Да 100-годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Піліпа Іванавіча Кавалёва

размещено в: Наши новости | 0

МІР ВАШАМУ ДОМУ

27 лістапада споўнілася 100 год з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Піліпа Іванавіча Кавалёва.

Таццяна Сяргееўна  Кавалёва.
Таццяна Сяргееўна Кавалёва.

Партызан, падрыўнік 255-га партызанскага атрада пражыў усяго 28 гадоў і загінуў у сакавіку 1944 года, за некалькі месяцаў да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў…
У строгай і драматычнай атмасферы ваеннай залы раённага краязнаўчага музея зусім нечакана постаць – скульптура маладзенькага партызана з аўтаматам за плячыма і бронзавай кветкай у руцэ. “Мір вашаму дому” – так назваў вядомы беларускі скульптар Віктар Мурашоў свой помнік, прысвечаны памяці загінуўшага ў баі Героя Савецкага Саюза Піліпа Іванавіча Кавалёва. Такая нечаканая дэталь як вытанчаная бронзавая кветка ў руках, што прывыклі да зброі, уражвае, пераварочвае нашы ўяўленні аб людзях, якія кожны дзень бачылі смерць.
Аб подзвігу Піліпа Кавалёва падрыхтавана шмат публікацый у газетах, у зборніку “Людзі легендаў” змешчана цудоўная аповесць А. Захаравай “Апошні бой”.
А мы вырашылі дапоўніць партрэт Героя некалькімі новымі фактамі і акцэнтамі…
Піліп Іванавіч Кавалёў нарадзіўся 27 лістапада 1916 года ў вёсцы Гойкаў Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У фондах нашага краязнаўчага музея захоўваюцца фотаздымкі простых працавітых сялян – Івана Пятровіча і Таццяны Сяргееўны Кавалёвых. Адкуль пайшло іх прозвішча? Магчыма, іх далёкі продак быў адмысловым кавалём, да якога ішла

Іван  Пятровіч  Кавалёў.
Іван Пятровіч Кавалёў.

ўся вёска, і ён выконваў любы, самы складаны заказ. Адказнасць, сур’ёзны падыход да любой справы перадаліся Піліпу ад дзеда і бацькі. Старанна вучыўся, пасля 9-ці класаў пайшоў працаваць у саўгас, затым паспрабаваў свае сілы на заводзе ў Запарожжы. Але цягнулі да сябе родныя мясціны, і ён вярнуўся на Чэрыкаўшчыну. Куды пайсці працаваць? Ну вядома ж, бліжэй да тэхнікі – на машынна — трактарную станцыю. Яшчэ ў Запарожжы пачуў пра тое, як цікава працаваць у складзе трактарнай брыгады, бо ў МТС паступае самая перадавая тэхніка.
У 1939 годзе Кавалёў паступіў на службу ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у савецка-фінскай вайне ў 1939-1940-х гадах. Гэта цяжкая “зімняя” вайна навучыла ваенным хітрасцям не толькі камандуючых, але і салдат. Салдаты фінскай арміі добра валодалі лыжамі, белымі маскхалатамі. Іх лятучыя атрады з’яўляліся нібы ніадкуль і гэтак жа знікалі сярод белых раўнін, пагоркаў і лясоў. Асабліва дакучалі фінскія “зязюлі” – снайперы ў маск-халатах на дрэвах, нябачныя на белым снезе. Піліп Кавалёў і яго аднапалчане, назіраючы за тым, як фіны з максімальнай выгадай выкарыстоўвалі асаблівасці мясцовасці і клімату, атрымалі сур’ёзныя ўрокі ваеннай навукі.
Гэтыя ўрокі дапамагалі Кавалёву ваяваць і выжываць і ў гады Вялікай Айчыннай. У баях за Ленінград у верасні 1941 года ён быў цяжка паранены. Лячыўся ў шпіталі на Урале, медыцынская камісія прыняла

Піліп  Кавалёў.
Піліп Кавалёў.

