У Клічаве праводзіць заняткі нядзельная школа

размещено в: Наши новости | 0

Нядзеля. Апоўдні сонейка нясмела прабіваецца праз шчыльную пялюшку аблокаў.
Лёгкі марозец залазіць за каўнер, шчыпле за шчокі, застаўляе прыспешваць хаду тых дзетак, каму не сядзіцца ў цёплых хатах. Яны спяшаюцца па завулку Горкага да будынка нядзельнай школы праваслаўнай канфессіі. На прыцярушанай снегам сцяжынцы адбіткі дзіцячых ножак. У прасторным на дзве палавіны будынку цёпла, у класным пакоі хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухаюць настаўніцу, адказваюць на пытанні, расказваюць вывучаныя дома вершы.
—Заняткі у нас праходзяць з сярэдзіны верасня па май, — расказвае Галіна Пятроўна КОЎРЫК, загадчыца школы, нясе паслушанне ўжо больш за 16 гадоў. На 35 уроках мы вывучаем Святое пісанне Старога и Новага запаветаў, праваслаўную культуру і этыку. Заняткі праводзім па чарзе разам з Верай Віктараўнай АКУЛІЧ і Аленай Вітальеўнай РАБІЗО.
У нас існуюць свае правілы, якім падпарадкоўваюцца дарослыя і дзеці. Напрыклад, пераступаючы парог школы або пакідаючы памяшканне, прыкладваемся да іконы; перш чым сесці за стол, каб папіць чай, абавязкова чытаем малітву і бласлаўляем яду, з малітвай устаем з-за стала.
Мы любім нашых вучняў і паважліва ставімся да іх. Не першы год наведваюць нядзельную школу Хрысціна і Улляна Юрковы, Максім і Косця Шумскія, Даша Чайко, Улад Міхнёнак і многія іншыя.
Нягледзячы на тое, што заняткі пачаліся ў верасні, мы рады бачыць хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх прыводзяць да нас бацькі або дзеці. Заняткі ў нядзельнай школе адрозніваюцца ад урокаў у агульна-адукацыйнай шко- ле, нашы выхаванцы атрымліваюць больш самастойнасці, яны ўдзельнічаюць у тэатральных пастаноўках, самі прапаноў- ваюць тэмы для заняткаў па інтарэсах. Мы выхоўваем не толькі паслухмянасць, культуру зносін, а і адказнасць: дзеці не толькі бяруць, але і вучацца аддаваць. Мы шмат размаўляем з нашымі вучнямі, разважаем пра адвечныя каштоўнасці, аб радзіме, аб павазе і любові не толькі да блізкіх, а і да сваёй краіны.
— Усё, што адбываецца ў нядзельнай школе – гэта не забава, а праца на карысць іншых. Вырабы – вышыўкі, паштоўкі, упрыгожванні — дорацца вернікам на святы або прадаюцца на дабрачынных кірмашах, — падхоплівае размову Вера Віктараўна АКУЛІЧ .— Вось, напрыклад, сёння мы майструем ёлачку з сурвэтак, на другіх занятках будзем выконваць іншыя ўпрыгожванні і тым самым усе разам мы не толькі ствараем атмасферу свята, але і авалодваем пэўнымі навыкамі і ўменнямі. Нашы дзеці ведаюць, што іх праца не марная, што яна прыносіць карысць іншым, робіць лепшым жыццё, а яшчэ яны вучацца цаніць тое, што маюць. Адна з самых каштоўных асаблівасцей нядзельнай школы – дачыненне хлопчыкаў і дзяўчынак да агульнага праваслаўнага жыцця. У нас не прынята гаварыць: «вырасцеш-зразумееш», бо кожнае дзіця – асоба і яно разумее ўсё ўжо цяпер.
З прыемным пачуццём пакідала гасцінную нядзельную школу, дзе яшчэ раз пераканалася ў тым, што праваслаўе ахоплівае ўсе бакі жыцця чалавека, і гэтаму светапогляду трэба вучыцца. Прычым, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу. Дзеля гэтага пры Свята-Дабравешчанскім прыходзе працуе дзіцячая нядзельная школа для ўсіх узроставых груп, дзе любы жадаючы можа атрымаць неабходныя веды аб праваслаўным ладзе жыцця, веравучэнні Царквы, яе гісторыі і традыцыях. Вельмі важна, што нядзельная школа – гэта не проста магчымасць атрымаць пэўныя веды, але і пляцоўка для зносін, дзе кожны мае магчымасць знайсці новых сяброў і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні.

Аліна СУДНІК.
Фота з архіва нядзельнай школы.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)