Святлана Васільеўна Чыжонак, намеснік загадчыка Клічаўскай раённай аптэкі: «Я вельмі люблю сваю прафесію, а на працу заўсёды іду з задавальненнем»

размещено в: Наши новости | 0

– Я  вельмі  люблю  сваю  прафесію,  а  на  працу   заўсёды  іду  з  задавальненнем, –  сцвярджае  Святлана  Васільеўна  Чыжонак,   намеснік  загадчыка  раённай  аптэкі.  І  не  паверыць  у  шчырасць  гэтых  слоў  проста  няма  падстаў.
Святлана  Васільеўна – правізар,  у  прафесію  прыйшла  па  прызванні  душы.  А  прыклад  быў  з  дзяцінства:  яе  цётка  Роза  Пятроўна  Шамаль  гэтай справе  прысвяціла  ўсё  жыццё.  Так  атрымалася,  што  і  самыя  блізкія  сяброўкі  абралі  сваёй  прафесіяй  медыцыну.  Святлана  жартуе,  што  і  па  знаку  задыяка,  як  Дзеве,  ёй  лепш  за  ўсё  падыходзіць  гэта  сфера  дзейнасці. Таму выбар  яе  атрымаўся  натуральным  і  добра  абдуманым.   Як  правізар,  яна   добра ведае   ўсе  лекавыя  сродкі,  што  прапануе  сёння  фармацэўтычны  рынак.  Адзін  з  асноўных  службовых  абавязкаў –   заказ  для  аптэчнай сеткі  раёна  ўсіх  лекавых  сродкаў,  прадметаў  догляду  за  хворымі,  касметычных сродкаў,  лекавай  і  расліннай  сыравіны  і  іншых  тавараў  аптэчнага  асартыменту. Толькі  ў   раённай  аптэцы  ў  наяўнасці  больш  за  2000 ! найменняў  лекавых  сродкаў.  Святлана  Васільеўна  сістэматычна  інфармуе  ўрачоў  раённай  бальніцы   аб   новых  медыцынскіх  прэпаратах,  што   паступаюць  у  аптэку.
Святлану  Васільеўну  Чыжонак  ведае  ў  твар  добрая  частка  дарослага  насельніцтва  Клічава,  бо,  як  і  іншыя  правізары,  фармацэўты  аптэкі,  яна  даволі  часта  працуе  з  кліентамі,  а  за  адну  змену  тут  даводзіцца  абслугоўваць  да  300  чалавек.  Яна  адпусціць  патрэбныя  лекавыя  сродкі,  растлумачыць,  як  правільна іх  прымаць,  раскажа  аб  фармакалагічных  асаблівасцях  таго  або  іншага  прэпарата.  У  Святланы  Васільеўны  можна  атрымаць  карысную  інфармацыю  і  кансультацыю  адносна  лекавых  траў  і  іх    сілы.  Яшчэ  ў  час  вучобы  ў  Віцебскім  мед-інстытуце  яна  цікавілася  фармакагнозіяй (навукай  аб  лекавых  раслінах),  удзельнічала  ў  навуковай  дзейнасці  ў  гэтай галіне.     Атрыманыя  ў  інстытуце  веды,  вопыт  работы,  пастаянная  работа над  павышэннем  кваліфікацыі  дапамагаюць  ёй  складаць  змястоўныя  і  цікавыя  лекцыі, з  якімі  спецыяліст  выступае  ў  працоўных  калектывах.
А  яшчэ  гэта  мілавідная  і  прыгожая  жанчына  добрая  жонка,   маці  12-гадовай  Аляксандры  і  8-гадовага  Косці.  У сям’і  Чыжонкаў   вялікая  ўвага  ўдзяляецца  здароваму  ладу  жыцця.  Адно  з  самых  сур’ёзных  захапленняў – настольны  тэніс.  Саша  ўжо  і на  першынствах  рэспублікі  выступала.  А  ўсе  разам  яны  імкнуцца  да  гармоніі  жыцця.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)