Толькі на адно тэхнічнае знішчэнне трухлявай хаты неабходна больш чым за 500 000 руб.

размещено в: Наши новости | 1

Многія знаёмы з Указам Прэзідэнта краіны ад 3 лютага 2006 г. № 70 “Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і трухлявых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”, таму што яго выкананне залежыць не толькі ад мясцовай улады, але і тычыцца большасці насельніцтва, тых людзей, якія мелі ці маюць спадчыну.

Сумна бачыць пакінутую і нікому непатрэбную хату. Зараз па Беларусі іх безліч. У глыбінцы Расіі з гэтай праблемай яшчэ горшае становішча. Працавітую і гаспадарчую Украіну таксама не мінула гэта бяда. Што ж здарылася і чаму, менавіта, ў наш час з’явіліся неперспектыўныя вёскі, занядбалыя двары і вуліцы. Каб адказаць на гэта пытанне, заглянем у гісторыю, якая, нажаль, мае ўласцівасць паўтарацца.
У гісторыю на некалькі крокаў назад
1654 год. Цар Аляксей Міхайлавіч пачаў вайну супраць “ праклятых ляхаў” за праваслаўе. Вайна “свой на свайго” цягнулася аж да 1667 году. За гэты час з 2,9 міліёнаў нашага насельніцтва засталося ўсяго 1,4 міліёна. Ад яе як вынік, і разгул эпідэмій, негатыўна адбіўся на дэмаграфічным становішчы насельніцтва. Калі ў руіны ператварыліся Рэчыца, Жлобін, Рагачоў, то што сталася з вёскамі? Яны знікалі з твару зямлі амаль кожны дзень. Толькі праз 122 гады колькасць насельніцтва дасягнула сваёй першапачатковай лічбы.
Але не толькі вайна ўплывала на знішчэнне паселішчаў. Здавалася б, што дрэннага зрабіла адмена прыгоннага права? Тым, хто не згодзен з маёй думкай, раю звярнуцца да класікаў літаратуры і ўважліва перачытаць тыя творы, якія ў школьныя часы многія так і не адолелі. Колькі там апісанняў спустошаных сядзіб і вёсак, колькі бяздомных, убогіх і галодных. У пошуках лепшай долі, людзі пакідалі свае месцы, дзе ўсё ж існавала і дзейнічала, няхай сабе якая-ніякая, а інфраструктура. Ад бязлюддзя знікалі і разараліся дваранскія маёнткі, цэрквы — асноўнае асяроддзе духоўнай культуры.
Адраджэннем вёсак і хутароў не так і даўно займаўся П. Сталыпін. У яго час з’явілася мноства хутарскіх сядзіб, якія размяшчаліся ў асноўным у лесе, полі і далёка ад шляхоў зносін. Частка хутароў затым ператварылася ў вёскі. Менавіта, ў большасці, тыя вёскі і знікаюць зараз.
Негатыўныя з’яўленні ў вёсцы адбыліся і пасля рэвалюцыі 1917 года, а таксама ў час калектывізацыі. Да Вялікай айчыннай вайны ў Клічаўскім раёне было 18 сельсаветаў, якія аб’ядналі 170 населеных пунктаў, дзе пражывала 46 тысяч жыхароў. Вялікая айчынная вайна ўнесла свае негатыўныякарэктывы. За гады вайны Беларусь страціла 2,6 млн. чалавек. Было разбурана каля 80% заводаў і фабрык, жылых дамоў. Але людзі з неімавернымі цяжкасцямі, усё ж устанавілі разбураныя гарады і вёскі, паднялі з руін прадпрыемствы і калгасы. З цягам часу насельніцтва Беларусі дасягнула даваеннай рыскі. Многія памятаюць той час, калі вёскі поўніліся дзіцячымі галасамі, школы і клубы былі перапоўнены. Будаваліся дамы, нараджаліся дзеці. Няхай сабе і не так жылі, як свярджаюць некаторыя, але ж дзяцей народжвалі значна больш, чым цяпер. І не было такога паняцця, як неперспектыўная вёска.
У 90-х гадах не стала Саюза, вялікай імперыі… Значная частка людзей страціла працу, з’ехала ў пошуках яе ў іншыя рэгіёны. У заняпад прыйшлі калгасы, а разам з імі і некаторыя вёскі. Спала нараджальнасць.
Хтосьці можа сказаць, калі нельга паўплываць на крокі гісторыі, то можа і дарэмна нам прыкладаць намаганні, шанаваць і зберагаць гэтыя вёскі, хаты і ўсё тое, што завецца спадчынай? Асабіста я не магу з гэтым пагадзіцца, толькі па той прычыне, што мы людзі і, у большасці сваёй, свядомыя людзі. У нас прысутнічае чалавечая годнасць і духоўная культура. Вось таму мы і жывём на гэтай зямлі, шануем яе, клапоцімся і даглядаем. А яна, наша зямля, грэе нас цяплом і адорвае шчадротамі. А вось недарэчных гаспадароў не прымае, бо сама ад іх і пакутуе.
Паразважаем
