Вечна жывучая і непакорная ты, беларуская наша Зямля!

размещено в: Наши новости | 0

Дзень  Незалежнасці — адно  з  найбольш  важных  нацыянальных  свят.  У  нашай  краіны  яно  атаясамляецца  з  вызваленнем  ад нямецка-фашысцкай  акупацыі  і  займае  асаблівае  месца  сярод  маральных  каштоўнасцей  беларусаў.
Мы  назаўсёды  застанемся  ўдзячныя  тым,  хто  змагаўся  за  свабоду  і  незалежнасць  Айчыны.  I  ніколі  не  забудзем,  як  здабыта  выратаванне  ад  запланаванага  захопнікамі  духоўнага  і  фізічнага  знішчэння  беларусаў.
Абавязак  кожнага  з  нас — захоўваць  здабытую  ў  баях  свабоду,  рабіць  наш  край  багатым  і квітнеючым.  Моцная Беларусь – найлепшы  помнік  усім  ахвярам  вайны  і  тым,  хто  са  зброяй  у  руках  цаной  свайго  жыцця  вызваляў  краіну  ад  фашызму.
У  гарадскім  парку  пад  велічныя  гукі  Дзяржаўнага  гімна  пачаўся   ўрачысты мітынг з нагоды Дня Незалежнасці. Як заўсёды, яго пачэснымі гасцямі былі  ветэраны  Вялікай  Айчыннай  вайны  і  працы.  Гэта ў  іх  гонар  выказаны   шчырыя  словы  падзякі  і  дадзены  абяцанні  быць  годнымі  славы  бацькоў.
З  прывітальнымі  словамі  да  прысутных  звярнуліся:  Ф. В. Вашчыла,  старшыня  райвыканкама,  У. В Кніга,  старшыня  раённага  Савета  дэпутатаў,  Т. В. Белабародая,  дырэктар  СШ № 2,  старшыня  раённай  грамадскай  арганізацыі  “Белая  Русь”,  Ю. І. Комар,  сакратар  ГА  БРСМ.
Ужо  другі  раз  у  Дзень  Незалежнасці   адбываецца  цырымонія  прысваення  звання  “Ганаровы  грамадзянін  раёна”.  Сёлета  яго  ўдастоены  Я. А. Дзямчук,  начальнік  ААТ “ПМК-89  Водбуд”.
Ганаровымі  граматамі  і  грашовымі  прэміямі  раённага  выканаўчага  камітэта  ўзнагароджаны    ветэраны  працы  М. В. Бацура,  З. І. Мельнікава,  дырэктар  філіяла  “Ганчанскі вучэбна-педагагічны  комплекс  дзіцячы  сад-базавая  школа”, К. Л. Малішэўская,  дырэктар  філіяла  “Усохская  базавая  школа”,    І. Б.  Хадановіч,  начальнік  аддзела  адукацыі,  спорту  і  турызму  райвыканкама,  В. М. Лёпа,  дырэктар  Максімавіцкай  сярэдняй  школы.
Самадзейныя  артысты  стварылі  святочны  настрой  і    шчодра  адорвалі  публіку  сваімі  талентамі. На  дарожках  парка  разгарнулася  выстава  работ  фотааматараў  “Клічаўшчына – мой  лёс”. Клічаўляне  з  задавальненнем  наведвалі  “Горад  майстроў ”  і  ахвотна  куплялі  вырабы  мясцовых  майстроў.  Знайшлі  сваіх  прыхільнікаў  майстар-класы  “Варвара  краса – доўгая  каса”  і “Бодзі-арт”.  Было  весела  і  шматлюдна  на  дзіцячай  і  спартыўнай  пляцоўках.
Як  толькі  завечарэла,  клічаўляне  зноў  пацягнуліся  ў  парк,  каб  паглядзець  канцэрт  і  прыняць  удзел  у  штогадовай  акцыі  “Спяём  гімн  разам”,  пасля  чаго  мірнае  неба  над  горадам  расквецілася  рознакаляровымі  сполахамі  святочнага  салюту.

Аліна СУДНІК.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)