Віка, Саша, Яна, Тоня Кабервейны — іх разлучаць нельга

размещено в: Наши новости | 1

У Велікоднай радасці трыумфуе свет Божы. У гэтыя дні вера і любоў у нашых сэрцах. Тое ж і ў прыродзе: па-веснавому сонечна, гарманічна, ўладарыць жыццё.

І так радасна, камфортна, калі ў хаце пахне кулічамі, пафарбаваныя чырвоныя яйкі на стале, паабапал яго цесным кругам – дружная сям’я ды радня… Але, на жаль, не ва ўсіх так.
Віка, Саша, Яна, Тоня Кабервейны з самага ранку раз пораз прыліпалі да ваконнай шыбы. Чакалі: мо сёння прыйдзе мама? Гасцінцаў прынясе, Вялікдзень жа! Дарэмна. Не прыйшла. Ні ў гэты дзень, ні ў наступныя. Тры малыя дачушкі і сынок яе ў раённым дзіцячым сацыяльным прытулку жывуць больш за паўгода, і ўжо не ўпершыню на дзяржаўным утрыманні. Так і не змагла гэта маці ацаніць шчасце быць ёй. Судзіць маладую жанчыну не бяруся. 
Праблема цяпер у іншым. Бацька дзяцей памёр, маці не так даўно пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да ўсіх чатырох дзяцей. Цяпер яны сіроты і ім патрэбна сям’я.
Такіх родных, якія б маглі ўзяць малышоў пад апеку, таксама няма. Прычыны розныя, але гэта не мяняе справу. Магчыма, бяду гэтых дзяцей адчуюць добрыя людзі, якія прымуць іх у сваю сям’ю, але найперш – у сваю душу. Узваліць на сябе такую адказнасць і цяжар клопату не кожнаму пад сілу. Патрэбны мужнасць, цярпенне і вялікае сэрца, каб «казённых» дзяцей палюбіць як сваіх і падарыць ім шанц жыць, выхоўвацца ў сям’і, мець карані і будучае. Беларусь жыве, бо такія людзі ў ёй былі і ёсць. Узгадайце ваенную пару: колькі бязбацькавічаў паднялі нашы жанчыны! І сёння іх нямала і на Клічаўшчы&не: усынаўляюць, прымаюць у сем’і, бяруць пад апеку дзетак-сірот. Нізкі паклон вам, паважаныя!
Дзеці Кабервейн вельмі любяць адно аднаго, клапоцяцца, абараняюць. Яны добрыя, паслухмяныя і яшчэ зусім малыя. Яны пакуль як тая падатлівая гліна, з якой можна вылепіць тое, што патрэбна.
Работнікі сацыяльнага прытулку звяртаюцца да патэнцыяльных бацькоў: калі ласка, вазьміце усіх гэтых дзетак у адну сям’ю, іх разлучаць нельга, нельга яшчэ раз прынесці нясцерпны боль іх трапяткім дзіцячым душам.
Вікі дзесяць гадоў. Яна добра вучыцца, на 7-9 балаў нават у гарадской школе, асабліва падабаецца ёй замежная мова. Артыстычная, займаецца ў тэатральным гуртку, з задавальненнем ўдзельнічае ў сюжэтна-ралявых гульнях па праблемах сям’і.
Сашу восьмы год. Ён для сястрычак – заступнік, асабліва для шасцігадовай Яны і чатырохгадовай Тоні. «Вы ж глядзіце, не крыўдзіце Тоньку, яна ж маленькая», – просіць і дарослых, і дзяцей.
Сёння сацыяльная палітыка Беларусі накіравана на тое, каб кожнае дзіця, у тым ліку і сірата сацыяльная, выхоўвалася не ў дзяржаўнай установе, а ў сям’і.
Адзін з аптымальных варыянтаў – прыёмная сям’я. Маці ў ёй працуе выхавацелем. Ёй налічваецца працоўны стаж, штомесяц атрымлівае немалую зарплату. На кожнае дзіця дзяржава выплачвае грашовую дапамогу. Існуюць і іншыя сацыяльныя меры падтрымкі такой сям’і. Напрыклад, дзеці бясплатна аздараўляюцца ў час канікул.
Землякі! Магчыма, ваш дом па нейкіх прычынах апусцеў, а так хочацца падарыць некаму цяпло і ласку, дазваляе ўзрост,ёсць сілы і магчымасці. Зрабіце гэта для сірот Кабервейн.

Ніна ІЗОХ.

One Response

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)