рашэнне адправіць яго ў тыл. Вось тут і праявіўся яго “байцоўскі” характар.
Вось як аб гэтым эпізодзе расказвае ў аповесці “Апошні бой” А. Захарава, камісар 255-га партызанскага атрада, партызанам якога пазней стаў Кавалёў: “Піліп не мог паверыць, што камісія не дазваляе яму вярнуцца ў строй.
– Як не вярнуцца? – здзіўлена перапытаў Піліп. – Вораг топча нашу зямлю, а я буду глядзець на гэта з боку? Не! Не магу!
Настойліва прасіў ён, каб яго прызналі прыдатным да службы ў арміі. Адмовілі. Тады ён напісаў у штаб партызанскага руху і ўжо не прасіў, а пераканаўча патрабаваў накіраваць яго ў тыл ворага, у Беларусь”.
Летам 1942 года Піліп Іванавіч Кавалёў стаў камандзірам групы падрыўнікоў 255-га партызанскага атрада Рагачоўскай брыгады. Вось тут вельмі спатрэбіўся яго багаты ваенны вопыт. Ён хутка ацэньваў абстаноўку, прымаў нечаканыя рашэнні, рабіў усё, каб не дапусціць гібелі баявых сяброў.
Асабліва важным лічыў добрую падрыхтоўку моладзі. Бо справа падрыўніка – найскладанейшая, і кожная памылка можа каштаваць жыцця. 13 дыверсійных груп падрыхтаваў Піліп Кавалёў, і кожнай

Сустрэча  следапытаў  СШ  №2  з  камісарам  255-га  партызанскага  атрада  А. Н. Захаравай.
Сустрэча следапытаў СШ №2 з камісарам 255-га партызанскага атрада А. Н. Захаравай.

з іх мог даверыць самую цяжкую аперацыю.
З аповесці А. Захаравай “Апошні бой”:
”Бывала, сядзяць дзе-небудзь на палянцы, і Піліп навучае іх свайму майстэрству. А потым вядзе іх на ўчастак чыгункі Асіповічы – Магілёў, якую партызаны трымалі ў сваіх руках, і немцы ёю не маглі карыстацца. Тут і пачыналася сапраўдная праца: разведка падыходаў, засады, закладанне мін, адыход. Піліп строгі і патрабавальны. «Мінёр памыляецца адзін раз у жыцці»,нагадваў ён пачаткоўцам, патрабуючы ад іх дакладнай і чыстай працы, асцярожнасці і хуткасці ў дзеяннях.
І моладзь цягнулася да свайго настаўніка. За час дыверсій у нямецкім тыле ён са сваімі таварышамі пусціў пад адхон 19 нямецкіх эшалонаў з тэхнікай і жывой сілай, падарваў 24 аўтамашыны, знішчыў 9 шасэйных мастоў”.
Але сярод жорсткіх баёў, складаных дыверсій, найцяжэйшых вы-прабаванняў юнака сагравала светлая мара: “Вярнуся пасля перамогі ў сваю вёску, абдыму бярозкі ля дома, калі яны ўцалелі, а няма – дык новыя пасаджу. Сяду на трактар і правяду першую мірную баразну”.
З аповесці А. Захаравай:
“Ён гаварыў менш за ўсіх, больш маўчаў і слухаў. Толькі ўсміхаўся сваёй адкрытай сціплай усмешкай. «Мяккі чалавек», – казалі пра Піліпа Кавалёва сябры. Так, мяккі, чулы, клапатлівы да сваіх таварышаў, да нашых савецкіх людзей. Але суровы і непрымірымы да ворага. Пасля ўдалай аперацыі асабліва чаканы адпачынак. Вечарам ля вогнішча спяваюць партызаны. Спявае і Кавалёў. Ён любіць спяваць. Голас у яго чысты, шчыры. І яго заслухоўваліся. Ведаючы маю любоў да песні, Кавалёў нярэдка ў вольны час заходзіў да мяне ў зямлянку і, бянтэжачыся (яго смуглявы твар заліваўся пры гэтым фарбай), прасіў:
– Таварыш камісар, хадзем да вогнішча, паспяваем.
