ТАПІАРЫЙ, ПЭЙП-АРТ І РУКАТВОРНЫЯ ЦУДЫ “ФАНТАЗІІ”

размещено в: Наши новости | 0

“Спасцігаць  новае  ніколі  не  позна” – лічуць  удзельніцы  гуртка  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва  “Фантазія”,  што  дзейнічае  пры  раённым  Доме  рамёстваў.
Усе  яны  людзі  сталыя,  адукаваныя,  кожная – у  мінулым  або  сёння — прафесіянал  у  пэўнай  галіне  дзейнасці. А  сюды  на  заняткі  прыходзяць, каб  навучыцца  ствараць  па-сапраўднаму  прыгожыя  рэчы  ўласнымі  рукамі.   Вырабы  ж  ручной  работы
сёння  цэняцца  ва  ўсім  свеце.  Імі  можна  ярка, арыгінальна ўпрыгожыць інтэр’ер  кватэры  або  зрабіць незвычайны  падарунак  родным, сябрам.  А  калі  дасягнуць  дасканаласці  майстэрства,  то  можна  паўдзельнічаць  у  выстаўках  розных  узроўняў.
Заняткі  ў  “Фантазіі” – гэта  і  магчымасць  зносін  з  цікавымі  людзьмі,  што  таксама  важна,  а  часам  і  галоўнае.
І  хоць  у  гуртку  існуе  пэўны  графік  работы,  прыйсці  сюды  можна  ў  любы  зручны  для  сябе  час.  Яго  кіраўнік  Святлана  Васільеўна  Койпіш,  яна  ж  метадыст-майстар  Дома  рамёстваў,  кожнаму  ідзе  насустрач,  праводзіць  і  індывідуальныя  заняткі.  А  навучыць  яна  можа  сакрэтам  розных   відаў  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва,  больш  сучасных. Так,  пад  час  нашай  нядаўняй  сустрэчы  ішоў  занятак  у  тэхніцы  тапіарый.  Майстрыхі  рабілі  маленькае  рукатворнае  цуда – аўтарскае  Дрэва Шчасця.  Кожнае – па-свойму  непаўторнае,  створанае  па  ўласным  гусце,  у  любімай  колеравай  гаме,  з  розных  матэрыялаў – паперы,  зіхаткіх  елачных  бусаў  і  цацак,  атласных    і  капронавых  стужак  і  безлічы  іншага.  Дарэчы,   найбольш  дорагакаштуючыя  матэрыялы  для  работы  майстрыхі  набываюць  за  свой  кошт.
Пацікавілася  творчымі  планамі  аб’яднання. Па  словах Святланы  Васільеўны,  у  бліжэйшай  перспектыве  яна  будзе  праводзіць  заняткі,  даваць  майстар-класы  па  тэхніках  скрапбукінга  (дэкаратыўнае  афармленне  паштовак,  фотаальбомаў,  рамак,  прадметаў  інтэр’ера),  дэкупажа  (дэкарыраванне   розных  прадметаў),  пэйп-арт (сурвэтачная  тэхніка)  і  іншых.
Ёсць  ужо  і дамоўленасць  з  прызнанымі  майстрыхамі  народнага аматарскага  аб’яднання  “Спадчына”  аб  правядзенні  тут  майстар-класаў  па  розных  тэхніках  рукадзелля,  у  тым  ліку  вязання  кручком.  І  ва  ўдзельніц  гуртка  таксама  ёсць магчымасць  падзяліцца  ўласным  вопытам  у  якой-небудзь  тэхніцы  ДПМ.
Прабыла  ў  раённым  Доме  рамёстваў  зусім  нядоўга,  а  выйшла    ў  выдатным  настроі.  Дарэчы,  як  і  заўсёды.  Надзвычай  тут  дружалюбны,  спрыяльны  мікраклімат,  бо  працуюць людзі  шчырыя,  таленавітыя.   Прыемна  было  і  па-новаму  адкрыць  для  сябе  як  творцаў  удзельніц  “Фантазіі”.   Пабачыла  на дзіва  прыгожыя  навагоднія  тапіарыі,  бліскучыя  ад   задавальнення  вочы майстрых.  І  мне тут  жа  захацелася  стаць  “сваёй”  у  гэтай  кагорце.  Але  ўсяму  свой  час…

Ніна  ІЗОХ.  Фота  аўтара.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)