Фермер Мікалай ШАБЛІНСКІ: “Я стамляюся, калі не працую…”

размещено в: Наши новости | 0

Куды  ні  кінь  вокам  на  ўсход –  яго  зямля,  якая  ў  пажыццёвым карыстанні,  перадаецца  і  ў  спадчыну  нашчадкам.  100  гектараў  уласнасці, якія  патрабуюць  клопату  мазолістых  рук.  І  абавязкова  любові.  Да  працы,  зямлі-карміцелькі,  прыроды.

Мікалай Ануфрыевіч Шаблінскі з малодшым сынам Іванам.

У  працэсе  рэформаў,  пачынаючы  з  1991  года  па  сёння,  у  раёне  арганізаваны  34 сялянскія (фермерскія)  гаспадаркі.  Сёння  на  Клічаўшчыне  працягваюць  дзейнасць  10 фермерскіх  гаспадарак,   у  карыстанні  якіх  знаходзіцца  крыху  больш  за  626  гектараў  зямлі.  Найбольш  стабільна   развіваюцца  “Зорка”  Мікалая  Ануфрыевіча  Шаблін-скага,  “Іосіфавіч”  Казіміра  Іосіфавіча  Грасевіча,  “Баярскае”  Віталя  Міхайлавіча  Мацюшонка,  “Вараксава  сядзіба” Уладзіміра  Генадзьевіча  Вараксы,  “Мёд  і  не  толькі”  Уладзіміра  Уладзіміравіча   Новіка,  “Агнэст” Аляксея  Аляксеевіча  Несцярэнкі   і  іншыя.

– Я  стамляюся,  калі  не  працую, – прызнаецца  Мікалай  Ануфрыевіч  Шаблінскі.  — Без  гэтай  волі,  шыры  палёў  жыццё  сваё  не  ўяўляю.  І  ніколі  не  пашкадаваў  аб  прынятым  рашэнні  стаць  фермерам.
Ужо  23  гады  гаспадараць  Шаблінскія  ў  вёсцы Акцябрск.  Іх  сялянская  (фермерская)  гаспадарка  на  пачатку  90-х  была  адной  з   першых  ў  раёне.  Перша-праходцам  заўсёды  цяжка,  але  выстаялі.  Пераехалі ж сюды  з  Клічава,  купілі  дом,  аформілі  неабходныя  дакументы  на  зямлю.  І  пачалі  кардынальна  новае  жыццё.  Не  залежнае  ні  ад  каго,  у  еднасці  з  прыродай,  напоўненае    адвечнымі  сялянскімі   клопатамі.
З  маладосці  Мікалай  Ануфрыевіч  працаваў  вадзіцелем,  аператарам  на  вытворчасці,  а   стаў  першым  аратым  на  вёсцы,  гаспадаром  на  зямлі.  Ён  у  адной  асобе – кіраўнік  гаспадаркі,  аграном, бухгалтар,  эканаміст,  трактарыст, камбайнер,  а  яшчэ   жывёлавод.  Бо  ў  гаспадарцы  зараз  утрымліваецца  і  50  галоў  буйной  рагатай  жывёлы,  з  іх  30  кароў  дойнага  статку.  Дарэчы,  і  па  ўсёй  Беларусі  зараз   зусім  няшмат  фермерскіх  гаспадарак,  якія  спалучаюць  раслінаводства  з  жывёлагадоўляй.  Шаблінскія  ўзяліся  за  гэту   справу – і  не  ў  пройгрышы,  як  лічыць  галава  гаспадаркі.
Мікалай  Ануфрыевіч  дзеліцца  сваімі  думкамі:
–  Спрабаваў  і  свіней  разводзіць.  Летась  галоў  трыццаць  іх  прадаў  жывой  вагой, але не  выгадна,    не  апраўдваюцца  за-траты.
А  малако – гэта  «жывыя»  грошы.  Калі  б  горад  быў  бліжэй,  то  можна  было  б  нямала  мець  ад  яго  рэалізацыі.  Але  наш  Акцябрск  не  ў  самым  выйгрышным  распалажэнні,  аддаленая  вёска.  Спрабаваў  знайсці  розныя  рынкі  збыту,  але  самы  просты – продаж  сырадою  дзяржаве.  За  мінулы  год  у  мясцовы  калгас  імя  Тэльмана  я  рэалізаваў   48  тон  малака  і  сёлета,                уключна  па  ліпень,  – 29  тон. Тут  хоць  разлік  за  прадукцыю  своечасовы.  Прадаю  яго  і  ўсім  жадаючым  аднавяскоўцам,  па  закупачнай  дзяржаўнай  цане.   Ды  і мая  сям’я  пастаянна   мае  на  стале,  свежыя  малочныя,  кісламалочныя    прадукты:  свае,  дамашнія,  тварог,  смятану,  сыр  і  іншае.
— Маючы  гектараў  100  зямлі, – працягвае  разважаць  гаспадар, – можна  працаваць  і  мець  рэзультат.  Нездарма  ў  народзе  гавораць: “Багаты  не  той,  хто  мае,  а  той,  каму  хапае”.  На  зямлі – цяжкая  праца,  яна  не  прыносіць  вялікі  дабрабыт.  Але  жыць  нармальна  можна.
Размаўляючы,  праходзім  па  сядзібе  Шаблінскіх.
–  Вось  куды  ні  кінь тут –  мая  зямля:  хлебная  ніва,  сенажаці,  паша, – Мікалай Ануфрыевіч  паказвае  на  абшары  палёў,  што  распасціраюцца  аж  да   далёкага,  бачнага  цёмнай  палоскаю,  лесу. – Яравымі  засейваў  большую  палову  плошчы.    Азімыя  ж   практычна  прапалі,  прыйшлося  ўчасткі  перасяваць  травой,  канюшынай.  Сена  ж  трэба  на  зіму  для  жывёлы  нарыхтаваць  не  менш  за  300  тон.  Трактары,  прычапны,  навясны  інвентар,  камбайн  збожжаўборачны  –  усё   сваё  ёсць.  Сёлетняй  вясной   купіў  новы апрысквальнік  для  догляду  за  раслінамі  і    яшчэ  адзін  трактар – Т-150,  няхай  з  рук,   але  надзейны.
–  А  рабочыя  рукі   ёсць?
– Дык  у   нас  жа  з  жонкай  Людмілай  Міхайлаўнай  ужо чацвёра     дарослых  дзетак:  два  сыны   і  дзве  дачкі,  ды   і  два  зяці  ёсць.  Працуем  усе  разам.  Дзякуй  Богу, дзеці  добрыя,  не  разбэшчаныя,  працавітыя,  і   нас,  бацькоў,  паважаюць.  Да  нас  з  маці   ўсе   на  “Вы”  звяртаюцца.  Вось  такая  каманда  памочнікаў!  Спадзяёмся (смяецца),  што такія  ж  і  нявесткі  нашы  будуць! А  пастаянна  жыве  з  намі  старэйшы  сын  Сяргей,  мой  аднадумца,  працуе  мо  і  больш  за  мяне,  па  душы  яму  быць  гаспадаром  на  зямлі.  Думаю,  што    перадам  яму  ў  спадчыну  сваю  “Зорку”,  ведаю,  што  ў   добрыя,  надзейныя  рукі.
– Ці  разлічваеце  на  дапамогу,  падтрымку  дзяржавы?  Фермеры  ж  таксама      ўносяць  уклад  у  харчовую  бяспеку  краіны.
– У  асноўным  разлічваю  на  сябе.  Адна  цяжкасць:  добра  было  б,  каб  мінеральныя  ўгнаенні  прадаваліся  па  дзяржаўнай  цане  і  без  усялякіх  праблем.  Сёлета  ў мяне  так  не  атрымалася.  Цяпер  жніво,  а  камбайн  з  поля – плуг  у  баразну,  трэба  ўжо  будзе  клапаціцца  аб  сяўбе  азіміны.
Так,  клопаты  сялянскія  адвечныя,  бясконцыя,  і  так  практычна  круглы  год.  Ці не   закрадваецца  часам  сумненне  аб  правільнасці выбару?  Аб  гэтым  усё  ж  карцела  мне  дапытацца  ў  суразмоўцы.  А  ён  толькі  ўсміхнуўся:
– Улетку  ўстаю  ў  5 гадзін  раніцы,  а  завяршаецца  працоўны  дзень  толькі  пасля  заканчэння  дойкі  кароў,  бліжэй  да  поўначы.  Нічога  не  зробіш,  гарачы  час.  Але  якая  радасць  устаць  разам  з  сонцам,  пабачыць,  як  раса  дыяментамі  блішчыць    на  траве!  А  гэтулькі  салаўёў,  як  тут,  мусіць,  і  няма  нідзе!  Ды  вось  шпакоўняў  нарабіў,  на  кожным  дрэве  ў  гэтых  прысадах,  усіх  32  штукі.  Ці  не  шчасце   жыць  на  такой  зямлі?!  Кветкі,  зелень  люблю,  таму  бэзам  зрабіў  прысаду  амаль  па  перыметру  ўсяго  двара.  Прыгажосць,  калі  ўсё  цвіце!
Слухаю  Мікалая  Ануфрыевіча  і  думаю,  што  сустрэла  блізкую  душу  рамантыка,  які  і  дня  не  змог  бы  пражыць  у  тлумным  мегапо-лісе  сярод  цагляных  гмахаў  і  расплаўленага  сонцам  асфальту.  Бо  адсюль  ён  родам,  ад  ніў  і  лясоў.   А  цяжкасці,  праблемы?  Дык  у   каго  іх  не  бывае?  Важна  ў  працы,  будзённасці  не  астудзіць  душы  сваёй…

