КВЕТКАВАЯ ВЯСЁЛКА

размещено в: Наши новости | 0

Якая жанчына не любіць кветкі? Не памылюся, калі скажу: “Бадай, што кожная гатовая бясконца OLYMPUS DIGITAL CAMERAлюбавацца імі, з вялікім задавальненнем удыхаць іх чароўны, непаўторны водар”. Сярод прадстаўніц прыгожай паловы шмат тых, для каго вырошчванне кветак стала сур’ёзным захапленнем.
Падворак сям’і ТУРАВЫХ, жыхароў аграгарадка Бацэвічы, штогод з самай ранняй вясны і да позняй восені прыцягвае ўвагу не толькі аднавяскоўцаў, але і ўсіх пасажыраў аўтобусаў, машын, што праязджаюць па цэнтральнай ву-ліцы ў іншыя населеныя пункты. Цяжка не заўважыць гэты цагляны дом. Ён літаральна патанае ў безлічы розных кветак. Яны тут паўсюль: у двары і палісадніках, на падаконніках, на клумбах і ў кашпо каля ўваходу, абапал агароджы і г.д. Гаспадыня гэтага кветкавага хараства, Тамара Васільеўна, і сама не можа дакладна вызначыць, колькі іх на падворку. Аднак, калі прыкінуць, то займаюць яны тут трэцюю частку ўсяго зямельнага ўчастка. А ён не такі і малы – 0,25 гектара. Наўрад ці ёсць у каго ў нашым раёне іх больш, чым у гэтай гаспадыні. І гэта ў цяперашні няпросты час, калі кожны , хто мае зямельны надзел, стараецца вырошчваць на ім гародніну ды садавіну, каб забяспечыць сваю сям’ю карыснай, таннай і экалагічна чыстай прадукцыяй.
Гародніну ды садавіну Туравы таксама вырошчваюць, як і ўсе. Як жа інакш? Аднак побач з бульбай, гуркамі ды таматамі цвітуць ружы і геаргіны, рамонкі, гладыёлусы, пятуніі, пеларгоніі і герані, астры і шмат іншых рознакаляровых красак. Больш таго: і ў хаце безліч самых розных пакаёвых кветак. Усе яны радуюць гаспадароў, іх дзяцей і ўнукаў, шматлікіх гасцей сваім хараством. Не дзіва, што нярэдка зусім незнаёмыя людзі просяць дазволу сфатаграфавацца на гэтым падворку, каб паказаць сваім знаёмым. Тамара Васільеўна і Леанід Мікалаевіч не адмаўляюць у гэтым. Зараз гаспадары, былыя працаўнікі мясцовага калгаса, ужо на заслужаным адпачынку, а гэта значыць, што болей часу могуць прысвяціць хатняй гаспадарцы і догляду за раслінамі. З імі ж заўсёды шмат клопатаў. Цікава, што вопыт догляду за кветкамі ў гаспадыні свой, адметны, набыты самастойна за шмат гадоў жыцця ў гэтым доме. Ёй, як і кожнай жанчыне, хацелася, каб ён быў прыгожым, таму і стараліся ўсе разам. Даглядаць за раслінамі і кветкамі ў гэтай сям’і любяць. Тамара Васільеўна справядліва зазначае, што ў Бацэвічах шмат прыгожых, дагледжаных сядзіб, дзе абапал цвітуць кветкі і ветліва ўсміхаюцца гаспадары. Людзі ў Бацэвічах наогул добразычлівыя і гасцінныя. Ці не таму тут такія прыгожыя кветкі?

Алена ГАНЧАРОВА.
Фота аўтара.