Сваё майстэрства передала і малодшай дачцэ…

размещено в: Наши новости | 0

Кожны народ вызначаецца сваёй культурай, нанізанай на бялявае павуцінне часу, якое ўвабрала ў сябе духоўную і матэрыяльную спадчыну. У кожнага народа існуе свая, непаўторная народная творчасць, бо менавіта толькі яна найбольш яскрава адлюстроўвае самабытнасць і каларыт той ці іншай мясцовасці, таго ці іншага краю.
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва – галіна народнай творчасці, якая глыбокімі каранямі адыходзіць у далёкае мінулае і ўключае ў сябе розныя, па-мастацку аформленыя вырабы: прылады працы, хатняе начынне, адзенне. Найбольш пашыраныя віды на Клічаўшчыне – гэта разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне і кавальства. Для гэтага звычайна выкарыстоўваюць танныя, шырокадаступныя матэрыялы: дрэва, гліну, лазу, лён, салому, воўну.
Ніна Мікалаеўна Пінчук , жыхарка вёскі Ліпніца, – адна з нямногіх, якая змагла захаваць да нашага часу традыцыі майстэрства мясцовага ткацтва і вышыўкі.
–Гэты дар я прыняла ад сваёй матулі,Фядосіі Емяльянаўны, а тая – ад сваёй, Варвары, – пачала размову мая субяседніца. – І менавіта ў дар. Бо толькі руплівым, старанным і працалюбівым спаўнадавалася гэта справа, з усім сваім каларытам і таямніцамі, каб у адпаведны час заззяць самабытным узорам на посцілках і ручніках.
Ткацтва і вышыўка былі самымі распаўсюджанымі відамі беларускай народнай творчасці. Уменне ткаць і вышываць было абавязковым заняткам для кожнай сялянкі мінулага стагоддзя. І невыпадкова, бо асноўную частку вясельнага пасагу дзяўчыны павінны былі складаць ткацкія вырабы: ручнікі, абрусы, адзенне, дываны.
Асноўнымі матэрыяламі для ткацтва былі лён, шэрсць авечак, каноплі. Для расфарбоўкі нітак і тканіны выкарыстоўваліся звычайныя пігменты колеру кветак, кары дрэў, розных траў. Вось таму традыцыйная гама беларускіх тканых вырабаў стрыманая і няяркая. Аднак для Беларусі , і ў асаблівасці для Клічаўскага раёна, характэрна вышыванне ў асноўным толькі белай льняной тканіны з далікатным малюнкам. Дэталі вопраткі, ручнікі, абрусы і другія вырабы з лёну упрыгожваліся чырвоным, вельмі часта з дабаўленнем чорнага колеру, вышытым ці вытканым узорам геаметрычнага тыпу.
Так ужо наканавана, што вёскі Ліпніца, Куцін, Максімавічы і іншыя паселішчы гэтых мясцін заўжды былі аддалены ад раённага ці абласнога цэнтраў, і не кожная жыхарка магла трапіць у гарадскую краму за мануфактурай ці адрэзам тканіны. Вось і даводзілася сялянам аж да сярэдзіны дваццатага стагоддзя на сваіх прысядзібных надзелах побач з бульбай сеяць лён , каноплі, а таксама трымаць вялікія статкі авечак.
Прыказка “Авечка – вакол чалавечка” і вядомая песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок” і шмат іншых народных твораў сведчаць аб тым, што дэкаратыўна – прыкладное мастацтва, як і вусная народная творчасць, цесна перапляталіся адзін з другім. Дзе былі песні, там былі і цудоўныя, непаўторныя па прыгажосці вышыўкі, роспісы адзення, а дзе было цудоўнае адзенне, там была і песня…
Ніна Мікалаеўна ўспамінае: “Надвячоркам заходзілі ў госці суседкі – жанчыны, ставілі свае прасніцы, бралі ў рукі кудзелю. Спачатку размаўлялі, а потым адна з іх зацягвала песню, яе падхоплівала другая, затым падтрымлівалі астатнія жанчыны. Святла не было – гарэла газоўка, але найчасцей – звычайная лучына. Песні спявалі розныя, але больш журботныя: ці то вечар свой адбітак накладваў, ці то жыццё было цяжкае. Аднак у полі гучалі песні звонкія, зычныя. І нясе тады гэту песню вецер па наваколлю і чутна яна далёка-далёка”. З сумам у голасе прыгадвае Ніна Мікалаеўна час перад вайной: “Запомнілася, што напярэдадні вайны жанчыны чамусьці столькі песень спявалі, як быццам бы сэрца жаночае бяду чула. А падчас іх словы клаліся на тканіну ручнікоў ды абрусаў рознымі дзівоснымі ўзорамі – васількамі, рамонкамі ды незабудкамі”.