Ніна  ІЗОХ.

Сітуацыю  з  забеспячэннем  сельгасвытворцаў  мінеральнымі  ўгнаеннямі  каменціруе  галоўны  спецыяліст  упраўлення  сельскай  гаспадаркі  і харчавання  райвыканкама  Святлана  Лявонцьевна    ЦЯРЭНЦЬЕВА:
– У апошнія  гады  зменена  сістэма  забеспячэння  мінеральнымі ўгнаеннямі  сельгасвытворцаў.  Да  іх  адносяцца  і  фермерскія  гаспадаркі,  але  толькі тыя,  якія  маюць  у  сваім  карыстанні  больш  за  300  гектараў  зямлі.  Толькі  пры гэтай  умове  фермерская  гаспадарка  набывае  статус  сельгаспрадпрыемства  і  можа  разлічваць  на  дапамогу  дзяржавы.  У  Клічаўскім  раёне  такіх  фермерскіх  гаспадарак  няма.
Тыя  ж  дробныя,  якія  сёння  дзейнічаюць  на  тэрыторыі  раёна,  могуць  набыць  мінеральныя  ўгнаенні  за  ўласныя  сродкі.  Дзеля  чаго  неабходна  звярнуцца  ва  ўпраўляючую  кампанію – холдынг  “Аграмашсервіс”  горада  Магілёва  ў  аддзел  паставак  па  тэлефоне  8-0222-32-71-73. Па  факту  папярэдняй  аплаты  мінеральныя  ўгнаенні  будуць  пастаўлены  на  ААТ  “Клічаўрайаграпрамтэхзабеспячэнне”,  адкуль  іх  можна  будзе  забраць.

 

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)