ЛЕС БЕЛАРУСІ – ЛЁС БЕЛАРУСІ

размещено в: Наши новости | 0

У  Мінску  завяршыла  работу  XVІ  міжнародная  спецыялізаваная  выстаўка  “Лесдрэўтэх-2015”,  якая  праходзіла  ў  Нацыянальным  выставачным  цэнтры  “Белэкспа”.  Удзел  у  ёй  прымалі  больш  як  50  арганізацый  і  кампаній,  якія спецыялізуюцца  на  вырошчванні  і  нарыхтоўцы  лесу,  зборы  і  перапрацоўцы  адходаў драўніны,  вытворчасці  і  пастаўцы  абсталявання  і  тэхнікі  для  прадпрыемстваў  ляснога  комплексу.
Выстаўку  наведалі  афіцыйныя  дэлегацыі,  якія  ўзначалілі  кіраўнікі  лясных  ведамстваў  Расіі,  прадстаўнікі  навукова-даследчых  інстытутаў,  якія  займаюцца  пытаннямі  лясной  гаспадаркі,  і  розных  лясных  кампаній  з   Эстоніі,  Літвы,  Латвіі  і  іншых  краін.
Удзел  у  рабоце  выстаўкі  прымала  і  дэлегацыя   ДЛГУ  “Клічаўскі  лясгас”,  у  склад  якой  уваходзілі  галоўныя  спецыялісты  і   работнікі  прадпрыемства.
У ходзе  дзелавой  праграмы  выстаўкі  прайшла  і  міжнародная  канферэнцыя  “Інвестыцыі  і   інавацыі  ў  лясную  галіну  Беларусі”.
На  выстаўцы  былі  прадстаўлены  тэхналогіі  і  абсталяванне  для  лесапасадак,  абсталяванне  і  інструменты  для  лесанарыхтовак,  лесанарыхтоўчая  і  транспарціровачная  тэхніка,  дарожна-будаўнічая  тэхніка,  спецінструмент,  вопратка,  экіпіроўка  для  работнікаў  лясной  гаспадаркі,  абсталяванне  для  драўніннага  гранулявання,  вытворчасці  паліўных  брыкетаў,  пелет;  катлы,  газагенератары,  сістэмы  ацяплення,  станкі  і  інструменты  для  пярвічнай   і  паглыбленай  апрацоўкі  драўніны,  сушыльнае  абсталяванне.
Праграма  выстаўкі  была  разнастайнай  і  насычанай.  Напрыклад,  нямала  гледачоў  сабраў  конкурс  прафесійнага  майстэрства  вальшчыкаў  лесу  і  машыністаў-аператараў  фарвардэраў  на  відовішчных  праграмах  “Тимбер-шоу”  і  “Форвардер-шоу”.   У   конкурсе  прафесійнага  майстэрства  вальшчыкаў  лесу  выступіў  і  вальшчык  Віркаўскага  лясніцтва Канстанцін  Аляксандравіч  Бяржанін.  А   галоўны  ляснічы  лясгаса  Алег  Валер’евіч  Селіх  быў  запрошаны  ў члены  журы  гэтага  конкурсу.
У  конкурсе  “Лепшы  аператар  гідраманіпулятара-2015”  выступіў  Уладзімір  Віктаравіч  Мазін,  вадзіцель  аўтамабіля  па  вывазцы  лесу  Доўгаўскага  вопытна-вытворчага лясніцтва.
У  рамках  правядзення  выстаўкі    ААТ  “Мінскі  аўтамабільны  завод”  арганізавала  для  механікаў  лясгасаў  і  ДВЛГА  наведванне  завода  з  паказам  вытворчасці  і  новых  узораў  лесавозаў.
Традыцыйна  ў  рамках  выстаўкі  працаваў  кірмаш-продаж  лясной  прадукцыі.  На  сваіх  пляцоўках  арганізацыі-экспаненты  дэманстравалі   зрубы  дамоў,  лазняў,  альтанкі,  садовую  мэблю,  дэкаратыўную  агароджу  з  драўніны,  а  таксама  вялікі  асартымент   пасадачнага  матэрыялу  з  лясных  гадавальнікаў,  тавары  народнага  спажывання  з  драўніны  і  многае  іншае.   ДЛГУ  “Клічаўскі  лясгас”  прадставіла  на  сваёй  пляцоўцы  струганы  паганаж,  блокі  машчэння,  макеты  млыноў.

Аляксандр  СЭКА,
інжынер  ДЛГУ  “Клічаўскі  лясгас”,
удзельнік  выстаўкі  “Лесдрэўтэх–2015”.
На  здымку:  прадукцыя  ДЛГУ  «Клічаўскі  лясгас»,  прадстаўленая  ў  час  выстаўкі.


Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)