ЖЫЦЦЕСЦВЯРДЖАЛЬНЫ МАНАЛОГ МУЛІНЭ І КРЫЖЫКАЎ

размещено в: Наши новости | 0

Ад  бабулінага  мастацтва

“У  нашай  сям’і, – расказвае  клічаўлянка Марыя  Уладзіміраўна  АНІШЧАНКА, – вышывалі  здатна ўсе  жынчыны.  Найперш  бабуля,  мая  маці,  затым  я  і  сястра.  Родам  я  з  Мазырскага  раёна,  які  мяжуе  з  Украінай.  Таму  ў  нашым  краі  пераважаюць украінскія традыцыі яркай рознакаляровай вышыўкі,   кветкавыя  матывы.   Мая  першая  вышываная  карціна  “Украінка”  да  нядаўняга  часу  захоўвалася  ў  мяне.  А  вышыла  яе  яшчэ  дзяўчынкай,  мо  гадоў  у  11.  Я  ж  дзіця  ваеннай  пары,  а  пасля  таго  гора,  што  яна  прынесла,  усім  хацелася  зрабіць  сваё  жыццё  больш  светлым,  радасным.  Вышыўкай  упрыгожвалі  ручнікі,  абрусы,  сурвэткі, фіранкі  на вокны,  навалачкі, накідкі  на  падушкі, прадметы  адзення  і  многае іншае.  Прыйдзе  свята, у  хаце  прыбярэш  і  нібы сонца  зайграе!   Вышывалі  ніткамі  мулінэ,  і  зараз  толькі  імі  карыстаюся.  Так,  шарсцяныя  больш  яркія,  але  ж  пускаюць  фарбу,  калі  мыеш  рэч.  Зараз  можна  купіць  для  рукадзелля  ўсё,  што  пажадаеш.  А  тады  бабуля,  маці  збіралі  караўкі,  здавалі  іх  нарыхтоўшчыку  і  ў яго  куплялі   той  скарб  – мулінэ.
У  Клічаў  мы  патрапілі  ў  1987  годзе, як   чарнобыльцы-перасяленцы.   АЭС жа   ад  нас  была  ўсяго  ў  60  кіламетрах,  калі  па  прамой  лічыць.  Людзі  і  цяпер  там  жывуць,  а  ў  нас  з  мужам  тады  былі  малымі  чацвёра  сыноў,  хварэць  сталі, вось  і  вымушаны  мы  былі  шукаць  экалагічна  больш чыстае месцажыхарства.  У нашай  вясковай  школе  я нямала  часу  адпрацавала  настаўніцай  хіміі  і  біялогіі. А  тут  прапанавалі  весці  ў  школе  ўрокі  працы,  я  пагадзілася,  бо  ўсё  ўмею  рабіць.  Вучыла  дзяўчынак   шыць,   вязаць,    вышываць,  гатаваць  стравы,  працаваць  на  ўчастку,  усё  ў  адпаведнасці  са  школьнай  праграмай”.
Марыя  Уладзіміраўна  даўно  на  за-служаным  адпачынку,  а  вышыўка – яе   любімае  захапленне  да  гэтага  часу.  У  народным  аматарскім  аб’яднанні  “Спадчына”  раённага  Дома  культуры  знай-шла  аднадумцаў,  такіх жа  майстроў  народных  промыслаў.  Цяпер  у  работах  Марыі  Уладзіміраўны  пераважныя  клічаўскія  традыцыі  вышыўкі – на  белым  фоне  чырвона-чорная  вышыўка.   Майстрыха  добра  валодае   рознымі  тэхнікамі вышыўкі – гладдзю,  балгарскім  крыжыкам, бісерам  і  іншымі,  але  апошнія  гады  вышывае  работы  простым  крыжыкам  і   нязменна – ніткамі  му-лінэ.
Работы  Марыі  Уладзіміраўны – унікальныя.  Так  сцвярджаць  ёсць  поўнае  права.  Сведчаннем  таму  і  тое,  што  нядаўна  нараўне  з  лепшымі  ўзорамі  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва  народных  майстроў  Магілёўшчыны  яе  невялікая  калекцыя   вышываных  работ  прымала  ўдзел  у  днях  культуры  Беларусі  ў  Туркменістане  пад  час  афіцыйнага візіту  ў  гэту  краіну  Прэзідэнта  Рэспублікі  Беларусь.  А гэта  ўжо  паказчык  узроўню  майстэрства  вышывальшчыцы,  прызнанне!
– Вось  гэтаму  ўзору  на  ручніку   значна  больш  за  100  гадоў! – майстрыха  расказвае  аб  адной  сваёй  надзвычай  прыгожай  рабоце,  прычым  вышыўка  тут  вялізная.   –  Гэта  ручнік  Анастасіі  Арэшка,    якая  колісь  жыла  ў  вёсцы  Лаззё, і  які  прынесла  ў  “Спадчыну”  яе  ўнучка.   З-за  даўнасці гадоў  ён ужо  лядашты,  часам   узоры  фрагментарныя,  я  рэстаўрыравала.  Вельмі  мне  спадабаўся,  вышывала  яго  каля  трох  месяцаў,  з  вялікай  ахвотай,  кожную  свабодную  хвіліну.   Тут  фігура  жанчыны –  сімвал Мацеры  зямлі-карміцелькі,  спіральныя  завіткі – развіцця  свету,  чорная  вышыўка – засеянае  поле.
Увогуле,  вышыўка  гаворыць  мовай  сімвалаў,  у  ёй  кожная  дробязь  мае  значэнне.   Так,  вышываныя  макі – абярэг  ад  злых  сіл,  вінаград  –  дастатак  ва  ўсім,  дрэва – сімвал  даўгалецця, півоні – нязгасная  любоў,  пара  галубкоў  падораць  каханне  і  вернасць   у  шлюбе.
Узоры  могуць  быць  і  самай  рознай  геаметрычнай  формы.   Вось   на гэтым  абрусе   на    стол,  які  вышыла  для  адной  са  сваіх  нявестак,  васьмівугольнік – сімвал  Параскевы  Пятніцы –  заступніцы  жанчын  і  сям’і.

