ГРАМАДCКАЙ БЯСПЕЦЫ І ДЫСЦЫПЛІНЕ — ПІЛЬНАЯ ЎВАГА

размещено в: Наши новости | 0

У  адпаведнасці  з  Указам  №  420  уступілі  ў  сілу  змяненні  і  дапаўненні  ў  Дырэктыву  Прэзідэнта  Рэспублікі  Беларусь  ад  11  сакавіка  2004  г.  № 1  «Аб  мерах  па  ўмацаванні  грамадскай  бяспекі  і  дысцыпліны».
Аб  новай  рэдакцыі  дакумента  мы  гутарым  са  Святланай  Рабцавай,  галоўным  спецыялістам  па  ахове  працы  ўпраўлення  па  працы,  занятасці  і  сацыяльнай  абароне  райвыканкама.
—Святлана  Васільеўна, раскажыце,  калі  ласка,  якія  істотныя  змяненні  ўнесены  ў  новую  рэдакцыю  Дырэктывы?
—  Адметнай  асаблівасцю  з’яўляецца  мэтавая  ўстаноўка  на  фарміраванне  адзіных  падыходаў  і  сістэмную  працу  па  забеспячэнні  грамадскай  бяспекі  і  дысцыпліны,  прыняцці  дадатковых  мер  па  зніжэнні гібелі  і  траўміравання  грамадзян  па  розных  прычынах.  Значна  пашыраны  пералік  крытэрыяў  ацэнкі  выканання  Дырэктывы  № 1.  Да  іх  адносяцца:  забеспячэнне  здаровых  і  бяспечных  умоў  працы,  прамысловай,  пажарнай,  ядзернай  і  радыяцыйнай  бяспекі, бяспекі  руху  і  эксплуатацыі  транспарту,  фарміраванне  правапаслухмяных  паводзін,  здаровага ладу  жыцця,  навыкаў  па  забеспячэнні  асабістай  і  маёмаснай  бяспекі грамадзян.
— Унясенне  змяненняў  і  дапаўненняў  у  дакумент,  напэўна,  прадыктавана  сітуацыяй,  што  склалася  ў  арганізацыі  аховы  працы  на  вытворчых  аб’ектах?
— Адназначна.  У  час  маніторынгаў  і  праверак  устаноўлены  шматлікія  парушэнні  ў  забеспячэнні  бяспечных  умоў  працы,  у  тым  ліку  сур’ёзныя  парушэнні  пажарнай  бяспекі,  правілаў  дарожнага  руху  і  эксплуатацыі  транспарту,  што   стварае  рэальную  пагрозу  жыццю  і  здароўю  людзей,  наносіць  вялікі  эканамічны  ўрон.  Па  афіцыйных  дадзеных,  92%  пажараў,  якія  здарыліся  ў  першым  паўгоддзі  на  грамадскіх  і  вытворчых  аб’ектах,  адбылося  з-за  парушэння  вытворчай  і  тэхналагічнай  дысцыпліны.  Аб  магчымым  унясенні  змяненняў  у  Дырэктыву Прэ-зідэнт  Беларусі  гаварыў  на  нарадзе  яшчэ  ў  пачатку  жніўня, акцэнтуючы  ўвагу  на  тым,  што  новы  дакумент  павінен  быць  прыземленым  і  канкрэтным.  Кіраўнік  дзяржавы  перакананы,  што  ў  гэтых  пытаннях  не  павінна  быць  фармалізму.
—У  нашым  раёне  таксама  створана  мабільная  група,  якая  маніторыць  стан  спраў  па  акрэсленай  тэме.  Падзяліцеся  вынікамі  гэтай  работы.
— Усяго  з  пачатку  года   разам  з  дзяржаўным  інспектарам  абследавана  136  аб’ектаў  рознай  формы  ўласнасці.  Выяўлена   1506  парушэнняў,  з  іх  789   былі  аператыўна  ліквідаваны.  На  ўсе  выяўленыя  парушэнні  наймальнікам  былі  прапісаны  рэкамендацыі  для  хуткага  ўхілення  парушэнняў  правілаў  і  нормаў  аховы  працы.
У  арганізацыях  аграпрамысловага  комплексу  і  будаўнічай  галіне  зафіксаваны   выпадкі   незабеспячэння  працаўнікоў  сродкамі  індывідуальнай  абароны.  Праведзены   інструктажы  і   заняткі  па  пытаннях  аховы  працы.  Па  выніках  планавых  праверак  Магілёўскім  абласным  упраўленнем  Дэпартамента  дзяржінспекцыі  працы  за  парушэнне  заканадаўства  аб  ахове  працы  да  адміністрацыйнай  адказнасці  па  арт.  9.17 ч.  1  КоАП  прыцягнуты  2  службовыя  асобы  з  ліку  правераных  прадпрыемстваў  на  агульную  суму  4,5  млн  рублёў.
—Святлана  Васільеўна,  Вы  даўно  працуеце  на  гэтай  пасадзе,   таму  Вам  даволі  проста  назваць  асобныя  механізмы,  прадугледжаныя  змяненнямі  і  дапаўненнямі,  для  забеспячэння  бяспечных  умоў  працы  і  жыцця.
