З ВІЗІТАМ ДА СЯБРОЎ

размещено в: Наши новости | 0

Раённы  цэнтр  сацыяльнага  абслугоў-вання  насельніцтва  на  мінулым  тыдні  прымаў  гасцей: маладых  людзей  з  абмежаванымі  магчымасцямі  з  горада  Бабруйска,   Асіповіцкага і  Кіраўскага  раёнаў.
З  самага  ранку  супрацоўнікі  цэнтра  рыхтаваліся  да  прыёму  гасцей,   упрыгожвалі  тэрыторыю  і  будынак  паветранымі  шарамі,  заварвалі  травяную  гарбату,  ладзілі  чайную  гасцёўню.  На  мерапрыемства  “Людзям  памяць  патрэбна,  каб  зямлю  уратаваць  ад  бяды”,  прысвечанае  70-годдзю  Вялікай  Перамогі,  запрасілі  ветэранаў  Вялікай  Айчыннай  вайны  Я. Г. Гурбо  і  М. С. Ступеня.
Сустрэліся  з  удзельнікамі  свята  і  прывіталі  іх  Г. П. Данілкіна,  намеснік  старшыні  райвыканкама,  Н. У. Грашылава,  начальнік  упраўлення  па  працы,  занятасці,  сацыяльнай  абароне  райвыканкама,  протаіерэй  Сергій,  настаяцель  Свята-Дабравешчанскай  царквы,  М. С. Крок,  галоўны  спецыяліст  камітэта  па  працы,  занятасці,  сацыяльнай  абароне  Магілёўскага  аблвыканкама,  А.П. Ярошка,  намеснік  начальніка  аддзела  ідэалагічнай  работы,  культуры  і  па  справах  моладзі  райвыканкама,     А. У. Заблоцкі,  дырэктар  РЦСАН.
Гаспадары  і  госці  да  сустрэчы  падрыхтаваліся  грунтоўна.  Яны  выдатна  адказвалі  на  пытанні  па  гісторыі  Вялікай  Айчыннай  вайны,  пранікнёна  і  ўдумліва  чыталі  вершы,  задорна  спявалі песні,  цікава  расказвалі  аб  сваіх  родных,  якія  былі  ўдзельнікамі  вайны,   пра  помнікі  і  мемарыялы  свайго  рэгіёна.  Хвілінай  маўчання  ўшанавалі  памяць  усіх,  хто  загінуў  і  памёр  ад  ран  на  вайне.
Нашы  госці  атрымалі  шмат  эмоцый  і  былі  ў  захапленні  ад  наведвання  раённага  краязнаўчага  музея  і  мемарыяльнага  комплексу  “Усакіна”.  Да  помнікаў  на  месцы  спаленых  вёсак  Вязень  і  Сялец,  да  мемарыяла  ўсклалі  кветкі  і  вянок.  Супрацоўнікі  ўстаноў  культуры  прапанавалі  ўвазе  гасцей  рэканструкцыю  падзей  і  падарылі  магчымасць  дакрануцца  розумам  і  сэрцам  да  той  эпохі.
Уражаннямі  падзяліліся
Алена  Курганава:
–  Для  мяне  жыццё  спынілася  ў  25.  Я  вучуся  жыць  у  новых  умовах.  Гэта  вельмі  не  проста.  Вось  і  яшчэ  адзін  дзень  у  маім  жыцці  выдаўся  яркім  і  насычаным.  У  мяне  не  хапае  слоў,  каб  перадаць  тыя  эмоцыі,  што  перапаўняюць  маю  душу  пасля  сустрэчы  з  сябрамі,  наведвання  музея  і  мемарыяльнага  комплексу  “Усакіна”.  Вялікі  дзякуй  усім.
Марыя  Сцяпанаўна  Крок:
– Мне  вельмі  спадабалася  сёняшняе  мерапрыемства.  З  самага  ранку, не  гледзячы  на  пахмурны  дзень,  я  адчуваю  мора  сонечнага  святла,  якое  “выпраменьваюць”  гэтыя  людзі  і  ўсе,  хто  апынуўся  побач  з  імі. Людзі,  якія  сёння  з’ехаліся  ў  ваш  раён,  па  тых  або  іншых  прычынах  маюць  абмежаваныя  магчымасці,  але  неабмежаваную  волю, любоў  да  жыцця  і  да  людзей,  імкненне  да  ведаў.
