З 1 красавіка па 30 мая ў Беларусі ўведзена сезонная забарона на лоўлю рыбы

размещено в: Наши новости | 0

Увядзенне такіх мер садзейнічае стварэнню добрых умоў для размнажэння рыбы ў час нерасту. Сёлета ў сувязі з умовамі надвор’я больш ранні пачатак дзеяння забароны быў устаноўлены з 22 сакавіка ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. З 1 красавіка забарона дзейнічае па ўсёй тэрыторыі краіны.
У гэты час дазволена толькі аматарскае рыбалоўства адной вудачкай з адным кручком або адным спінінгам, які аснашчаны штучнай прыманкай, з адным адзінарным, або двайным, або трайным кручком. Лавіць рыбу можна ў светлы час сутак.
У гэты ж перыяд забаронена выкарыстанне грамадзянамі ў рыбалоўных угоддзях маламерных судоў і судоў з рухавікамі, акрамя выпадкаў, калі мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы пасля папярэдняга ўзгаднення з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства аховы прыроды дазволілі грамадзянам выкарыстанне такіх транспартных сродкаў у гаспадарчых, транспартных і іншых мэтах.
Таксама з 1 красавіка па 15 чэрвеня забаронена лоўля прэснаводных крыветак. А з 1 красавіка па 1 лістапада дзейнічае забарона на здабычу матыля – лічынак камароў-званцоў, якія жывуць у прыродным іле і выкарыстоўваюцца ў якасці корму для рыбы.
Як зазначыў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вадзім Каркачоў, штраф за незаконную лоўлю рыбы складае для грамадзян ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прадметаў незаконнай здабычы, для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 50 да 200 базавых велічынь, для юрыдычных асоб – ад 500 да 1000 базавых велічынь. У дадатак да штрафу неабходна будзе выплаціць суму, у якую спецыялісты ацэняць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю. Гэта сума разлічваецца ў залежнасці ад колькасці і віду незаконна злоўленай рыбы. Калі памер урону складзе больш за 40 базавых велічынь, то да парушальніка могуць быць прыменены меры крымінальнай адказнасці ў выглядзе пазбаўлення волі.
Вадзім Уладзіміравіч адзначыў таксама, што да аб’ектаў аматарскай лоўлі не адносяцца віды рыб, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. У іх ліку – атлантычны ласось, звычайная кумжа, ручаёвая фарэль, еўрапейскі харыус, еўрапейская корушка, еўрапейская рапушка, звычайны падуст, звычайны рыбец, звычайны вусач, сцерлядзь.
Забарона на лоўлю гэтых відаў дзейнічае пастаянна.

Людміла ПРАКАПОВІЧ.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)