КОЖНЫ ДЗЕНЬ ДОРАЦЬ РАДАСЦЬ ЛЮДЗЯМ

размещено в: Наши новости | 0

Учора  ва  ўсім  свеце  адзначаўся    Дзень  медыцынскіх  сясцёр.  Свята  гэта  мае  глыбокія  гістарычныя  карані  і  дае  магчымасць  лішні  раз  выказаць  словы  ўдзячнасці,  кажучы  казённай  мовай,  сярэдняму  медыцынскаму  персаналу.
Кожны  раз,  калі  выпадае  нагода  пісаць  аб    прадстаўніцах   адной  з  самых  гуманных  прафесій  на  свеце,   узгадваюцца  творы   Івана  Шамякіна  “Сэрца  на  далоні”,  “Трывожнае  шчасце”,  дзе  ў  вобразах  герояў,  урача  і  фельчаркі,  пісьменнік  увасобіў  лепшыя  рысы  медсясцёр,  такія,  як  узнёсласць,  адкрытасць  людзям,  пачуццё  любові  і  спагады  да  іх,  унутраная  глыбіня  і  чысціня,  глыбокая  адказнасць  за  сваю    справу.  Праца  прыносіць  ім  задавальненне,  яны  сумленна  ставяцца  да  сваіх  службовых  абавязкаў,  дапамагаюць  пазбыцца  хвароб  не  толькі  лекамі,  але  і  цёплым  словам,  дабрынёй,  клопатам  і  ўвагай.
Усе  гэтыя  рысы  ўласцівыя  і  нашым  сучасніцам,  загадчыцам  ФАПаў  Наталлі  Аляксандраўне  Белазор  з  вёскі  Буднева,  Таццяне  Аляксееўне  Макавецкай  з  аграгарадка  Заполле,  Ганне  Віктараўне  Тарасюк  з  Ядранай  Слабады,  Ірыне  Уладзіміраўне  Станчык  з  аграгарадка  Нясята,  Вікторыі  Георгіеўне  Казак  з  Дзмітраўкі  (на  здымку  злева  направа). У  іх  няма  вялікіх  дасягненняў  і  адкрыццяў,  высокіх  званняў.  Для  іх  самае  большае  шчасце –  ведаць,  што  яны  патрэбныя  пацыентам.
Аб  тым,  што  фельчар  заўсёды  вельмі  жаданы  госць  у  кожным  сельскім  доме,  яскрава  сведчаць  тэлефонныя  званкі  ў  рэдакцыю  ад  жыхароў  раёна.   Шмат  цёплых,  шчырых,  сардэчных  слоў  выказваюць  яны  ў  адрас  людзей  у  белых  халатах! Такія  званкі  кранаюць  сваёй  шчырасцю  і  прастатой, наводзяць  на  роздум,  што  знакамітае  “не  нашкодзь”  у  Клятве Гіпакрата – гэта ўсё  ж  такі  неабходны  маральны  мінімум,  які  патрабуе  ад  медыкаў  любога  ўзроўню – ад  акадэмікаў  да  санітарак — кожны  дзень  шчодра  дарыць  хворым  сваю  ўвагу,  неабыякавасць,  добрыя словы.  Толькі  ў  такім  выпадку  можна  разлічваць  на  станоўчыя  вынікі  ад  лячэння.

Аліна  СУДНІК.

 

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)