—Павінна  звярнуць  увагу  кіраўнікоў  арга-нізацый   і  устаноў  усіх  формаў  уласнасці  на  патрабаванні  да  транспартнай  дысцыпліны.  Неабходна  няўхільна  праводзіць  ва  ўстаноўленым  парадку  перадрэйсавыя  і  іншыя  медыцынскія  абследаванні  вадзіцелей,  а  таксама  забяспечваць  адпаведнасць  тэхнічнага  стану  транспартных  сродкаў  патрабаванням  бяспекі  дарожнага  руху.  Ні  пры  якіх  абставінах  не  выпускаць  за  межы  мехдвароў  няспраўны  транспарт.
У  якасці  мер  па  ўмацаванні  грамадскай  бяспекі  пры  правядзенні  культурна-масавых,  спартыўных  мерапрыемстваў  устаноўлена  персанальная  адказнасць  арганізатараў  і  кіраўнікоў  арганізацый,  на  балансе  якіх  знаходзяцца  аб’екты.  За  забеспячэнне  парадку    на  разнастайных  мерапрыемствах  і  грамадскую  бяспеку  персанальная  адказнасць  ускладзена  на  кіраўнікоў  органаў  унутраных  спраў.  Дырэктывай  прадугледжана  штогадовае  абследаванне  аб’ектаў  сацыяльна-культурнага  і  сацыяльна-бытавога  прызначэння,  невыкарыстоўваемых  капітальных  пабудоў.  Уласнікі  аварыйных  памяшканняў  будуць  абавязаны  прымаць  меры  па  забеспячэнні  іх  бяспечнай  эксплуатацыі  або  зносе  ці  абмежаванні  доступу  ў  іх  старонніх  асоб.
—У  краіне  прымаюцца  меры  па  зніжэнні  алкагалізацыі  насельніцтва.  Што  новага  аб  гэтым  сказана  ў  Дырэктыве?
— Адна  з  мер  – прыцягненне  работнікаў  арганізацый  да  дысцыплінарнай  адказнасці  аж  да  звальнення  за  з’яўленне  на  працы  ў  стане  алкагольнага  ап’янення,  а  таксама  распіццё спіртных  напояў,  ужыванне  наркатычных  сродкаў  у  працоўны  час  або  на  працоўных  месцах. Дарэчы,  з  пачатку  года  ў  раёне  прыцягнуты  да  дысцыплінарнай  адказнасці  148  работнікаў,  за  парушэнні  працоўнай  дысцыпліны —  96  (акрамя  звальнення). Звольнена  за  прагулы  40  чалавек,  яшчэ 8 – за  знаходжанне  на  рабочым  месцы  ў  стане  алкагольнага  ап’янення.  Згодна  з  Указам  да  1  студзеня  2016  года  неабходна  прыняць  меры  па  ўзмацненні  жорсткасці  патрабаванняў  да  вытворцаў  алкагольнай  прадукцыі  ў  частцы  павышэння  яе  якасці,  а  таксама  выпрацоўцы  механізму  і  адзіных  падыходаў  па  арганізацыі  працы,  накіраванай  на  паэтапнае  скарачэнне  спажывання  насельніцтвам  алкагольнай  прадукцыі.
— Што  сказана  ў  Дырэктыве  аб  асабістай  адказнасці  работнікаў  за  ўласную  бяспеку?
— Прэзідэнт  даручыў  Савету Міністраў  сумесна  з  зацікаўленымі  дзяржорганамі  і  арганізацыямі  да  1  студзеня  2016  года  прыняць  меры  па  павышэнні  адказнасці  работнікаў  за  асабістую  бяспеку  і  ўласнае  здароўе,  а  таксама  бяспеку  ўсіх,  з  кім  у  працэсе  працоўнай  дзейнасці  даводзіцца  быць  побач.  З  мэтай  зніжэння  колькасці  надзвычайных  сітуацый  і  памераў  сацыяльнай,  эканамічнай  і  экалагічнай  шкоды  пры  іх  узнікненні   пры  падрыхтоўцы  праекта  Дзяржаўнай  праграмы  сацыяльна-эканамічнага  развіцця  Рэспублікі  Беларусь на 2016-2020  гады  плануецца  прадугледзець  у  ёй  асноўныя  напрамкі  па  забеспячэнні  бяспекі  жыццядзейнасці  насельніцтва.  Кожны  павінен  сам  клапаціцца  аб  уласным  здароўі  і  бяспецы  і  ўсведамляць  меру  гэтай  адказнасці.
– Дзякуй,  Святлана  Васільеўна,  за  гутарку.

Аліна  СУДНІК.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)