Я ішла, і мы спявалі з ім у два галасы нашы любімыя: «У чыстым полі пад ракітай», «Залатыя вы пясочкі», «Там за лугам зеляненькім». Мы спявалі, а да вогнішча ўсё падыходзілі і падыходзілі слухачы…”
Ішоў суровы 1944 год. Немцы адступалі, агрызаліся, стараліся адпомсціць за кожны кавалачак зямлі, якую яны пакідалі.
За баявыя заслугі ў лютым 1944 года падпольны райкам партыі і камандаванне брыгады прадставілі Піліпа Іванавіча Кавалёва да ўзнагароды і прысваення звання Героя Савецкага Саюза.
З пісьма П. І. Кавалёва бацькам: “Здравствуйте, дорогие родители!
Нахожусь я в немецком тылу, на территории Белоруссии, в партизанах. Взорвал 19 немецких эшелонов. Представлен к правительственной награде трижды.
Заслан в немецкий тыл в 1942 году, в июне месяце. Живу хорошо. Здоровье хорошее…
С приветом к Вам Ваш сын – Филя.
18 февраля 1944 г.”
А праз месяц у баі ля вёскі Перунова Кіраўскага раёна ён загінуў. Не дажыў малады герой да перамогі, не абняў бярозкі ля роднай хаты. Зусім незадоўга да гэтага, калі ўзнікла размова пра магчымую смерць у баях, Піліп выказаў пажаданне быць пахаваным менавіта на Клічаўшчыне, на зямлі гераічнага партызанскага краю…
З аповесці А. Захаравай:
“17 сакавіка 1944 года партызаны выйшлі на разгром групоўкі праціўніка, якая рухалася да фронту па шашы Магілёў – Бабруйск.
Аперацыя была старанна распрацавана і падрыхтавана. Кожны атрад, батальён палка ведаў сваю задачу. Раптоўнасць і нечаканасць нападу партызан забяспечылі поўны поспех.
У гэтым баі П. І. Кавалёў камандаваў ротай. Бой ужо заціхаў. Чуліся апошнія стрэлы. У гэты час Піліп Іванавіч, падняўшыся ва ўвесь рост, акінуў поглядам сваіх байцоў і гучна вымавіў: «З перамогай вас, таварышы партызаны!» І раптам павольна стаў апускацца на калені. Калі да яго падбеглі партызаны, яго сэрца ўжо не білася. Аказалася, што на супрацьлеглым баку дарогі стаіўся гітлеравец. Ён без мэты даў апошнюю чаргу з аўтамата. І адна з шальных куль забіла нашага героя, патрапіўшы прама ў сэрца”.
Пахавалі адважнага партызана ў вёсцы Баркі на Кіраўшчыне. Пасля вайны ветэраны партызанскага руху выканалі пажаданне Піліпа Кавалёва і правялі перазахаванне на партызанскія могілкі вёскі Кавяза Клічаўскага раёна.
Званне Героя Савецкага Саюза П.І. Кавалёву прысвоена 15.08.1944 года пасмяротна.
Прайшлі гады… Памяць аб героі захоўваюць яго нашчадкі. І хоць няма ўжо на карце Чэрыкаўшчыны вёскі Гойкаў, імем Героя названа вуліца ў Чэрыкаве.
Яго імя носіць школа № 2 горада Клічава. 1 верасня 1988 г. тут адбылося адкрыццё музея імя Героя Савецкага Саюза Піліпа Іванавіча Кавалёва. А 3 ліпеня 1993 года на пляцоўцы перад будынкам школы быў ўрачыста адкрыты помнік Герою скульптара Віктара Мікалаевіча Мурашова.
“Мір вашаму дому” – жадае бронзавы Піліп Кавалёў школьнікам і дарослым, усім, хто праходзіць побач з помнікам ля будынка школы. Воін-партызан, які загінуў у крывавым баі 1944 года, працягвае нам кветку, нібы сцвярджае, што самае галоўнае ў жыцці – мір!

