Вечар школьных сяброў

размещено в: Наши новости | 1

Па добрай традыцыі ў першую суботу лютага школы збіраюць выпускнікоў. І ў кожнага з нас, для каго развітальны школьны званок празвінеў мо толькі год, пяць, дзесяць таму, і ў тых, чые скроні даўно пасерабрыла сівізна, ёсць шанс вярнуцца ў пару дзяцінства і юнацтва. «А памятаеце…?», – гэтыя словы гучаць і гучаць у гэты вечар паміж школьнымі сябрамі.
Вось і Нясяцкая СШ, якая вядзе свой адлік з 1897 года як царкоўна-прыхадская, з 1916 – як 1-класнае народнае вучылішча, да 1954 года – сямігодка, з той пары – як сярэдняя агульнаадукацыйная школа, гасцінна сустракала сваіх былых вучняў розных пакаленняў, якія прыйшлі, каб сустрэцца з аднакласнікамі, настаўнікамі, расказаць аб сваіх поспехах і няўдачах. Што адразу кідалася ў вочы, дык гэта цеплыня і шчырасць узаемаадносін, якія могуць быць толькі ў сельскай школе. У вёсцы ж усе блізкія, адно аднаго ведаюць ледзь не з нараджэння, сябруюць сем’ямі, тут жывуць і працуюць, кожны як на далоні. І няхай многіх цяпер лёс развёў па гарадах і сёлах Беларусі, а то і замежжа, а сваіх вясковых каранёў не цураюцца.
Сюды, у Нясяцкую школу, як на малую радзіму, прыязджаюць штогод і тыя яе выпускнікі, якія выхоўваліся некалі ў Нясяцкім дзіцячым доме, а функцыянаваў ён з 1945 па 1969 год. Тут іх вучылі, выхоўвалі, шкадавалі, любілі, прымалі як родных у многіх сем’ях вяскоўцаў, і зараз памятаюць, рады сустрэчы.
Здавалася, што школа ў гэты вечар памаладзела. У фае на фотавыставе многія пазнавалі на даўніх здымках сябе, нават сваіх бацькоў, родных, сяброў. Былі прыемныя падарункі школе. Напрыклад, былы вучань Уладзімір Багрыцэвіч, цяпер капітан міліцыі, супрацоўнік абласной дзяржаўтаінспекцыі, падарыў у школьны музей калектыўны фотапартрэт першага выпуску Нясяцкай сярэдняй школы. Да сёння гэты рарытэт зберагалі ў сям’і, бо застаўся ён ад дзядулі Пятра Васільевіча Багрыцэвіча, колішняга дырэктара гэтай навучальнай установы.
Школа па праву ганарыцца сваімі выпускнікамі, якія выйшлі ў свет годнымі людзьмі. Вёску і школу праславілі ўраджэнцы Нясяты: актрыса Дзяржаўнага музычнага тэатра Людміла Іванаўна Станевіч, мастак Аляксандр Уладзіміравіч Дубінін, журналіст «Сцяга Саветаў», пазней — рэдактар раённай газеты «Голас Касцюкоўшчыны» Іван Сцяпанавіч Балтушка, механізатар Іосіф Іосіфавіч Тарэлка, узнагароджаны за добрасумленную працу ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, бронзавым медалём ВДНГ, ураджэнцы вёскі Буднеў: кандыдат навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій і Міжнароднай акадэміі геранталогіі Уладзімір Якаўлевіч Белазор, юрыст па адукацыі, журналіст раённай кіраўскай газеты, з 1968 года – намеснік рэдактара «Сцяга Саветаў» Уладзімір Міхайлавіч Назараў, палкоўнік ў адстаўцы Іван Васільевіч Белазор , ваенны лётчык 1 класа, выкладчык Ваенна-паветранай інжынернай акадэміі імя М.Е. Жукоўскага ў Маскве, узнагароджаны сямю высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, у тым ліку медалём «За баявыя заслугі».