Тэма  Вялікай  Айчыннай  вайны  ў  нашым  грамадстве  вельмі  важная.  Мне  падабаецца,  як  у  вашым  раёне  арганізавана  работа  па  героіка-патрыятычным  выхаванні.  Вам  удалося ненавязліва  і  вельмі  тонка  закрануць  самыя  патаемныя  струны  душы  і  абудзіць  гонар  за  нашу  Радзіму,  пранікнуцца  ўдзячнай  памяццю  да  ўсіх,  хто  не  дажыў  да  светлага  Дня  Перамогі,  і  хто  ўзняў  з  руін  і  попелу  нашы  гарады  і  вёскі.
Валянціна  Макараўна  Русецкая,  спецыяліст  па  гуртковай  рабоце,  Кіраўскі  раён:
– Вельмі  прыгожае  і  змястоўнае  свята  атрымалася  сёння.  На  высокім  узроўні арганізацыйныя  моманты,  вельмі  карыснае  і  пазнавальнае  мерапрыемства.  Мне  і  ўсім  нашым  падапечным  вельмі  прыемна  было  пабываць  у  вашым  раёне,  а  атрыманыя  за дзень  эмоцыі  будуць  спрыяць  і  натхняць  нас  на  плённую  працу  і  сяброўства.  Для  нашых  выхаванцаў  вельмі  важна  бываць на  такіх  сустрэчах,  у  іх  ужо  склаліся  сяброўскія  ўзаемаадносіны.  Мы  даведаліся  шмат  новага  аб  вайне,  і  на  свае  вочы  пабачылі  вашы  знакамітыя  партызанскія  лясы,  надыхаліся  гаючым  водарам  яго  паветра.
– Нашу  ўстанову  наведваюць  людзі  з  рознымі  захворваннямі,  з  розным інтэлектуальным  узроўнем  і  рознай  адаптаванасцю  ў  грамадстве, – далучылася  да  размовы  Святлана  Ліхачова,  загадчыца  аддзялення  дзённага  знаходжання  інвалідаў. – І  мы  вельмі  ўдзячныя  ўсім,  хто  падтрымаў  нас  не  толькі  словам,  але  і  справай. Разам  мы  дапамагаем  людзям  з  абмежаванымі  магчымасцямі  пераадолець  псіхалагічны  бар’ер,  пазбавіцца  ад  негатыўных  стэрэатыпаў.  Сацыяльнай  рэабілітацыі  ў  значнай  ступені  спрыяюць  сустрэчы,  якія  даюць  магчымасць  людзям  з  асаблівасцямі  ў  развіцці  адчуць  сябе  духоўна  багатымі  асобамі  і  знайсці  новых  сяброў.
Арганізатары  мерапрыемства  і  ўсе  прысутныя  вельмі  ўдзячныя  ўдзельнікам  тэатральнай  групы  “Расінка”Цэнтра  дадатковай  адукацыі  Аліне  Радзюкевіч,  Насці  Прасняк,  Антону  Сэку  і  іх  педагогу  Алене Акуліч  за  істотную  дапамогу  ў  арганізацыі  і  правядзенні  інтэлектуальнай  гульні  “Што?  Дзе?  Калі?”;  Веры  Кушнер  за  музычнае  суправа-джэнне,  Вользе  Завадскай  за  выкананыя  песні,  Аляксею  Няволіну  за  мультымедыйнае  суправаджэнне.  Вялікі  дзякуй  за  фундатарскую  і  аказаную  матэрыяльную  дапамогу   ў  правядзенні  рэгіянальнай  сустрэчы  людзей  з  абмежаванымі  магчымасцямі  праўленню  КСВК  “Калгас  імя  Леніна”  (старшыня          Р. М. Барысёнак),  індывідуальным  прадпрымальнікам  Уладзіміру  Жукаву,  Але  Сямёнавай,  братам  Паддубскім.

Аліна  Суднік.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)