Лідзія АЧЫНОВІЧ,
навуковы супрацоўнік
краязнаўчага музея.

Ідзём дарогай Герояў, каб свет памятаў іх імёны

Пачуццё любові да Радзімы для многіх пакаленняў вучняў Бёрдаўскай школы (сёлета яна зачынена)

Наведванне  Магілы  П. І. Кавалёва  роднымі  і  блізкімі  9  мая  1988  г.
Наведванне Магілы П. І. Кавалёва роднымі і блізкімі 9 мая 1988 г.

было натуральным, патрыятызм выхоўваўся і грунтаваўся на асабістым жыцці, прыкладзе іх дзядоў і бацькоў, якія прайшлі франтавымі баявымі дарогамі, былі байцамі партызанскіх атрадаў, або сем’ямі партызан, якім прыйшлося ратавацца ад фашыстаў і паліцаяў ва ўсакінскіх лясах, у Бярозавым Балоце побач з аднайменнай вёскай, перажыць разам з ляснымі мсціўцамі блакады.
У кожнай вёсцы побач з намі жылі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Усё жыццё ў школе працавалі паважаныя і любімыя настаўнікі Канстанцін Карпавіч Храпко, філолаг, дырэктар школы на працягу 25 гадоў, былы франтавік, удзельнік баёў за Ленінград у перыяд блакады, настаўнік гісторыі і геаграфіі, былы партызан Сцяпан Мікітавіч Патупчык.
Не так далёка ад школы, у лесе бліз вёскі Кавяза, знаходзяцца партызанскія могілкі. Дзесяцігоддзямі ў школе захоўвалася добрая традыцыя – даглядаць, упарадкоўваць гэтыя воінскія пахаванні, праводзіць тут урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі.
У школе пастаянна ладзіліся сустрэчы з мясцовымі ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, праводзіліся разнастайныя мерапрыемсты па патрыятычным выхаванні, мы былі цімураўцамі, следапытамі. Так, дзеці пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў вялі актыўную пошукавую работу. Шмат гадоў у школе дзейнічаў следапыцкі атрад “Искатель”. Яго члены, у іх ліку ў свой час была і аўтар гэтых радкоў, вялі вялізную перапіску з роднымі байцоў, пахаваных на партызанскіх могілках, збіралі па часцінках матэрыялы аб іх жыцці, сям’ях, баявым шляху.
На могілках ёсць брацкая магіла, у якой пахавана 25 воінаў-партызан, сярод іх Канстанцін Іванавіч Данілаў, Андрэй Цімафеевіч Бацюня, Галіна Мікалаеўна Чмыхава, Цімафей Сяргеевіч Гаранскі, Фёдар Іванавіч Болдзін і многія іншыя. Нашы пісьмы ляцелі ва ўсе куткі СССР. Дзякуючы той рабоце, многія сем’і загінуўшых даведаліся аб месцы апошняга прытулку іх сыноў, мужоў, братоў, сваякоў.
У асобнай магіле пахаваны тут і Герой Савецкага Саюза Піліп Іванавіч Кавалёў. З гэтым імем звязана асаблівая старонка ў жыцці колішніх тутэйшых школьнікаў, яно было і назаўсёды засталося для большасці з нас сімвалам мужнасці, адданасці Радзіме. Яшчэ першакласнікамі мы знаёміліся з жыццём, баявым шляхам Героя. І не проста на ўроках і класных гадзінах.
Асабліва памятаюцца ўрачыстасці да Дня Перамогі, да якога старанна і актыўна рыхтавалася задоўга ўся школа. Мы з ахвотаю заставаліся пасля ўрокаў, выраблялі мноства рознакаляровых кветачак з гафраванай паперы для будучых вянкоў да помнікаў героям. Напярэдадні свята хлопцы разам з настаўнікамі ехалі ў лес, нарыхтоўвалі там дзеразу (травяністую расліну з паўзучым сцяблом), секлі яловыя лапкі, з якіх мы пасля і рабілі вянкі, плялі гірлянды.
Штогод напярэдадні 9 мая да партызанскіх могілак у Кавязе накіроўвалася вялікая калона, бо ўдзельнічалі ў ёй і вучні ўсіх класаў, а калісьці там вучылася адначасова каля 100 дзяцей, настаўнікі, удзельнікі Вялікай Айчыннай, жыхары вёсак, якія лічылі сваім доўгам аддаць даніну памяці паўшым у баях з ворагам. Мы бачылі, як плачуць жанкі, бо многія гэтак нібы трымалі сувязь са сваімі роднымі, якія загінулі на франтах, прапалі без звестак, былі расстраляны, вязнямі фашызму ўзяты ў ваенны палон. На партызанскіх могілках праходзілі мітынгі, урачыстыя піянерскія лінейкі. Мы слухалі выступленні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, самі былі ўдзельнікамі літмантажаў (мантажаў з літаратурных твораў) аб вайне, мужнасці і гераізме. Усё пакідала ў сэрцы глыбокі след, пачуццё павагі да подзвігу сыноў і дачок Беларусі было непадробным, вельмі чуллівым.
Але самыя хвалюючыя, яркія моманты дзяцінства, звязаныя з імем Піліпа Іванавіча Кавалёва, да гэтага часу, хоць ужо сталы ўзрост – сустрэчы з яго роднымі, якія неаднаразова прыязджалі на яго магілу. Для нас ён быў Героем, для іх – родны і блізкі чалавек, які ляжыць на клічаўскай зямлі, аддаў сваё жыццё за Радзіму, якую вельмі любіў. І мы гэта бачылі, адчувалі, успрымалі. Адна такая сустрэча адбылася ў 1975 годзе ў Бёрдаўскім сельскім клубе. Тады ў Бёрда прыязджала адна з сясцёр Кавалёва, Вера Іванаўна (з ёй следапыты таксама перапісваліся) і іншыя родныя. Яны расказвалі нам аб тым, якім сынам, братам быў Піліп Іванавіч, як рос, вучыўся, чым захапляўся, аб чым марыў, аб чым пісаў з вайны ў сваіх пісьмах. Наказвалі нам, дзецям, любіць і берагчы Радзіму, як рабіў гэта Піліп Іванавіч Кавалёў.

