КАЛЁСЫ ДЫКТУЮЦЬ ВАГОННЫЯ

размещено в: Наши новости | 1

Засынаць  і  прасынацца  пад  стук  вагонных  колаў  таварных  і  пасажырскіх   цягнікоў   сям’і  Кудзін,  якая  жыве  ў  Патоцы,  не  прывыкаць.

Іх  прасторная  хата   і  дагледжаны  ўчастак  з  морам  кветак,  дэкаратыўных  кустоў,  фруктовых  дрэў,   з  буйнай  сакавітай  гароднінай   прылягаюць  прама  да  чыгункі.   Яшчэ  30  гадоў  таму  шчаслівы  лёс  звёў  разам   гарэзлівую,  хуткую  і  паваротлівую   Кацярыну  і  памяркоўнага,  высокага  і  добрага   Сяргея.    Пасля  шлюбу  адна  за  другой  нарадзіліся  дочкі  Аліна,  Марына,  Вераніка.    Дзяўчаткі  выраслі,  свае  сем’і  займелі.  Ужо  падрастаюць   унукі  Уладзіслаў,   Кіра, Валерыя, Яна, Каміла.
Пра  Сяргея  Васільевіча Кудзіна,  дарожнага   майстра 9-га  акалотка    Магілёўскай  дыстанцыі   пуці,   людзі кажуць:  чалавек справы.   Сам чыгуначнік   не   любіць   лішніх пытанняў   і   ў людзях   у   першую чаргу  цэніць  шчырасць  і  адкрытасць,   добразычлівасць  і працавітасць.
У падначаленых   ў   яго чатыры   брыгады – 18 чалавек.  Своечасова   давесці пуцейцам   вытворчыя   заданні,   пракантраляваць  стан і  якасць    іх  выканання, пры неабходнасці   аператыўна   выявіць   і   ліквідаваць   прычыны  парушэнняў  – далёка  няпоўны  пералік  службовых   абавязкаў дарожнага   майстра.   Сяргей  Васільевіч – чалавек сціплы,  з  добрым  пачуццём  гумару.  Ён не  баіцца  адказнасці,  патрабавальны  да  сябе  і  падначаленых.  Да кожнага ў  працоўным   калектыве  стараецца  знайсці  падыход, стварае  спрыяльны  мікраклімат.

ГІСТАРЫЧНАЯ  ДАВЕДКА

Штогод у першую нядзелю жніўня сваё прафесійнае свята – Дзень чыгуначніка – адзначаюць працаўнікі сталёвых магістраляў Беларусі.  Гэтае свята звязана менавіта з пачаткам будаўніцтва і развіццём чыгунак, з’яўленнем новай прафесіі – чыгуначнік.
Беларуская  чыгунка  мае  багатую  гісторыю. Папярэдніцай беларускіх чыгуначных магістраляў лічаць чыгунку Старынкаўскага  металургічнага і машынабудаўнічага завода Бенкендорфа, які дзейнічаў у 1840-60-я гады.
Першым беларускім горадам з чыгуначным   рухам стаў Гродна.   Першая лінія Парэчча-Гродна   пачала  дзейнічаць  яшчэ ў 1862 годзе як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.
Але афіцыйнай  датай  нараджэння Беларускай чыгункі лічыцца лістапад 1871 году, калі ў эксплуатацыю ўступіла яе галоўная магістраль – Смаленск – Орша – Мінск – Брэст.
Беларускія чыгуначнікі ўнеслі значны ўклад у будаўніцтва прамысловасці і сельскай гаспадаркі краіны. Яны з годнасцю вытрымалі выпрабаванні ваеннага ліхалецця і прынялі актыўны ўдзел у пасляваенным аднаўленні народнай гаспадаркі.
На долю чыгуначнага транспарту агульнага карыстання ў апошняе дзесяцігоддзе прыпадае каля 75% усіх выконваемых у краіне грузавых і больш за 50% пасажырскіх перавозак.
Жыццё многіх беларусаў так ці інакш звязана з чыгункай. Калектыў Беларускай  чыгункі складае больш за 110 тысяч чалавек.
Беларуская чыгунка – гэта сучасная, добра развітая транспартная сістэма працягласцю 5,5 тысячы кіламетраў. Найбольш буйныя чыгуначныя вузлы – Мінск, Брэст, Гродна,  Гомель, Орша, Баранавічы, Жлобін, Калінкавічы, Магілёў, Віцебск, Полацк.