Радасць  дарэння

– Не, мой  дом  мастацкі музей  увогуле  не  нагадвае, – усміхаецца   ў  адказ  на  пытанне  мая  суразмоўца.  –  Раней  у  ім   сапраўды  мелася шмат   вышыўкі.  Толькі  рушнікоў  вялікіх  было  штук  15,  з  самымі  рознымі  матывамі,  тых  жа  вясельных, з  сімваламі Маці,  мужнасці  і  іншых.  Час  цяпер  эканамічна няпросты,  таму  частку іх прадала праз  адзін  мінскі  магазін.
А  не  так  даўно  збіралася  ўся  сям’я,  радня  на  сямейную  ўрачыстасць.  Я  прапанавала  моладзі  ўзяць   тое,  што  падабаецца.  У  мяне  ж  чатыры  сыны   і  столькі  ж  нявестак,  пляменніца  ёсць.  Жывуць  у  розных  гарадах,  і  ў  Расіі  таксама.  Няхай  у  іх застанецца   добрая  памяць  аба  мне  і   аб  Радзіме.   Так,   у  далечы  большасць  людзей  па  ёй  сумуюць.  Вось  і  мой  сын  Уладзімір,  які  жыве  ў  Падмаскоўі,  просіць,  каб   не  толькі  вышыла ім  абрус  з  нацыянальным  арнаментам,   а  яшчэ  і  надпіс  на  ім  зрабіла  “Беларусь”,  выкарыстала  колеры  нашага  дзяржаўнага  сцяга.
Ведаю  аднаго  ўраджэнца   Клічава,  у  яго  маскоўскай  кватэры    асобны  пакой  выдзелены,  інтэр’ер   якога  вытрыманы  чыста  ў   нацыянальным беларускім  каларыце.  Гэта часцінка  Радзімы,  якой  ён ганарыцца  перад  сябрамі,  гасцямі.
Сёння  вышываныя  ручнікі  і  невялічкія  сувенірныя  ручнічкі-абярэгі  Марыі   Уладзіміраўны  Анішчанкі  “раз’ехаліся”  ўжо па  многіх  краінах  свету.  Бо  яе  работы  ўдзельнічаюць  у  розных  выставах-кірмашах  па  ўсёй Беларусі,  маюць  сваіх  пастаянных  прыхільнікаў. У  кожнай    вышыванай  рэчы  майстрыхі  свая  гісторыя,  свой  лёс.  Напрыклад,  аднойчы  адна  немаладая   мінчанка  папрасіла  зрабіць  ёй   ручнік-абярэг  для  дачкі.  Жанчына  сказала:  “Калі  ласка,  вышыйце  мне  для  маёй   дачкі  ручнічок-абярэг  з  крыжам,  са  славянскімі  сімваламі  дабра.  Жыве  яна  ад  мяне  далёка,  у  Амерыцы,  няхай  ён  прынясе  дачушцы  шчасце,   аберажэ  ад  усялякага  зла  і  бяды,   нагадвае  ёй  аб  маёй  любові  і  аб  Радзіме”.

Ніна  ІЗОХ.
Фота  аўтара.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)