Масленіца з блінамі, а пост з грыбамі

размещено в: Наши новости | 1

Спальваннем чучала Зімы завяршыліся масленічныя гулянні «Гуляй, Масленічка!» у Клічаве. А папярэдне вялікі карагод павадзілі вакол яго. Значыць, пазбавіліся ад хвароб, грахоў і гэтак уступілі ў Велікодны пост.
А пакуль у апошні дзень Масленіцы весяліліся на гулянні стары і малы, сотні клічаўлян і гасцей горада. Кожны знайшоў тут забаву па сабе. На сцэне ішоў тэатралізаваны паказ, свае песні, музыку дарылі калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Малыя і нават дарослыя з задавальненнем каталіся на конным экіпажы, і сонца ззяла пад дугой, і бразготкі заліваліся вясёлай песняй.
І ўсе былі ўдзячны гаспадару і возчыку Анатолю Лаўрэнцьевічу Грузду з Клічава, які з ахвотай падтрымаў былую традыцыю масленічных гулянняў. Дзятва яшчэ атакавала і вясёлы, размаляваны мульцівагончык.
Людзі ж засумавалі ўжо за доўгую зіму па сонцу, вось і адводзілі душу ў гэты ясны дзень. Так і сыпалі частушкамі на конкурсе, з азартам з’язджалі на санках з гары, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсна-гульневай праграме, дзе і бой «пеўняў» быў, і адзін другога мяхамі з сенам малацілі: хто мацнейшы ды больш кемлівы. Самыя спрытныя штурмавалі з поспехам традыцыйны «Клічаўскі слуп». Узнагародай ім сталі добрыя прызы – прас, настольная лямпа, набор посуду і іншае.
А якая ж Масленіца без бліноў? Наеўся – цяпер будзеш увесь год сыты! Удосталь іх з пылу-жару прапаноўвала «Бабуліна кухня». Ды яшчэ і гарачы чай з самавара, і безліч усялякіх найсмачнейшых страў беларускіх.
І раённае спажывецкае таварыства ў баку не засталося. Для людзей была бяспройгрышная латарэя, шырокі продаж прадуктаў, духмяныя шашлыкі. Хто прыйшоў на гулянне ў гарадскі парк, весяліўся – не пашкадаваў!

Ніна Ізох.




Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)