У кожнай пары года – свая адметнасць і непаўторная прыгажосць

размещено в: Наши новости | 1

Нездарма сонца атаясамляюць з жыццём і радасцю. Яно нават узімку ўзнімае настрой, дае натхненне, наталяе светлымі пачуццямі і эмоцыямі. 
Я вельмі люблю сонца ў любую пару года. Сёння раніцай яно пазірала праз вецце вішняку ў акно майго кабінета, пакідаючы на снезе дзіўны цень ад дрэў. Снежнае покрыва пералівалася ў яго промнях усімі колерамі вясёлкі, нібы хтосьці шчодрай рукой пасыпаў яго каштоўнымі камянямі. Беларуская прырода заўсёды была і застаецца крыніцай натхнення паэтаў і пісьменнікаў, музыкантаў і скульптараў, мастакоў, спевакоў і мільёнаў звычайных людзей , для якіх няма нічога на свеце даражэй родных мясцін, дзе кожны куточак да болю знаёмы, пранізаны ўспамінамі, мае сваю багатую гістарычную спадчыну .
У кожнай пары года – свая адметнасць і непаўторная прыгажосць. Трэба толькі заўважаць усё гэта хараство, прыкмячаць нават драбніцы, адчуваючы асалоду яднання з жывой прыродай.

Зіма на зыходзе, нягледзячы на тое, што добра “ціснуць” маразы. Сёння ўжо наступіла каляндарная вясна. Але пакуль яшчэ ёсць магчымасць палюбавацца снегам, далікатнымі карункамі на дрэвах, непаўторнымі ўзорамі, намаляванымі на шыбах мастаком-марозам, удыхнуць свежага марознага паветра, адчуць лёгкасць ва ўсім целе і бадзёрасць. І, хто ведае, можа з цягам часу нехта з нас зразумее, што мінулая зіма была самай лепшай у жыцці. Чаму? Адказ на гэта пытанне ў кожнага свой, але галоўнае, што наперадзе – вясна, а значыць, жыццё працягваецца.

Алена Ганчарова.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)