ЖЫВАЯ СІЛА САЛІДАРНАСЦІ

размещено в: Наши новости | 4

За  гады  журналісцкай  практыкі  давялося  пабываць  на  шматлікіх  мерапрыемствах.  Скажу  шчыра:  трапляліся  сярод  іх  і  такія,  што  шкада  было  патрачанага  дарэмна  часу.  Ну,  прайшло  і  прайшло.

Ніякіх  эмоцый,  пачуццяў  яно  ў  цябе  не  вы-клікала.  А  бывала  і  так,  што  пасля  якой-небудзь  су-стрэчы  пераварочвалася  ўся  твая  існасць  і  ты  пачынаў  глядзець  на  некаторыя  рэчы  зусім  з  іншага  ракурсу.
Менавіта  такія  пачуцці  пакінула  ў  маёй  душы  мерапрыемства,  якое  прайшло  ў  сераду  ў  раённым  цэнтры  сацыяльнага  абслугоўвання  насельніцтва.  На  чарговае  пасяджэнне  групы  псіхалагічнай  падтрымкі  анкапацыентаў,  якая  дзейнічае  пры  Цэнтры  тры  гады,  запрасіла  Людміла  Аляксандраўна  Данільчык,  ініцыятыўная,  энергічная,  нераўнадушная  жанчына,  якая  з’яўляецца  членам  грамадскага  аб’яднання  “Беларуская   арганізацыя  працоўных  жанчын”  і     адным  з  каардынатараў  дзейнасці  групы.   У  гэты  дзень  яно  прайшло  ў  крыху  незвычайным  фармаце.  У  госці  да  клічаўлян  завітала  Ірына  Жыхар,  старшыня  савета  ГА  “Беларуская  арганізацыя  працоўных  жанчын”,  анкапацыентка  з  20-гадовым  стажам.  Менавіта  яна  і  стала  лідарам  праграмы  па  адкрыцці  ў  Беларусі  груп  падтрымкі  для  анкапацыентаў.   А  разам  з  ёй — аўтар  і  ідэйны  натхніцель праекта  “Жыццё  пасля  раку”  і  аднайменнай  кнігі,  якая  не  так  даўно  выйшла  ў  свет.    Дарэчы,  у  кнігу  ўвайшлі  і  гісторыі  трох  нашых  зямлячак,  якім  у  розныя  гады  быў  пастаўлены  дыягназ – рак.
Кожнага з нас можа напаткаць анкала-гічная хвароба. Ніхто не застрахаваны. Як мы будзем яе ўспрымаць? Як прысуд, як трагедыю, як канец жыцця? Альбо як вы-прабаванне, як магчымасць пераасэнсавання, іншай расстаноўкі жыццёвых прыярытэтаў і каштоўнасцей?  Героі,  а  інакш  іх  і  назваць  нельга,  члены  групы,  сваім  жыццём  паказваюць,  што  гэты  дыягназ – не  прысуд.  Яны  актыўныя,  творчыя,   шмат  падарожнічаюць  па  святых  месцах  Беларусі,  спяваюць.  Яны  жывуць.  І  яны  знайшлі  сілы  гаварыць  аб  гэтым,  не  замкнуцца  ў  сабе.  Бо  толькі  разам,  пры  падтрымцы  можна  пераадолець  хваробу.

