Настаўніца Пярэкальскай сярэдняй школы Анастасія ШЭЙДА расказала за што так любіць сваю работу

размещено в: Наши новости | 0

Настаўнік — гэта вельмі адказная прафесія. Кажуць, што сапраўдны настаўнік — гэта чалавек ад Бога, %d1%88%d0%b5%d0%b9%d0%b4%d0%b0а ўсе іншыя прафесіі — ад настаўніка.
У кожнага з нас у жыцці быў свой настаўнік, дзякуючы ведам, вопыту і мудрасці якога мы спазналі свет, навучыліся ствараць і будаваць будучыню. Толькі чалавек з асаблівым талентам умее данесці да іншага свае веды і ўменні, толькі яму хапае мужнасці і цярпення браць на сябе адказнасць за выхаванне новага пакалення. Ды і на роспач нашы дарагія настаўнікі не маюць права, яны заўсёды хаваюць слабасць і стому, бо ў іх нялёгкая справа – жыццё адкрываць другому.
Калі ласка, шаноўныя чытачы, знаёмцеся з маладым спецыялістам, настаўніцай рускай і беларускай мовы і літаратуры Пярэкальскай сярэдняй школы Анастасіяй ШЭЙДА. Анастасія Анатольеўна расказвала, за што так любіць сваю работу.

