СВЯТА РОДНАЙ МОВЫ

размещено в: Наши новости | 0

У  юблейны,  дваццаты  раз, наша краіна адзначыла Дзень беларускага пісьменства. Сёлета  эстафету  прымаў  Прыдняпроўскі край, славуты  і  старажытны  Быхаў, які падараваў свету  нямала  гучных  імёнаў: Мілецій  Сматрыцкі,  Лаўрэнцій  Зізаній,  Міхаіл  Мушынскі,  Іван  Баранкевіч,  Барыс  Стральцоў…


Праграма свята была насычана рознымі цікавымі мерапрыемствамі. У  першы  дзень  святкавання  адбылося  ўрачыстае  адкрыццё  шэрагу  аб’ектаў  сацыяльна-культурнага  прызначэння.  У  прыватнасці,  абноўленых  да  свята  чыгуначнага  вакзала,  аўтавакзала,  Цэнтра  культуры,  басейна  і  інш.  У  гэты  ж  дзень  была  увекавечана  памяць  аб  вядомым  ураджэнцу  Быхаўскага  раёна,  публіцысце,  пісьменніку,  доктары  філалагічных  навук,  прафесары  Барысе  Васільевічу  Стральцову.  Яго  імя  прысвоена  Быхаўскай  раённай  бібліятэцы,  а  на  будынку  Цэнтра  культуры  была  адкрыта  мемарыяльная  дошка  з  яго  барэльефам.  На  цырымоніі  прысут-нічала  ўнучка  вядома  дзеяча  культуры,  якая  ад  усяго  сэрца  падзякавала  кіраўніцтву  вобласці  і  раёна,  абласной  арганізацыі  Беларускага  саюза  журналістаў,  па  ініцыятыве  якой  былі  сабраны  сродкі,  усім  быхаўчанам  за  памяць  аб  родным  для  яе  чалавеку.
Своеасаблівай  «изюминкой»  свята  стала  адкрыццё  на  галоўнай  плошчы  горада  манументальна-скульптурнай  кампазіцыі  “Баркулабаўскі  летапіс”.  У  аснове  яе – два  знакавыя  элементы  з  гісторыі  духоўнага  і  культурнага  жыцця  Быхаўскага  раёна:  Баркулабаўскі  летапіс,  унікальны  мастацкі  твор,  помнік  беларускага  пісьменства  ХVII  стагоддзя,  і  ікона  Божай  Маці  Баркулабаўскай.
Галоўным  жа   з   усіх  мерапрыемстваў  стала  цырымонія  афіцыйнага   адкрыцця  свята. Сярод гасцей была і  дэлегацыя  нашага  раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Францішак  Вітольдавіч  Вашчыла.
Усіх прысутных са сцэны віталі  намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, першы намеснік  кіраўніка  Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь  Аляксандр  Радзькоў, які  зачытаў  віншаванне  кіраўніка  дзяржавы  ўдзельнікам  і  гасцям  урачыстасцей:  “Паважаныя сябры!  Сардэчна віншую вас са святам  – Днём беларускага пісьменства.  Гэта адметная падзея ў культурным жыцці дзяржавы. Свой шлях за дваццаць гадоў свята прайшло праз усю краіну. Сёлета яго сустракае гасцінная Быхаўская зямля. Юбілейнае святкаванне Дня беларускага пісьменства яшчэ раз звяртае нас да каштоўнасцей, якія закладзены ў кнігах: павага да простага чалавека, маральная чысціня і самаадданая любоў да роднай зямлі.  Сімвалічна, што Дзень беларускага пісьменства супадае ў гэтым годзе з Днём ведаў. Для беларусаў слова, веды, духоўныя каштоўнасці заўсёды былі асновай дзяржаўнага развіцця, апорай у пераадоленні цяжкасцей і перашкод.
Дзень беларускага пісьменства  – добрая  нагода  для кожнага з нас успомніць шматвяковыя нацыянальныя традыцыі, асэнсаваць іх месца ў сучаснасці. Беларусь ведае свае духоўныя карані, зберагае дасягненні мінулых пакаленняў і на гэтым грунтоўным падмурку ўпэўнена крочыць у будучыню.Шчыра жадаю ўсім удзельнікам і гасцям урачыстых мерапрыемстваў шчасця, згоды, плённай працы і дабрабыту».
Слова  таксама  бралі  старшыня аблвыканкама  Пётр  Руднік, епіскап Барысаўскі, вікарый Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Веньямін, старшыня  Быхаўскага райвыканкама  Дзмітрый  Калееў. У  час  канцэрта  адбылася  цырымонія  прадстаўлення  гарадоў-сталіц  Дня  беларускага  пісьменства  мінулых  гадоў,  тэатралізаваная  дзея,  выступленні  самадзейных  артыстаў.  На  гэтай  жа  сцэне  былі  ўшанаваны  і   сёлетнія пераможцы штогадовага  рэспубліканскага  літаратурнага конкурсу на лепшы твор.  “Залатых  купідонаў”  і  Дыпломы  першай  ступені  атрымалі  Яўген  Хвалей,  Мікалай  Барысенка,  Барыс  Кавалерчык  і  Таццяна  Атрошанка.  Узнагароды  ім  уручыў  намеснік  прэм’ер-міністра  Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік.
Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся, каб усім было весела, каб кожны адчуваў сваю прыналежнасць да свята: літаратурныя чытанні, спартыўныя спаборніцтвы, міжнародны  «круглы  стол»  з  удзелам  беларускіх  і  замежных  пісьменнікаў,  фестываль  кнігі  і  прэсы,  закладка  алеі  гарадоў-сталіц  свята  “Дзень  беларускага  пісьменства”,  выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладной творчасці і шмат іншага.
На  Дне  беларускага  пісьменства  ў  Быхаве  быў  устаноўлены  і  рэкорд  СНД  і  краін  Балтыі  па  скачках  з  парашутам  і  сцягам.  Спартсмен-парашутыст  Магілёў-скага  аэраклуба  Павел  Навіцкі  разгарнуў  над  горадам  гіганцкі  сцяг  Беларусі,  агульнай  плошчай  каля  700  кв. м.
Частавалі рознымі прысмакамі гандлёвыя кропкі з многіх раёнаў  Магілёўшчыны, на кожным  падворку разгортвалася свая канцэртна-забаўляльная праграма.
Да позняга вечара доўжылася свята, фінальнай часткай якога стала ўрачыстае закрыццё Дня беларускага пісьменства і цырымонія перадачы эстафеты гораду  Заслаўлю  Мінскай  вобласці. У завяршэнні начное неба над  Быхавам   расквеціў  святочны феерверк.

Людміла  ПРАКАПОВІЧ.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)