Гэты ж вечар сустрэч сённяшнія вучні і настаўнікі пастараліся зрабіць такім, каб кожны выпускнік адчуў, што ён у родных сценах свайго другога дома. Прывітальнае шчырае слова да ўсіх прысутных у школьнай актавай зале браў дырэктар школы Уладзімір Міхайлавіч Каплярчук. У традыцыйнай канцэртнай праграме былі жартоўная інсцэніроўка, песні ў выкананні дзіцячага вакальнага ансамбля «Расінка», асобных юных вакалістаў, былых выпускнікоў школы – сённяшніх выкладчыкаў Нясяцкай ДШМ Аляксандра Каўшыркі і Вольгі Мацюшонак. Чуллівую лірычную нотку ў хвалі памяці ўнеслі сваімі музычнымі і песеннымі падарункамі колішнія выпускнікі Аляксандр Красько і Аляксандр Баразна, былы выхаванец Нясяцкага дзетдома. Узняла настрой і яшчэ больш расквеціла свята конкурсная праграма.
Тут былі рады кожнаму, асабліва юбілярам. У іх радах прысутнічалі і тыя, хто скончыў школу 50 гадоў таму: Марыя Міхайлаўна Тарасава, пасля яна працавала тут настаўніцай гісторыі і геаграфіі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце; Галіна Іванаўна Бруева (Буяк), настаўніца групы падоўжанага дня СШ № 2 Клічава, Аляксандр Аляксандравіч Красько, колішні выкладчык музыкі па класе баяна і акардэона Клічаўскай ДМШ. А ўзгадаць, расказаць ім, выпускнікам 1962 года, было што. Як пачаткоўцамі з-за адсутнасці будынка школы вучыліся па хатах вяскоўцаў, чыталі пры газавых лямпах, бо электрычнасць у школу далі ад спіртзавода толькі дзесьці ў 1956 годзе; пагалоўна захапляліся спортам: лыжамі, валейболам, хакеем, футболам. Як у аднакласнікаў-дзетдомаўцаў зімой не хапала на ўсіх валёнак, і яны, пакоўзаўшыся, нагуляўшыся на льду, сядзелі на ўроках басанож, бо сушылі абутак каля печы для таварышаў, якія вучыліся ў школе ў другую змену. Як іх дзявяты клас (вытворчая брыгада) вырасціў на ўчастку цукровыя буракі кожны памерам з гарбуз, і тая прадукцыя экспанавалася аж на ВДНГ у Маскве, а іх тады ўзнагародзілі граматамі, звеннявых – раскошнымі падарункамі – наручнымі гадзіннікамі…
Час змяніўся. Для дзяцей у сучаснай двухпавярховай Нясяцкай СШ – камп’ютарны клас, добра абсталяваная спартыўная зала, утульныя прасторныя кабінеты, для іх працуюць гурткі, секцыі, клубы, факультатывы па паглыбленым вывучэнні прадметаў, па суботах – самыя розныя масавыя мерапрыемствы, дыскатэкі. Па захапляльнай краіне ведаў яны падарожнічаюць разам з вопытнымі і маладымі настаўнікамі-наватарамі. Як і многім пакаленням былых вучняў, ім пракладваць у жыцці свой, уласны шлях праз церні да зорак. Галоўнае, не разгубіць у гэтым высокім тое малое, што ўваходзіць у паняцце «родны кут».

Ніна ІЗОХ.

One Response

  1. Владимир Наумович Дулебенец

    Кличевскую СШ я закончил более 60 лет тому назад. Знакомая мне по своим публикациям Нина Изох коснулась той тяжелой поры, как в жизни, так и в учебе. Но дети военной поры тянулись к знаниям… Лично мне пришлось за знаниями с 4-го по 10-й класс мотаться как по деревням (Алексеевка, Дмитриевка, Кличев, так и два и два года в Бобруйском лесотехникуме, а в перерывах между учебой год работать на Несетском спитзаводе). Условия учебы были в прямом смысле слова, — первобытными… Однако все мои одноклассники стали достойными людьми общества: строители, геологи, летчики, моряки, учителя, врачи… Я и сейчас часто посещаю школы и не устаю завидовать ученикам… Школы оборудованы всем необходимым для получения знаний: только учись,»… грызи гранит науки…» Однако нас не всегда правильно понимают, а после… раскаиваются… А надо помнить любому и каждому: «… Что б водить корабли, что бы в небо взлететь, надо многое знать, надо много уметь…» Знаниям все возрасты покорны. Желаю всем с науками быть только на ВЫ. Ваш земляк Владимир Дулебенец 15.01.14. Г. Владивосток.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)