Каб выхаваць дастойнага грамадзяніна

размещено в: Наши новости | 0

Любіць Радзіму — значыць ведаць яе гісторыю, з павагай адносіцца да народных традыцый і свят, а любыя веды ўзбагачаюць інтэлект, пачуцці людзей. Адна з галоўных задач, якія стаяць перад дзяржавай, — патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Асаблівая роля ў развіцці дастойнага грамадзяніна сваёй краіны належыць выхаваўчым
установам. Вось на гэту тэму адбылася мая размова з намеснікам дырэктара Клічаўскага цэнтра пазашкольнай работы Лідзіяй Лук’янаўнай АЧЫНОВІЧ.

— Лідзія Лук’янаўна, Вы з’яўляецеся кіраўніком гуртка “Музейная справа”. Шмат часу праводзіце з дзецьмі рознага ўзросту. Сёння часта даводзіцца чуць папрок : дзеці не ведаюць гісторыі сваёй краіны і не прывыклі ёй ганарыцца…
— Не магу пагадзіцца з такой ацэнкай. Па-першае, не трэба абагульняць. Ёсць шмат маладых людзей, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Беларусі. Па-другое, гісторыю сваёй краіны, як асобны вучэбны прадмет мы пачалі вывучаць у школе толькі з 1993 года. 17 гадоў — гэта зусім
малы тэрмін і з гістарычнага, і з сацыялагічнага пункту гледжання. Гэта
нават менш чым адно пакаленне. Трэба адзначыць і тое, што дзяржава шмат чаго за гэты час паспела зрабіць. З яе дапамогай распрацаваны вучэбныя праграмы і падручнікі, з’явіліся праграмы на тэлебачанні, прысвечаныя гісторыі Айчыны, у школах і навучальных установах вядзецца актыўная краязнаўчая работа. І вынік сёння безумоўна адчуваецца, няхай не такі яскравы, але ён ёсць і будзе ўзрастаць, калі ўсе выхаваўчыя ўстановы і грамадскія арганізацыі будуць працаваць супольна.

— Сёння цяжка выхоўваць годнасць за сваю краіну, калі яе эканамічныя
поспехі яшчэ не столькі значныя, як бы нам хацелася. Як Вы думаеце, ці
можна выхаваць патрыётаў толькі на славутай гісторыі нашай роднай Беларусі?

— Безумоўна. Трэба сказаць, што грамадска-патрыятычнае выхаванне
з’яўляецца важным накірункам дзяржаўнай палітыкі ў адукацыі. Прыярытэтаў і асноўных накірункаў гэтага выхавання шмат. І калі які-небудзь з гэтых асноў не дасканалы, перавага прыпадае на
іншыя. Успомніце часы ліхалеццяў. Людзі здзяйснялі подзвігі, пераносілі празмерныя цяжкасці, але пры гэтым праяўлялі гераізм і мужнасць. Вось гэта і трэба расказваць дзецям, каб яны ў значнай меры пранікліся тым, што рабілася гэта ў імя сваёй Радзімы.

— Існуе меркаванне, што многія традыцыйныя сродкі выхавання патрыятызму ў наш час сталі недастаткова эфектыўнымі. Адбылося гэта пасля таго, як недалёкае мінулае некалькі дыскрэдытавала, калі можна так сказаць, Савецкі Саюз. Але ж гэта амаль векавая гісторыя. Што Вы думаеце?

— Гэта не зусім так. Я думаю, што час сам адкажа на гэта пытанне. Зараз
настала пара перастаць дзяліць грамадства на “белых” і “чырвоных”, на блізкае і далёкае замежжа. Нам трэба паказваць і прымаць усе дасягненні Беларусі, якой бы ні была наша краіна — царская, савецкая ці сучасная. Нельга адкідваць станоўчы вопыт нашых папярэднікаў. Поспехі ў розныя
часы застаюцца поспехамі, хоць і змяняецца час, погляды і інфармацыйная прастора. А гэта безумоўна патрабуе новыхпадыходаў і форм у выхаванні моладзі.

