Па дарозе ў горад

размещено в: Наши новости | 1

Дзе б мы, усе суседзі, сабраліся разам, калі б не на прыпынку ў чаканні маршрутнага аўтобуса? Пакуль той пад’ехаў, вяскоўцы паспелі абмеркаваць мясцовыя (і не толькі) навіны. Сёння многія спяшаліся не толькі на працу, але і на гарадскі рынак, куды па чацвяргах штотыдзень з’язджаюцца прадпрымальнікі з суседніх рэгіёнаў.
Жадаючых даехаць – чалавек 15. Іх ледзьве змяшчае ўжо поўны аўтобус. Мяне літаральна «заносяць» у салон, нецярпліва падштурхоўваючы ззаду. Праход паміж пасадачнымі месцамі вузкі, «вісім» адзін на адным. Хто з пасажыраў абураецца, а хто і жартуе:
– Ваня, не дыхай, прыбяры жывот, глядзіш, і яшчэ дваім месца ў салоне знойдзецца.
Тоўсты мужчына не чакаў такой вольнасці ад знаёмага, схамянуўся і засаромеўся, але паціснуўся.
– А ты не прыгай, як певень, першым, а жанчын прапусці, глядзіш, каторая і зверне на цябе, старога халасцяка, увагу, – заступілася за Ваню чырванашчокая Света.
«Стары халасцяк» – хударлявы мужчына гадоў за сорак – уладкаваўся сярод жанчын і задаволена ўсміхаўся, не звяртаючы ніякай увагі на цеснату. Здавалася, яму даспадобы такое становішча. Дваіх маладзіц ён абдымаў і нешта смешнае шаптаў адной з іх на вуха, тая смяялася. Незадаволеныя пасажыры злосна пазіралі на вясёлую кампанію.
Апошніх пасажыраў на наступным прыпынку ледзьве ўціснулі ў аўтобус. Нехта прапанаваў ім ці то жартам, ці то ўсур’ёз пачакаць наступнага. Ён толькі праз гадзіну, а злавіць «папутку» цяпер – безнадзейная справа. Адным словам, пашкадавалі. Хаця і дужа цесна, але нікому не крыўдна.
На гэтым выпрабаванні раззлаваных пасажыраў не скончыліся. Праз некаторы час, а прайшло ўсяго некалькі хвілін, аўтобус спыніўся. «Вось, – думаю, – прыехалі, мусіць, да ўсяго і непаладкі нейкія ўзніклі з тэхнікай. Вядома, столькі людзей». Высветлілася, што на гэты раз «віноўнікі» прыпынку – кантралёры. Што ж, у кожнага свае абавязкі, якія трэба выконваць. Але ў даным выпадку, улічваючы, што час быў даволі ранні, вельмі несвоечасова. Тут цярпенне некаторых зусім лопнула і пасыпаліся гнеўныя рэплікі ў адрас кантралёраў:
– Які яшчэ кантроль, ледзь уціснуліся, на працу спазняемся!
– Ганіце іх прэч з аўтобуса, правярак гэтых! і г. д.
Зразумеўшы, што пасажыры не на жарт разышліся, апошнія не сталі правяраць білеты ў кожнага. Многія ўздыхнулі з палёгкай, калі дзверы зачыніліся і аўтобус крануўся з месца.
…На сядзенні каля акна, утульна ўладкаваўшыся, спаў і нічога не чуў Васіль. Жонка адправіла яго на рынак. Трэба было купіць тое-сёе гаспадарчае. Напярэдадні, увечары, ён як мае быць адзначыў свята з суседам Міколам, таму зранку галава «гудзела». Васіль, употайкі ад жонкі, наліў шклянку «першаку», кульнуў яе і хуценька сабраўся ў дарогу. На прыпынку ў горадзе пасажыры «выслізвалі» з цеснаты аўтобуса хто як мог, праціскваліся паміж людзьмі. Шчаслівыя, апынуўшыся на свабодзе, імкліва шыбавалі кожны па сваіх справах. Наперадзе яшчэ цэлы дзень.
…Васіль прачнуўся ад моцнага штуршка і не адразу ўцяміў, дзе ён знаходзіцца і куды трэба ісці, бо
яшчэ не паспеў дагледзець свой каляровы сон.

Алена ГАНЧАРОВА.

One Response

  1. Владимир Наумович Дулебенец

    Уважаемая Алена! С Вами я встречаюсь на страницах сайта не в первой и каждый раз читаю ваши публикации с большим удовольствием. Вы, если не ошибаюсь, сельская журналистка, потому что написать так о сельском автобусе и его пассажирах может только мастер колоритного сельского слова. Вы знаете, я как бы проехал месте с Вами со ст Несета в Кличев на рынок в четверг, на который так же ходил будучи в гостях в Кличеве. Я благодарю Вас, Алина, за мову, которая напомнила мне школьную прозу 60-летней давности: «…спокойна и повольно, как у зачарованном сне, утулившися в болота несет Припять суходолому Днепру свою богатую данину, а её так много, что этой работы ему хватит на долгие годы…» А откуда это, подскажите мне, пожалуйста? Ваш земляк из д. Турца Владимир Дулебенец 26.01. 14. Город Владивосток.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)