна, што сучасныя дзеці зараз жывуць у новых умовах, валодаюць новымі прафесіямі і па новаму ўспрымаюць жыццё.

Напэўна многія з нас назіралі, як маленькія дзеці гуляюць ў “магазін”, “сям’ю”, “банк”. Любяць яны гуляць і ў прадпрымальнікаў, банкіраў, рэкламных агентаў. Пры гэтым яны выкарыстоўваюць вядомыя, ці не зусім, словы: долар, валюта, інфляцыя, аблігацыя, бюджэт, бізнес, фермер, бартэр, брокер і інш. Часам сэнс гэтых слоў яны неразумеюць. Так, напрыклад, слова “імпарт” асэнсоўваецца ў іх як “камфорт”, слова “экспарт” блытаюць са словам “пашпарт” ці “эскалатар”. А вось слова “рэкецір”, якое ўскосна адносіцца да нашай тэмы, адна дзяўчынка растлумачыла так: “гэта маленькі звярок”, а другая ёй запярэчыла: “не, гэта чалавек, які плавае пад вадой”. Два хлопчыкі паміж сабой высвятлялі, што такое “працэнт”. У іх разуменні – гэта вагі, білецік, і што самае цікавае, яны абодва прыйшлі да высновы, што гэта “апендыцыт”. Ці наведвалі гэтыя дзеці садок, я не высвятляла, а вось тое, што ў іх ёсць бацькі, сумнення не выклікала. І толькі цяпер я задумалася, што і мае дзеці ў свой час таксама шмат чаго не ведалі, а цяпер працуюць у эканамічнай сферы, але вось толькі не вельмі разваротлівыя і надзвычай асцярожныя. Можа таму, што акрамя “магазіна”, хованак ды мячыка ніякіх іншых гульняў і не ведалі. Не заклалі ім з маленства інфармацыю, як трэба зарабляць грошы, не навучылі прадпрымальнасці і рызыцы. Вядома, з гэтым можна паспрачацца, бо жыццё ёсць жыццё і як вы ведаеце ў нас ёсць прадпрымальнікі, якія ледзьве сярэднюю школу скончылі, а нічога – развярнуліся. Але гэта іншая тэма.
Зараз нашы дзеці — паўнапраўныя ўдзельнікі эканамічнага і сацыяльнага працэсаў, якія крочаць такімі хуткімі тэмпамі, што калі за імі не паспееш, то і ўвогуле заблытаешся ў жыцці. І як бы мы ні выхоўвалі сваіх дзяцей, яны ўсё роўна атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя, але толькі разумеюць яе па-свойму. Таму ёсць неабходнасць у тым, каб і бацькі і выхавацелі дзіцячых устаноў сумесна закладвалі асновы эканамічнага выхавання. А гэта не толькі бізнэс, грошы ці долары, а і добрасумленныя адносіны да гаспадарча–бытавой і грамадска-карыснай працы, беражлівасць да сямейных і грамадскіх здабыткаў. Дзецям патрэбна не толькі даць пэўны аб’ём эканамічных ведаў, але, што вельмі важна, навучыць іх правільна гэтыя веды выкарыстоўваць.
Калі чытаеш расійскую прэсу, ці заходзіш на іх сайты ў інтэрнэце, то бачыш, якую вялікую ўвагу надаюць у гэтай краіне эканамічнаму выхаванню дашкольнікаў. Заглянула і на беларускія сайты і можаце мне паверыць, амаль нічога падобнага на іх я не знайшла. Не знайшла і беларускіх кніг на гэту тэму. Ёсць спробы студэнтаў выкласці праблему ў сваіх дыпломах і рэфератах, але гэта так, неафіцыйна. Знайшла звесткі з Воранаўскага, Бярэзінскага і некаторых іншых раённых аддзелаў адукацыі, дзе разглядаліся пытанні эканамічнага выхавання дашкольнікаў. Звярнулася да спецыялістаў з пытаннем, ці ёсць у нашым раёне дзіцячыя садкі з эканамічным ухілам, і пачула – “няма такіх”. А некаторыя з выхавальнікаў і ўвогуле адмахнуліся: маўляў, хапае нам і без гэтага. Зразумець іх можна.
Каб задаволіць сваю зацікаўленасць у гэтым пытанні, я пазнаёмілася з нацыянальнай праграмай дашкольнага выхавання “Пралеска”, якой кіруюцца выхавацелі садкоў з 1990 года. Праграма, безумоўна, цікавая і змястоўная. У ёй прадстаўлены амаль усе накірункі выхаваўчай работы. Ёсць тут і развіццё працоўных навыкаў, фізічнае, эстэтычнае і экалагічнае выхаванне і шмат іншага. Няма толькі эканамічнага. Наогул, нейкая частка гэтага выхавання знайшла сваё адлюстраванне, але гэтыя пункты раскінуты па ўсёй праграме і каб знайсці што-небудзь адпавядаючае, мне спатрэбілася прачытаць усё 400 старонак праграмы.
