МЕСЦА СУСТРЭЧЫ – ШКОЛА

размещено в: Наши новости | 2

У  першую  суботу  лютага  ажывае  і  прыкметна  маладзее  наш  ціхі  і  ўтульны  Клічаў.  Вечарам  чыстым,  казачна-праменным  святлом  ззяюць  вокны  абедзвюх  гарадскіх  школ,  незвычайна  шумна  становіцца  ў  іх:  вясёлы  смех  і  радасныя  вітанні,  абдымкі  і  пацалункі,    музыка  напаўняюць   атмасферу  трапяткім  хваляваннем.  Менавіта  ў  гэты  дзень  былыя  вучні,  нібы  птушкі  ў  родныя  гнёзды,  злятаюцца  на  сваё  асабістае  свята – вечар  сустрэчы  выпускнікоў.
Вось  і  сёлета    ў  СШ  №1  імя  Героя  Савецкага  Саюза  Паўла  Крываноса  на  сустрэчу  з  сябрамі  прыйшлі  тыя,  хто  скончыў  навучальную  ўстанову  ўсяго  год  таму,  пяць  гадоў,  пятнаццаць  і  нават  45.
–Так,  мы  не  губляем  сувязі  са  сваімі  выпускнікамі,  беражліва  захоўваем  традыцыі  школы.  Мы  радуемся  за  вас,  ганарымся  вамі,  мы  заўсёды  чакаем  вас  у  госці, —   вітаў  усіх  выпускнікоў,  што  са-браліся  ў  зале,  Васіль  Васільевіч  Сазанавец,  дырэктар  школы.
– Кожная  такая  сустрэча – знакавая  падзея.  За  апошнія  дзесяцігоддзі  сотні  выпускнікоў  атрымалі  пуцёўку  ў  жыццё.  Многія  з  іх  часта  прыходзяць  у  госці  ў  школу.  Але  першая  субота  лютага – асаблівы  і  кранаючы  самыя  патаемныя  струны  душы  дзень.  Дзень,  калі  трэба  спыніцца,  успомніць  і  выслухаць  людзей,  у  якіх            укладзена  частка  ўласнай  душы, – падзялілася  настаўніца  біялогіі  Святлана  Сцяпанаўна  Барадуліч.
Адзін  за  другім  паднімаюцца  на  сцэну  выпускі.  Усе  з  усмешкамі  і  падарункамі  для  школы,  кветкамі  для  любімых  настаўнікаў,  з  успамінамі  і  жартамі.  Па  ўсім  відаць,  што  ў  гэту  чароўную  лютаўскую  ноч  не  будзе  канца  гісторыям  пра  ўрокі,  класныя  гадзіны,  дні  здароўя,  творчыя  мерапрыемствы   і  многае  іншае,  што  запала  ў  сэрца.
– Як  жа  прыемна  часам  акунуцца  ў  сваё  бесклапотнае  дзяцінства  і  ўзнёслае  юнацтва,  у  пару  першага  кахання,  у  той  час,  калі  ўвесь  свет  здаваўся  такім  велізарным,  такім  нязведаным  і  неспазнаным.  Як  жа  хораша  ўспомніць  пра  залатую  школьную  пару,  дзе  закладзены  асновы  сапраўднага  сяброўства! –  шчыра  гаварылі  выпускнікі  розных  гадоў   і  з  хваляваннем  лавілі  кожнае  слова,  слухалі  песню,  глядзелі  танец,  якія  ахвотна  і  вельмі  ўмела  дэманстравала  юнае  пакаленне  цяперашніх  школьнікаў.
Апошнімі  на  сцэну  паднімаліся  самыя  сталыя  колішнія  вучні.  Усяго  нейкіх  45  гадоў  таму  яны  былі  такія  ж  юныя,  прыгожыя,  непаўторныя.  Сёння  гэта  паважныя,  падкрэслена  стрыманыя,  малажавыя  і  актыўныя  спадары  і  спадарыні.
– Выпускнікі  1970  года  ў  школе  частыя  госці.  На  працягу  апошніх  шасці  гадоў  яны  ўзялі  пад  свой  патранат  таленавітых  юнакоў  і  дзяўчат,  якія  ўпартай  працай  дабіваюцца    поспехаў  у  вучобе,  і  амаль  20  вучняў  за  гэты  час  былі  ўзнагароджаны  залатымі  і  сярэбранымі  зліткамі.  Не  стала  выключэннем  і  сёлетняя  сустрэча.  У  дар  школе  перададзены  шматфункцыянальнае  ўстройства,  ноўтбук,  відэакамера, тэлефон-факс, гадзіннік, – адзначае  Васіль  Васільевіч  і  дадае:  — Мы  вельмі  ўдзячныя  ім,  а  таксама  ўсім  нашым  вучням  за  ўвагу  да  школы  і  падарункі,  якімі  яны  адорваюць  нас  штогод.