З  першых  вуснаў

Ірына  ЖЫХАР:
— Я  выступаю  не  проста  як  лідар  жаночай  арганізацыі,  а  яшчэ  як  і   анкапацыента  з  20-гадовым  стажам.  Яшчэ  тры  гады  таму  ў  Беларусі  не  было  такіх  груп,  у  якія  б  аб’ядноўваліся  хворыя  на  рак.
І  калі  я  перанесла  захворванне  ў  другі  раз,  да  таго  ж  на  рак  захварэлі  мае  бацькі,  гэта  стала  для  мяне  нейкай  кропкай  адліку.  Прааналізаваўшы  замежны  вопыт,  я  зразумела,  што  гэту  работу  неабходна  пачынаць  і  ў  нас.  І  пачынаць  яе  неабходна  было  з  урачоў.  Пацыенты  атрымліваюць  аднолькавую  псіхатраўму,  незалежна  ад  таго,  якое  менавіта  анказахворванне  дыягнаставана.  Я  таксама  разумела,  што  трэба  шукаць  аднадумцаў  сярод  анкапацыентаў,  якія  б  у  выпадку  майго  адыходу  абавязкова  працягнуць  гэту справу.  І  я  вельмі  рада,  што  кола  аднадумцаў  з  кожным  годам  пашыраецца,  што  мы  знайшлі  паразуменне  з  урачамі  вядучых  анкаўстаноў  краіны.  Я  маю  на  ўвазе  Паўла  Іванавіча  Маісеева,  загадчыка  аддзела  супрацьракавай  барацьбы  Рэспубліканскага  навукова-практычнага  цэнтра  анкалогіі  і  медыцынскай  радыялогіі  імя  Аляксандрава.  Ён  падтрымаў  нас  у  тым,  што  трэба  запаўняць  той  інфармацыйна  вакуум,  які  існаваў  на  той  час  вакол  праблемы  захворвання.
Я  ўпэўнена,  што  такія  групы,  як  ваша,  якая  дзейнічае  пры  Цэнтры,  вельмі  неабходныя.  Яны  даюць  сілы,  усяляюць  веру  ў  сябе,  што  вельмі  важна  для  чалавека,  якому  пастаўлены  такі  дыягназ.  Вашы  жанчыны – удзельніцы  групы – вялікія  малайцы.  Яны  пастаянна  прысутнічаюць  на  ўсіх  мерапрыемствах,  якія  мы  праводзім  у  сталіцы.  Ды  і  тут  іх  жыццё  цікавае,  напоўненае  светлымі  фарбамі.  Гэта  чытаецца  і  ў  тых  творчых  работах,  якія  мы  бачылі  на  выставе.
Зараз  намі  праводзіцца  вялікая  работа  па  пашырэнні  зносін  з  анкапацыентамі  краін  бліжняга  замежжа.  Наладжваем  сувязі  з  польскімі,  літоўскімі  калегамі.  Упэўнена,  іх  вопыт  у  пераадоленні  хваробы  будзе  карысным.

Ганна  СОЎСЬ:

—  Кніга   «Жыццё пасля раку» — гэта гісторыі анкалагічных пацыентаў, якія ўсвядомілі, што смерць можа быць блізка, але іх жыццё ў такой сітуацыі набывае іншы сэнс.   Неяк  у перадачы «Свабода без гальштукаў» на тэму «Як гаварыць пра рак?» старшыня  савета  Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар расказала, як яе за-прасілі паўдзельнічаць у перадачы тэлеканала АНТ, прысвечанай анкалогіі, і рэдактары прызналіся, што яна аказалася адзінай, хто пагадзіўся публічна расказаць пра сваю хваробу.
Я тады падумала: «А чаму б не паспрабаваць змяніць сітуацыю? У амерыканскую газету New York Times некалькі тысяч чалавек даслалі свае фотагісторыі пасля раку для праекту Your Life After Cancer «Ваша жыццё пасля раку». Няўжо ў Беларусі так мала людзей, якія вылечыліся ад раку і якія могуць расказаць пра гэта, падзяліцца каштоўным досведам?» Гэта быў выклік, які нельга было не прыняць.  Напачатку пагля-дзела, як адлюстроўвалася анкалагічная тэма ў беларускіх  СМІ. Выглядала, на мой погляд, досыць песімістычна. Статыстыка да розных датаў, кожны трэці некралог звязаны з анкалогіяй, рэдкія інтэрв’ю з анколагамі і поўна інтэрпрэтацый пра чарнобыльскі складнік у беларускай сітуацыі. Хаця, як кажуць аўтарытэтныя беларускія анколагі, колькасць анкалагічных захворванняў цяпер у Беларусі прыкладна такая ж, як у еўрапейскіх краінах. Рак у пэўнай ступені — цы-вілізацыйная хвароба, звязаная сярод іншага і з павелічэннем працягласці чалавечага жыцця.
У Беларусі традыцыйна людзі хаваюць, што яны маюць анкалагічныя хваробы, і дыягназ «рак» успрымаецца многімі як прысуд. Мэтай нашага праекта было змяніць гэты стэрэатып і расказаць  пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаванне змяніла і ўдасканаліла іх жыццё. Напачатку многія паглядзелі на такую ідэю скептычна. І найперш з пункту гледжання выканання. Меркавалася, што калі зможам пераканаць расказаць пра сябе хаця б пяць-шэсць чалавек, то гэта будзе вялікім поспехам.
Змяніць традыцыю было, канечне, не так проста. Я шукала герояў для «Жыцця пасля раку» паўсюль, звярталася да лю-дзей праз Фэйсбук, вяла доўгую перапіску з патэнцыйнымі героямі, і шмат  хто адмаўляўся  гаварыць альбо прасіў пачакаць. На другі-трэці месяц стала лягчэй. Адны героі праекта рэкамендавалі іншых, вялікая частка гісторый — гэта ўдзельнікі   такіх  вось груп падтрымкі анкапацыентаў з Мінску, Смаргоні, Клічава і Бабруйску.
Сярод герояў «Жыцця пасля раку» — музыка, банкір, клоўн, палітычны актывіст, тэатральны крытык, настаўніца англійскай мовы, святар, пенсіянер.  Гэта людзі розных узростаў, інтарэсаў, перакананняў, сацыяльных  статусаў.
Галоўны вынік  нашага  праекта — рэальныя галасы надзеі, жывая сіла салідарнасці, сапраўдная практыка перамогі.