–    Чыгунка   дысцыплінуе,  кожны  новы дзень не падобны на папярэдні, – па-жаночы  адкрыта  аб плюсах сваёй працы  разважае  Кацярына  Аляксееўна, брыгадзір і жонка  ў  адной  асобе. – Мы робім  сур’ёзную   справу – забяспечваем  бяспеку руху цягнікоў.  Таму выпадковыя людзі ў нас не затрымліваюцца.   Медыцынскую  камісію  кожны  год  праходзім,  як  лётчыкі  перад  палётамі.  Што  ні  кажыце,  а  чыгунка  патрабуе  парадку,  пільнасці  і  вялізнай  адказнасці.  Мы  ж   ў  адказе  не  толькі  за  санітарны  і   эстэтычны  стан  дарожнага  палатна,  а  за  кожную  гайку  і  шпалу,  якія  павінны  быць  у  ідэальным  стане.
Праца 13  манцёраў, 4 брыгадзіраў, трактарыста і дарожнага  майстра  падпарадкавана  гэтай  задачы.    У  зоне іх  адказнасці –  прыпыначныя  пункты  Стаялава,  Суша, Развадава, Залічынка, станцыя Вонічы,  што  на  адлегласці  ад  53  па  79  кіламетр   Магілёўскай дыстанцыі  пуці.
Апошнім  часам  у  Беларусі     на  працу  пуцейцамі   жанчын  не   прымаюць.    Кацярына  Аляксееўна – адна  з  нямногіх  прадстаўніц  лепшай  паловы  чалавецтва, якія  займаюцца  гэтай  справай.    Амаль  30 гадоў служыць  яна   на  чыгунцы,   на  «выдатна»  выконвае  свае  прафесійныя  абавязкі,  а  што  гэта    сапраўды  так,  сведчыць  высокае  званне  «Ганаровы  чыгуначнік»,  якое  прысвоена   Кацярыне  Аляксееўне  Кудзін  у  2007  годзе.
Пра тое,  што  мае  новыя  знаёмыя  – шчаслівая людзі,    сведчыць  многае.  А  больш  за  ўсё   выдае  тое,  з  якой   любоўю   і  павагай  яны  глядзяць  у  вочы  адзін  аднаму,  як  ён,  ледзь  усміхнуўшыся  ў пышныя   вусы,    зачаравана    любуецца   яе  новай сукенкай  на  па-дзявочы  прыгожым  стане,   як  пяшчотна  і  радасна  іх  абступаюць  унукі   і  кожны  хоча   прыхінуцца,  каб  атрымаць  порцыю  любові  і ласкі.   І  ўжо  не  важна,  што  неба  хмарыцца,  што  муж  пасля працы «знікае» ў гаражы, дзе  гадзінамі  рамантуе   машыны,    трактары,  безліч     іншай тэхнікі,     якой застаўлены   ўвесь  участак.    Галоўнае – ён заўсёды  побач,  хоць  і  заняты  бясконцымі  справамі.  То  забяспечвае   кормам   кар-міцельку-кароўку,   якую прыходзіцца  трымаць у  вальеры,  то   даглядае  разам  з  зяцямі  і  родзічамі  2  гектары  зямлі.
Калі  выпадае  вольная  хвіліна,    Кудзіны   цешаць  душу з унукамі,  якія  на  лета  з  задавальненнем  едуць  да  дзядулі  з  бабуляй.
Нашы  землякі  Сяргей  Васільевіч  і  Кацярына  Аляксееўна  з  кагорты  тых  рэдкіх  людзей,   якія   ўмеюць  працягнуць  руку дапамогі.  Фактычна  членам  сям’і   стаў   Сяргей   Рамановіч,  у  якога  заўчасна  памерла   маці. Яго  з  жонкай  і  дзеткамі  заўсёды  рады  бачыць  у    дружнай,  вельмі  адкрытай   і   працавітай  сям’і  беларускіх  чыгуначнікаў.
Шаноўныя  Кацярына  Аляксееўна  і  Сяргей  Васільевіч!  Шчыра  і  сардэчна  віншуем  вас і  вашых  падначаленых  з  прафесійным  святам – Днём  чыгуначніка! Жадаем  вам  моцнага  здароўя  на  доўгія  гады,  шчасця  і  дабрабыту.  Няхай  заўсёды  вашы  жыццёвыя  шляхі   будуць  такімі ж  роўнымі  і  надзейнымі,  як  сталёвыя  магістралі,  што  сталі  сэнсам  вашага  жыцця.

Аліна  Суднік.

One Response

  1. Ян Кабрыль

    Жить возле ж/д, содержать огородную плантацию, питаться продуктами, напичканными серой и свинцом и не дожить до 60-ти — плакать надо, а не гордиться!

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)