Можна  па-добраму  пазайздросціць  выпуску  1970  года.  Яны – яркі  прыклад  сапраўднага   школьнага   сяброўства,  узаемавыручкі,  павагі  і  трапяткіх  адносінаў.
Нягледзячы  ні  на  што,  адклаўшы  ўсе  справы  і  характэрныя  ўзросту  недамаганні,  прыехалі  на  цягніках  і  машынах    з  Магілёва,   Мінска,  Бабруйска,  прыляцелі  на  самалётах  з  Калінінграда,  Севераморска,  Санкт-Пецярбурга.  Пра  іх   можна  напісаць  цэлую  аповесць,  а  то  і  раман,  пра  тое,  як  праз  усё  жыццё  пранеслі  і  захавалі  цёплыя  ўзаемаадносіны,  як  сталі   афіцэрамі  Савецкай  Арміі  тры  школьныя  сябры – Слава  Баршчэўскі,  Міша  Арцімовіч  і  Віця  Сырамалот , і  якіх   выдатных  спецыялістаў  у  іх  асобах  атрымаў  КДБ  і  Паўночнаморскі  флот;  як  упарта  працавалі  на  ніве  адукацыі  і сталі  выдатнікамі  асветы  Кацярына  Харлап,   Ларыса  Койпіш  і  Ірына  Свірыдовіч;  колькі  выдатных  аперацый  выканаў  хірург  ад  Бога Валерый  Бусел;  пра  тое,  як  знайшлі  сябе  ў  вірлівай  плыні  жыцця  і  сталі  шчаслівымі  мамамі  і  бабулямі  Валянціна  Салановіч,  Зоя  Сілівончык,  Валянціна  Шамаль,  Тамара  Казела;  як  па-ступова  паднімаўся  па  кар’ернай  лесвіцы  і   стаў  намеснікам  дырэктара  аднаго  з  буйнейшых  прадпрыемстваў  вобласці  Станіслаў  Кавалёў;  як  дотыкам  сваіх  гаючых  рук  лечыць  людзей  Галіна  Кушнер.  Яшчэ  шмат  чаго  цікавага  можна  расказаць  пра  іншых  іх  аднакласнікаў,  якія  ўсе  як  адзін  сталі  годнымі  людзьмі  і  ўзялі  ў  спадарожнікі  лепшыя  чалавечыя  якасці:  любоў  да  працы,  мэтанакіраванасць,  дабрыню.
Юбіляры  сёлета  ўзнагародзілі  залатымі  зліткамі  Арцёма  Рыжковіча,  Аліну  Альхоўскую,  Крысціну  Шэх,  а  іх  бацькам  уручылі  падзякі за  годнае  выхаванне  дзяцей   і  букеты  кветак.  Не  абыйшлі  ўвагай  і  любімую  настаўніцу  Тамару  Афанасьеўну  Храмянок,   сярэбранай  манетай  узнагародзілі  Крысціну  Ціхаміраву  і  яе  бабулю  Раісу  Уладзіміраўну.
– Прыгажосць  чалавечай  душы  заўсёды  вымяраецца  ўчынкамі,  адносінамі  да  іншых  людзей,  вернасцю  дадзенаму  слову.  У  гэтай  зале  пераважная  большасць  такіх,  ёсць  яны  і  сярод  нас.  Вячаслаў  Антонавіч  Баршчэўскі  – адзін  з  тых,  хто  на  справе  адраджае  да  жыцця  паўзабытае  слова  “мецэнат”.  Дык  няхай  ніколі  не  “оскудеет  рука  дающего”,  заўсёды  застаецца  такой  жа  шчодрай  яго  светлая  душа, – заўважыла  Кацярына  Сцяпанаўна,  нязменны  арганізатар  і  інтэлектуальны  натхніцель  свайго  выпуску  (за  што  ёй  аднакласнікі  вельмі  ўдзячныя),  і  выказала  надзею,  што  і  іншыя  выпускнікі  школы  таксама  праявяць  зацікаўленасць  і  падхопяць  іх  ініцыятыву,  каб  аднойчы,  гадоў  праз  45,  перадаць  эстафету  іншым.

Аліна  СУДНІК.
Фота  аўтара.

2 Responses

  1. Тамара Козелло

    Огромное спасибо Екатерине Харлап и Вячеславу Борщевскому за организацию такой неповторимой встречи выпускников 1970г. Люблю всех своих одноклассников и уже жду следующей встречи.

  2. Михаил, Виктор

    Самая лучшая наша хозяйка — Екатерина Степановна. Лучший организатор и вдохновитель!

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)