— Любоў да Радзімы, і мкненне с а м а а д д а н а служыць свайму народу, захоўваць яго мову, культурную і гістарычную спадчыну, звычаі і традыцыі немагчымы без дасканалага вывучэння роднага краю.
Што ў гэтым накірунку праводзіць цэнтр пазашкольнага выхавання?

— Трэба сказаць, што любоў да Радзімы фарміруецца ў ходзе работы з гістарычным матэрыялам, які раскрывае традыцыі беларускага народа, гераічную барацьбу, подзвігі, таленты лепшых сыноў краіны, павагу да атрыбутаў дзяржаўнасці. Зараз працаваць стала значна цікавей. Гісторыкамі і краязнаўцамі краіны напісана шмат кніг, часопісных артыкулаў. Даступны інтернэт. Адкрыты архівы. Але ўся гэта інфармацыя для зацікаўленых асоб. Вось мы і працуем над тым, як
выхаваць гэту зацікаўленасць ў падрастаючага пакалення. Гісторыя роднага краю, таго месца, дзе нарадзіўся і вырас, захоўвае шмат цікавых
звестак. Вывучыць і захаваць іх, перадаць наступнаму пакаленню і з’яўляецца клопатам нашых краязнаўцаў. Вось і зараз у нашым раёне праходзіць рэспубліканская акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
У рамках гэтай акцыі намі праводзіцца конкурс на лепшы летапіс школы. 17 навучальных устаноў удзельнічаюць у зборы матэрыялаў аб гісторыі сваёй роднай школы. Калі пачаць яе з даўніх, царкоўна-прыходскіх школ, то часу, які адведзены на напісанне летапісу, безумоўна не хопіць. Гісторыі Бацэвіцкай, Востраўскай, Доўгаўскай, Запольскай, Максімавіцкай і іншых школ маюць вельмі цікавую гісторыю, а таму патрабуюць не бягучага, а больш дасканалага збору матэрыялаў. Але
сумаваць не трэба. Матэрыял, які зараз не ўвойдзе ў летапіс, абавязкова дапоўніць яго пазней. Трэба адзначыць, што ўмовы конкурсу прадугледжваюць абавязковую прысутнасць у летапісе школьных фотаздымкаў рознага часу. Наяўнасць успамінаў былых настаўнікаў і выпускнікоў, іх арыгінальнае афармленне безумоўна будзе ўлічвацца пры падвядзенні вынікаў раённага конкурсу. Першымі прадставілі на конкурс свае работы Бацэвіцкая і Востраўская сярэднія школы. Аднак, трэба заўважыць, што ў гэтых летапісах пакуль што не назіраецца творчага падыходу да такой вельмі цікавай тэмы. Але ёсць надзея і ёсць яшчэ час.

— Я ведаю, што не так даўно Вы правялі цікавую інтэрактыўную гульню “Дыверсант”. Раскажыце пра яе.

— Гэта адна з самых перспектыўных гульняў, якая выклікае ў дзяцей масу
уражанняў. Яна распрацавана метадыстамі цэнтра пазашкольнай работы.
У час правядзення пошукавай экспедыцыі “Памяць” ва Усакінскім лесе, мы сталі сведкамі таго, як звычайныя хлопчыкі нечакана адчулі сябе сапраўднымі партызанамі-дыверсантамі. На некаторы час яны ператварыліся не толькі ў гаспадароў ляснога партызанскага лагера і адказных за выкананне задання, але і ў сапраўдных абаронцаў сваёй Радзімы.

— Наша краіна адзначае свята Незалежнасці. Якое значэнне яно мае для
Вас?

— Для мяне гэта свята асацыіруецца перш за ўсё з днем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба сказаць, што тэма вайны, гераізму і мужнасці, колькі б ні прайшло дзсяцігоддзяў, заўсёды застанецца самым лепшым матэрыялам для выхавання
грамадзянскіх якасцей.

— Лідзія Лук’янаўна, уся Ваша працоўная дзейнасць звязана з
радзімай — Клічаўскім краем. Вы добра ведаеце гісторыю раёна. Шмат робіце для таго каб гэту гісторыю ведала моладзь і дбайна яе захоўвала. Якая Ваша жыццёвая пазіцыя?

— Я заўсёды жыву і працую пад дэвізам: “А калі не я, то хто!”

Людміла МАРЧАНКА

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)