Зацікавілі мяне і звесткі аб першых кроках у эканамічнай адукацыі дашкольнікаў, якія былі зроблены ў нашай краіне яшчэ ў 1999 годзе. Навукоўцы рэспублікі распрацавалі методыку і рэкамендацыі, а былая выхавальніца аднаго з дзіцячых садкоў Клічава Ірына Міхайлаўна Фёдарава распрацавала яшчэ і асабістую праграму “Дашкольнік і эканоміка”, у аснову якой быў закладзены вопыт вядомых беларускіх педагогаў Г. Салдаценкі, Г. Гоманавай, В. Жук. Але і тады многія выхавацелі сумняваліся ў карысці такога накірунка і казалі, што маленькім яшчэ рана і нецікава будзе ўспрымаць эканамічныя заняткі. Але ж, праграма спрацавала і дала станоўчыя вынікі. А вось падтрымку ў дашкольных установах чамусьці не знайшла. І не толькі ў нашым раёне. Не было прыхільнікаў і ў Міністэрстве адукацыі. Усё, што засталося ад мінулай методыкі — асобныя рэкамендыцыі ў раздзелах праграмы “Пралеска”.
Калі 15 год назад педагогі сцвярджалі, што эканамічнае выхаванне можна даваць дзецям толькі старэйшага дашкольнага ўзросту, то цяпер відавочна – далучаць дзяцей да эканомікі патрэбна як мага раней, але гэта толькі мая думка. У спецыялістаў яна можа быць іншай. Дзеці ў 3 гады павінны ведаць, што адзенне, цацкі, канфеты, хлеб і інш. трэба купіць, а для гэтага неабходны грошы, якія зарабляюць на працы. Вось тут і заўважце, як хутка змяняецца наша жыццё. Не паспелі расказаць дзецям пра грошы — з’явіліся банкаўскія карткі.
Нельга сказаць, што выхавацелі ў дзіцячых садках не ўдзяляюць эканамічнаму выхаванню значнай ўвагі. Яны распрацоўваюць новыя ролевыя гульні з акцыямі, дывідэнтамі і рэкламай, вучаць дзяцей праводзіць аукцыёны. Іх дзеці ўмела гуляюць у банкіраў і банкротаў. Але усё ж выхавацелям неабходна метадычная літаратура і распрацоўкі навукоўцаў. І не толькі ім, але і бацькам цікава было б прачытаць карысныя парады. А кніжак мала. Ёсць на гэту тэму беларускія народныя казкі: “Лёгкі хлеб”, “Жаронцы”, “Не сілай, а розумам” і інш. У іх вы знойдзеце шмат элементаў эканамічнага выхавання, але нажаль не сучаснага. А якая цудоўная казка В. Катаева “Кветачка-семікветачка”! Вялікую карысць ў эканамічным выхаванні дзяцей прынясуць кнігі рускага пісьменніка Эдуарда Успенскага. Яны ў наш час з’яўляюцца найбольш карыснымі. Напрыклад, у кнізе “Новае жыццё ў Прастаквашыне”, праз ката Матроскіна і іншых герояў паказана сучаснае жыццё краіны, дзе ёсць налогі, рэкет, хабар. Там любімыя героі казак Успенскага расказваюць аб курсах валют, кошце жылля, росце капіталу ў банках. Яшчэ ў гэтага аўтара ёсць кніга “Бізнес кракадзіла Гены”. Нажаль, кніжак для дзяцей такога кшталту, беларускія пісьменнікі яшчэ не напісалі. А тыя, на якіх выхоўвалася маё пакаленне, нажаль не перадрукоўваюцца. Ды ці можна наогул набыць дзіцячыя кнігі ў нашым раёне? Можа патрэба адпала і попыту няма? А я тут пра нейкую эканоміку! Куды знік, некалі такі вялікі і напоўнены цудоўнай літаратурай, кніжны магазін? Не можа быць, каб наша насельніцтва і ў першую чаргу дзяцей, выхавацеляў і настаўнікаў задавальнялі некалькі полак выданняў, якія сіратліва прытуліліся ў мясцовым ўнівермазе.
Я не сумняваюся, што эканамічнае выхаванне дапаможа дзяржаве выхаваць разумных дзяцей. Яны будуць паважаць людзей, якія ўмеюць добра працаваць і сумленна зарабляць грошы, ганарыцца станоўчымі якасцямі гаспадара: беражлівасцю, працавітасцю, высокароднасцю і самі абавязкова будуць такімі. Ад гэтага і краіна наша стане эканамічна стабільнай і багатай.

Людміла МАРЧАНКА.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)