Не так даўно пры дарозе мне давялося ўбачыць вялікі дом, а на ім надпіс: “Мяне пакінулі паміраць”. Не ведаю як вам, а мне не толькі крыўдна, а і жудасна. Калісьці гэта хата прыветна чакала сваіх гаспадароў, а цяпер зачынена на іржавы замок, згорбілася як чалавек ад цяжкага гора. Таксама ж выглядаюць і яе прыбудовы. У зімку гэты дом саграваў ад марозу, у летку засцерагаў ад жары. Пазарасталі сцежкі, падзічалі яблыні і зарос сліўняком агарод.
Я ні ў якім разе не падумала дрэнна пра чалавека, які зрабіў гэты надпіс. Хутчэй за ўсё гэта яго рэакцыя на безнадзейныя жыццёвыя абставіны, якія не даюць прадоўжыць жыццё яго роднай хаце. Прадаць — не купяць, бо далёка ад гораду. Ды і за тыя грошы, што дадуць – не разбагацееш, а толькі марокі з афармленнем хопіць на дваіх. Разбурыць і прадаць на дровы — не змог. Зрабіў так, як падказала сэрца. Але ці супакоіцца гэта сэрца праз некаторы час? Напэўна не — забаліць яшчэ горш. Зараз маладога чалавека не цягне ў бацькоўскі дом, мабыць ён не так даўно і з’ехаў, а вось з гадамі – пацягне. І добра, калі дом дачакаецца гаспадара ў добрым стане. А калі не — то дом, зразумела, хутка пачне разбурацца і згодна ўказу Прэзідэнта за № 70, як бязгаспадарчы, будзе перададзены ва ўласнасць мясцовым уладам. Такім чынам суд прызнае новага гаспадара, які і паклапоціцца аб яго далейшым лёсе. Але вось незадача, падлічана, каб зарэгістраваць дом як пустуючы, мясцовым уладам патрэбна выкласці ад 1, 5 да 2 мільёнаў рублёў. А колькі марокі з афармленнем дакументаў? Адкуль жа мясцовым уладам узяць на гэта грошы? Толькі на адно тэхнічнае знішчэнне трухлявай хаты неабходна больш чым за 500 000 руб.
Кампетэнтна і дакладна
Начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна Алег Шымановіча паведамляе, што ў раёне актыўна працуе камісія па абследванню стана дамоў . Усе 140 населеных пунктаў абследаваны. Выяўлена 565 пустуючых і трухлявых пабудоў, на 124 ёсць уведамленні аб намеры выкарыстоўваць дамы для пражывання, 256 драхлых, а лёс астатніх павінен вырашыць суд. Нікіравана 104 уведамленні ўласнікам аб спыненні безгаспадарлівага ўтрымання дамоў і прывядзення іх у належны чын. Па рашэнню сельскіх выканаўчых камітэтаў 140 зямельных участкаў канфіскаваны. У суд мясцовыя саветы падалі 9 іскаў аб прызнанні пустуючых дамоў безбезгаспадарчымі. На месцах з уласнікамі праблемных дамоў рэгулярна праводзіцца рашучыя растлумачальная работа.
Трэба заўважыць, што мясцовыя саветы нядрэнна працуюць у гэтым накірунку, не парушаюць закона, знаходзяць адпаведныя захады, каб прымусіць гаспадароў старанна адносіцца да сваіх абавязкаў. І “воз” ані не там. Многае ўжо зроблена, але больш яшчэ засталося зрабіць, бо час не стаіць на месцы і ўносіць свае карэктывы. Знесена 36 пустуючых і 140 трухлявых пабудоў.
Асабістая думка
Чаму ж так атрымліваецца, што за парадкам, чысцінёй і ўтульнасцю нашых вуліц і вёсак, а таксама і гаспадарчых пабудоў клапоцяцца і нясуць адказнасць кіраўнікі мясцовай улады. Гэта яны хочуць жыць на добраўпарадкаваных вуліцах, а не мы. Гэта ім засціць свет бур’ян пад вокнамі. Гэта іх турбуюць паламаныя агароджы, праз якія пралезуць не толькі сабакі, а і каровы. Няўжо наша краіна такая багатая, ці ёсць лішні рубель, каб аддаць яго на тую справу, якую належыць рабіць нам, гаспадарам сваіх двароў.
Есць такое выказванне: калі хочаш знішчыць нацыю — адвучы людзей працаваць і дай ім гарэлкі. Тады не стане нацыі, а з ёю і краіны. Дык вось давайце ўсе падумаем над гэтым і будзем працаваць на нашай зямлі з вялікай адказнасцю і сумленнем, бо, менавіта, ад кожнага з нас залежыць наш дабрабыт. Давайце паважаць аднавяскоўцаў і суседзяў, якія жывуць побач з развалюхамі. Ім да болю непрыемна кожны дзень бачыць заросшы двор, замест кветак ці прыгожых дрэў, глядзець на пакінутыя паўразбураныя хаты, дзе даўно ніхто не пражывае. І яшчэ. Досыць няньчыцца з “нашчадкамі”. Можа настаў час унесці і дапаўненне ва Указ Прэзідэнта за № 70 аб прымяненні больш жорсткіх мер да гаспадароў недагледжанай маёмасці?

Людміла МАРЧАНКА.

One Response

  1. Ира

    грустно…..Но увы! Будем надеятся, что Указ этот пересмотрят и будет проще и дешевле навести порядок в селах.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)