Да вытокаў гераізму

У 1990 годзе пастановай Савета Міністраў БССР ад 30 сакавіка СШ №2 горада Клічава прысвоена імя

Урачысты  прыём  у  піянеры  ля  помніка  П. КАВАЛЁВУ.
Урачысты прыём у піянеры ля помніка П. КАВАЛЁВУ.

Героя Савецкага Саюза Піліпа Іванавіча Кавалёва.
У двары школы, у ліпавым скверы, устаноўлены бронзавы помнік Герою. У яго падножжа – заўсёды ў святы жывыя кветкі. Тут праходзяць урачыстыя піянерскія лінейкі, дзецям упершыню павязваюць гальштукі Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Як і некалі іх дзядулі, бацькі, сённяшнія малыя даюць абяцанні вырасці годнымі людзьмі, грамадзянамі, любіць Радзіму.
Мясцовыя школьнікі шэфствуюць зараз і над партызанскімі могілкамі бліз вёскі Кавяза.
Дзеці выхоўваюцца на добрых традыцыях, прыкладам ім і жыццё, баявы шлях Піліпа Іванавіча Кавалёва. У школе дзейнічае музей баявой славы, у якім зараз толькі экспанатаў асноўнага фонду звыш 160: пісьмы, матэрыялы пошукавых экспедыцый, перапіска следапытаў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, успаміны, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі і іншае.
Зазірнём у гісторыю школу. Яшчэ ў канцы 80-х следапыты СШ №2 паставілі мэту – стварыць музей баявой славы.

Чырвоныя  следапыты  СШ №2  на  радзіме  П. Кавалёва.
Чырвоныя следапыты СШ №2 на радзіме П. Кавалёва.

Узначаліла тады работу арга-нізатар пазакласнай і паза-школьнай работы Л.А. Альшэўская. Чалавек улюбёны ў гісторыю, яна добра разумела важнасць ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў, і да справы аднеслася з усёй сур’ёзнасцю. Усе вучні: і піянеры, і камсамольцы з радасцю выконвалі даручэнні. Дзень за днём яны збіралі матэрыял аб сваіх земляках-партызанах, аб воінах-інтэрнацыяналістах Клічаўшчыны.
Але самым галоўным у пошукавай рабоце стаў збор матэрыялаў пра П.І. Кавалёва. Група школьнікаў восенню 1987 года пабывала на радзіме Героя ў вёсцы Гойкаў Чэрыкаўскага раёна. Там рабяты сустрэліся з роднымі Піліпа Іванавіча, яго землякамі, запісалі іх успаміны, зрабілі фотаздымкі. У выніку быў сабраны багаты і разнастайны матэрыял.
У Дзень ведаў, 1 верасня 1988 года, адбылося адкрыццё школьнага музея баявой славы. Першымі яго наведвальнікамі сталі госці Клічаўшчыны – родныя і блізкія Кавалёва, якія спецыяльна прыехалі на ад-крыццё музея з усіх куточкаў Беларусі. Сярод тых, хто быў удастоены права перарэзаць чырвоную стужку, была і родная сястра Кавалёва, Вера Іванаўна.
Пры школьным музеі пастаянна дзейнічае даследчая група “Пошук”, якая займаецца вывучэннем і даследаваннем гісторыі Клічаўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут ладзяцца экскурсіі для навучэнцаў школы, іх бацькоў, гасцей раёна. Напрыклад, пад час нядаўніх выбараў у Парламент краіны з дзейнасцю музея азнаёміліся назіральнікі з Расіі, Польшчы.
Сёння, калі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны імкнуцца перапісаць, фальсіфіцыраваць у шэрагу краін, надзвычай важна, каб нашы дзеці ведалі праўду аб вайне, ведалі яе ў асобах і падзеях, каб ганарыліся гераічным мінулым сваёй Радзімы, былі сапраўднымі яе патрыётамі.

Ніна Ізох.
Фота з архіваў раённага музея і музея СШ №2 г. Клічава.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)