— Лёс чалавека. Хто яго вызначае? Ці мы выбіраем прафесію, або, як часам здаецца, яна выбірае нас, — невядома. Але калі чалавек працуе па прызванні, то гэта становіцца зразумелым, у першую чаргу, яму самому. Вызначаючы жыццёвы шлях, кожны спрабуе рэалізаваць сябе, знайсці сваё месца ў жыцці. Некаторыя шукаюць сябе доўга, пакутліва, спрабуючы і памыляючыся ў розных прафесійных сферах. А мой выбар прафесіі пачаўся яшчэ ў дзяцінстве, калі з любімымі цацкамі гуляла ў сюжэтна-ролевую гульню. Прычым, як правіла, заўсёды выбірала ролю настаўніка. Жаданне стаць настаўнікам стала яшчэ мацней, калі пайшла ў Дзмітраўскую сярэднюю школу і пазнаёмілася з першай настаўніцай Людмілай Васільеўнай Зайцавай. Яна стала для мяне прыкладам ва ўсім, бо была і застаецца ўвасабленнем дабрыні, гуманізму, інтэлігентнасці. З першага знаёмства яе міміка, жэсты, мова зачароўвалі і цягнулі мяне ў свет ведаў. На працягу 11 гадоў я старанна вучылася, выконвала ўсе заданні і даручэнні, удзельнічала ў розных конкурсах, алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. І мае намаганнi прыносілі плён: дыпломы, медалі, грашовыя заахвочванні, памятныя сувеніры — усё гэта прывяло да таго, што я скончыла школу з залатым медалём.
Калі паўстала пытанне выбару будучай прафесіі, у мяне не было нават думкі, што я магу стаць кімсьці іншым. Бо выбар быў зроблены яшчэ ў першым класе. І я паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова на факультэт славянскай філалогіі па спецыяльнасці выкладчык рускай мовы і літаратуры, беларускай мовы і літаратуры. Шлях набыцця гэтай прафесіі быў даволі доўгім і цяжкім, але досыць цікавым і займальным. Нават там, ва ўніверсітэце, я паказала сябе з лепшага боку не толькі ў вучобе, але і ў жыцці факультэта: тры гады ўзначальвала Актыў Савета студэнцкага самакіравання, удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах і ў валанцёрскім руху. Пяць гадоў вучобы падарылі мне шмат ведаў, верных сяброў, незабыўную школьную практыку.
Па-рознаму прыходзяць у школу настаўнікі, і па-рознаму складваюцца нашы лёсы. Дыплом педагагічнай ВНУ — усяго толькі дакумент на права далучэння да вялікароднай і надзвычай складанай працы. А складанасць настаўніцкага хлеба ў тым, каб знайсці шлях да кожнага вучня, стварыць умовы для развіцця іх здольнасцей. Відавочна, што і мне, як маладому спецыялісту, менш дасведчанаму, чым калегі, якія працуюць у школе ўжо не першы год ці дзесяцігоддзе. Мне па-шчасціла пачынаць працоўную біяграфію ў цудоўным калектыве Пярэкаль-скай сярэдняй школы. Спачатку не ўсё складвалася лёгка, не хапала навыкаў кантакту з вучнямі, увогуле, не было ўсяго таго, што прынята называць прафесіяналізмам. Але адміністрацыя школы, калектыў і вялікі прафесіянал, настаўніца рускай мовы і літаратуры Валянціна Мікалаеўна Халайдова ўзялі мяне пад сваю апеку, стварылі спрыяльную атмасферу, шчодра дзеляцца жыццёвым і прафесійным вопытам, дапамагаюць адаптавацца і адчуваць сябе ўпэўнена.
Я бязмежна ўдзячная лёсу, які прывёў мяне ў школу. Прафесія настаўніка дае вялізныя, практычна неабмежа-ваныя магчымасці для творчасці. Гэта прафесія, у якой немагчыма спыніцца, у якой неабходна пастаянна расці над сабой, самаўдасканальвацца, шукаць новыя метады і шляхі, прафесія, у якой, аддаючы частку сваёй душы, атрымліваеш значна больш, чым аддаеш – веру, любоў і павагу вучняў. Але каб працэс навучання быў больш якасным і цікавым, мне, як маладому спецыялісту, хацелася б каб абсталяванне, дыдактычныя і раздатачныя матэрыялы ў кабінеце адпавядалі ўзроўню сучаснага навукова-тэхнічнага і гуманітарнага прагрэсу. Тады і вучні з задавальненнем будуць крочыць услед за настаўнікам у нялёгкім, але такім займальным працэсе авалодання новымі ведамі. Я пераканалася ў тым, што настаўнік у сучасным свеце — той жа вучань. Пакуль мы асвойваем новыя прагрэсіўныя методыкі, укараняем інавацыі і вывучаем вялікае мноства разнастайнай літаратуры – мы вучымся. Менавіта ў гэтым каштоўнасць настаўніка: не толькі аддаваць веды вучням, але і самому пастаянна вучыцца і імкнуцца да прафесійнага росту.
У нашым раёне працуе школа маладога настаўніка. А гэта вялікая падмога для пачынаючых педагогаў. Мы не толькі абмяркоўваем найбольш актуальныя тэмы, пытанні і праблемы, з якімі часта сутыкаюцца нават дасведчаныя педагогі. Кіраўнік раённай школы Таццяна Аляксандраўна Варакса арганізоўвае адкрытыя ўрокі, круглыя сталы, творчыя заняткі, шчодра дзеліцца ўласнымі матэрыяламі, якіх шмат назапасіла за жыццё. За першы ў жыцці працоўны год ў ДУА «Пярэкальская сярэдняя школа» ў мяне ўжо ёсць маленькія дасягненні і поспехі, рэалізаваныя амбіцыі не толькі як настаўніка-прадметніка, але і як творчага чалавека: дыплом 1-й ступені ў раённай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры вучаніцы 8-га класа; дыплом 3-й ступені ў танцавальным конкурсе «Стартинейджер»; дыплом 3-й ступені ў спартыўных спаборніцтвах па валейболе сярод работнікаў сферы адукацыі; удзел у навукова-даследчай дзейнасці з вучнем 11-га класа. А яшчэ я правяла адкрыты ўрок, выступіла на раённай нарадзе кіраўнікоў устаноў адукацыі, правяла экзамены па рускай мове сярод вучняў 9-га класа, папрацавала выхавальніцай у школьным лагеры «Сонейка», з’яўляюся сертыфікаваным карыстальнікам інфармацыйных тэхналогій у адукацыі ў катэгорыі «Вучэбна-выхаваўчая праца».
Ці падабаецца мне мая прафесія? Сказаць, што вельмі падабаецца – мала. Я атрымліваю задавальненне ад жыцця, таму што атрымліваю задавальненне ад таго, чым займаюся кожную хвіліну, кожную гадзіну, кожны дзень.
Скажыце, хіба не па прызванні прыйшоў працаваць настаўнік, калі на працу ідзе з радасцю, калі ў сваім кабінеце адчувае сябе як дома, калі больш радуецца поспехам вучняў, чым сваім? Усё. Дыягназ устаноўлены. Гэты настаўнік любіць сваю працу. Настаўнік — прафесія адмысловая, праца зусім не з лёгкіх, таму і ноша гэтая пад сілу не кожнаму … Але я пераканалася ў тым, што зрабіла пра-вільны выбар. Я люблю прафесію, люблю дзяцей і не спынюся на дасягнутым, пастараюся прыносіць карысць вучням, нашай школе, раёну, краіне!

Запісала Аліна СУДНІК.