Гераіні  кнігі  “Жыццё  пасля  раку”,  нашы  зямлячкі,
пераадолеўшыя  хваробу:

Галіна  СТАРПОВІЧ, 10 гадоў пасля раку:
«У мяне ёсць каму падтрымліваць. Дзеці. Асабліва. Вось Маша кажа: «Бабуля Галя, што ты сабе думаеш — ты ж падумай пра тое, што ў цябе расце ўнучка Крысціна і табе трэба яе выдаць замуж». І зяць у мяне добры. Як жа тут не жыць? Жыць трэба. Вера блізкіх маіх, якія верылі, стараліся, перажывалі за мяне, гэта штурхала, што не варта расслабляцца. Трэба было насамрэч цягнуць сябе да апошняга, што трэба жыць дзеля гэтага ўсяго.  Не трэба зацыклівацца на той думцы, што ў цябе анкалогія. Проста жыві”.

 

Галіна  МІШЫНА,  11  гадоў  пасля  раку:
«Я не магла ні хвіліны сядзець спакойна. Мне трэба было нечым заняцца, абы не думаць пра свае праблемы. Я заўжды марыла пра свой дом і пра тое, каб высадзіць ля  яго тое, што я хачу:  кветкі. Цяпер яны  мне дапамагаюць жыць. Калі мне кепска, я проста іду ў сад. І я, напэўна, чэрпаю сілу ад сада і кветак. Я ўлюбёная ў гэта ўсё. Вядома ж, каб за гэтым усім прыглядаць, патрэбныя дужа вялікія сілы, але я не ведаю, адкуль яны ў мяне. Напэўна, з’яўляюцца, бо я люблю ўсё гэта. Кожны дзень хаджу і любуюся. Чэрпаю сілы».

Зінаіда  БЕРАГЕЙКА,  9 гадоў пасля раку:
«Мне не дужа страшна было паміраць, бо значная частка жыцця была пражытая. Але я вам хачу сказаць: жыць усе хочуць. У мяне ўнукі ёсць. Хочацца іх дагледзіць. Пажаніць. Замуж аддаць. Таму і паставіла перад сабой задачу: „Трэба жыць, чытаць, лячыцца“.  Я ж займалася зёлкамі.  Дык вось „села“ на гэтыя зёлкі, у якіх была ўпэўнена, — залаты вус, растаропша, палын…  І ўсё гэта пайшло на карысць, і я жыву, дзякуй Богу… Вядома ж, напачатку ні ў каго ўпэўненасці не бывае. Але надзея павінна прысутнічаць заўжды. «Дапамагло лю-дзям — дапаможа і мне».  Я надзеі ніколі не кідала. Малілася. Бога прасіла.  Калі магла, наведвала  храмы. Я лічу, што мне  Гасподзь дапамог  і выратаваў.  Даў мне сілы.  Вось цяпер жыву.  У  Бога трэба верыць, і дапамога без сумнення будзе».

Людміла  ПРАКАПОВІЧ.

4 Responses

  1. Светлана

    Даўно не бачыла Ірыну Жыхар. Чула пра тое, што яна хварэе, і пра тое, як па-геройску выходзіць з цяжкай жыццёвай сітуацыі.
    Калі ёсць магчымасць, паважаная рэдакцыя, перадайце ёй мае шчырыя словы захаплення — сілай, мужнасцю і жаноцкасцю. Няхай болей яна не зедае болю і роспачы. Няхай людзі, якія перажылі цяжкую хваробу і засталіся не проста выжываць, а Жыць, кожны дзень адчуваюць радасць, клопат, любоў і маюць магчымасць таксама дарыць гэтыя пачуцці іншым.

  2. надежда

    Так здорово, что есть такие мужественные женщины, здоровья им, удачи, долголетия. Журналисты — вам хвала, что замечаете такое и информируете нас. Молодцы!.

  3. Алесь

    Сапраўды выдатна выйшла. Людзі вартыя такой добрай публікацыі. Дзякуй

  4. людмила

    Не возможно читать без трепета в душе! Это надо же! Да это просто подвиг этих женщин в наше время !!! Здоровья Вам , долголения, прекрасного настроения. А Автору статьи — огромное спасибо за такую ТЕМУ ДНЯ. Даже не ожидала. Нет словот от приятного ощущения , что жизнь продолжается.!!!!

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)