Нарадзілася вышывальшчыца ў 1935 годзе ў вёсцы Куцін у сям’і Мікалая Яўхімавіча Шаўкуна, які памёр незадоўга да вайны. У сям’і засталіся трое дзяцей маленькага ўзросту. Усяго выпала ў час вайны на долю дзяўчынкі, як кажуць, і голад, і холад. Але нават у той цяжкі час яе маці ткала, вышывала і гэтаму вучыла сваіх дачушак. Ды толькі Ніначцы хацелася не толькі цудоўна вышываць, але вучыцца пісаць і чытаць. Пасля вайны, нягледзячы на тое, што была ўжо пераросткам, пайшла ў школу, бо цяга да вучобы была непамерная.
– Калі нашы войскі гналі адступаючых немцаў, – прыгадвае Ніна Мікалаеўна, – каля вёскі Мацевічы разбілі вялікі нямецкі абоз. Жыхары ўсіх навакольных вёсак хадзілі туды, каб набраць якога-небудзь пажытку. Трапілі туды і мы з братам Косцікам. Аднак замест розных рэчаў набралі поўныя мяхі паперы, а потым дома зрабілі сабе сшыткі для школы. Маці тады крыху пакрычала, але што зробіш, відаць, разумела, да чаго ў дзяцей душа ляжыць, і ўпотай ганарылася намі.
Аднак, нягледзячы на вялікае жаданне вучыцца, Ніне Мікалаеўне давялося скончыць толькі тры класы. Пасля вайны яшчэ некаторы час за вучобу ў школе прыходзілася плаціць. Грошай не было, а тут яшчэ і маці захварэла. Дзеці пайшлі працаваць у калгас. Вучылася толькі меншая сястрычка Марыля. Цяжка было працаваць у тыя гады ў калгасе. Мужыкоў было мала, амаль усю работу цягнулі на сабе жанчыны: і аралі ,
і вазы замест валоў цягалі. Толькі адно не згасала ў душы – прага да творчасці. “Калі з навукай не атрымалася, – вырашыла яна тады, – патрэбна стаць выдатнай майстрыхай ды добрай жонкай”. Гатавала пасаг, каб не саромна было перад людзьмі, хаця і расла сіратой. Лёс узнагародзіў дзяўчыну: замуж яна выйшла за цудоўнага хлопца з суседняй вёскі Новая Ліпніца Віктара Пінчука, які таксама быў працавітым чалавекам. Пабудавалі новы дом, завялі гаспадарку. Жылі ў згодзе, гадавалі дзвюх дачушак – Марусю ды Кацю. Гаспадар працаваў у калгасе “50 год Кастрычніку” і дамоў вяртаўся позна, аднак не ішоў да суседа пагуляць у карты, а браўся за сякеру, рабіў дамашнюю справу, дапамагаў гаспадыні. Людзі з зайздрасцю казалі: “На Пінчуках многа не заробіш”. А Ніна Мікалаеўна ў той час грукатала кроснамі, вышывала новыя дзівосныя ўзоры, вучылася рабіць гэта больш дасканала і вучыла гэтаму сваіх дзяўчынак.
Прайшоў час… Больш за дзесяць гадоў няма побач з ёй Віктара Кузьміча, павырасталі дзеці, нарадзіліся чацвёра ўнукаў і сямёра праўнукаў. Але толькі нядаўна Ніна Мікалаеўна разабрала кросны, бо аслабеў зрок, ды і рукі ўжо не тыя. Беражліва склала іх на гарышчы, спадзеючыся ў душы, што каму-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца. Спатрэбяцца ці не – пабачым. Але вось тыя дываны, якія выткала на гэтым самаробным ткацкім станку, яшчэ доўга будуць служыць людзям, радаваць іх вока і здзіўляць сваёй вытанчанасцю, бо свае вырабы майстар падарыла і ўнукам, і праўнукам, і проста знаёмым людзям. Сваё майстэрства яна перадала і малодшай дачцэ Кацярыне, якая засталася ў сяле, працуе ў бібліятэцы і таксама мае талент. Яна не толькі цудоўна вышывае, але і робіць вельмі прыгожыя вырабы з бісеру.
Усхваленыя ў песнях беларускія ручнікі і вышыванкі з ружамі і васількамі Ніна Мікалаеўна перадала ў вясковы музей. Тут, у кутку народнай творчасці, яе цудоўныя вырабы знайшлі сваё пачэснае месца, каб найбольш яскрава знаёміць людзей з вясковым бытам і творчасцю . А яшчэ гэта будзе добрым здабыткам у захаванні народных традыцый і промыслаў нашай мясцовасці. І хто як не работнікі ўстаноў культуры павінны, у першую чаргу, спрыяць захаванню гэтых традыцый, вывучаць іх, імкнуцца як мага больш расказваць аб творчасці майстроў, паказваць іх вырабы, даносіць да кожнага чалавека таямніцы і прыгажосць непаўторных беларуских ўзораў. Традыцыйнае народнае мастацтва нашага рэгіёна – бясцэннае багацце мясцовай культуры. І гэта мастацтва жыве, самастойна развіваецца і з’яўляецца той невычэрпнай крыніцай, якая папаўняе наша сучаснае арганізаванае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і народныя рамёствы.

Сяргей ШЧЭПКА,
дырэктар Максімавіцкага
сельскага Дома культуры.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)