ВАКАЛЬНЫ ТУР “КРЫНІЦЫ”

размещено в: Наши новости | 0

Добра  вядомы    многім   у  раёне  вакальны  ансамбль  ветэранаў  “Крыніца”,  якому  ў  наступным  годзе  споўніцца  10  гадоў, прэтэндуе  на  званне  народнага.
Зараз  самадзейныя  артысткі   ўзмоцнена  рэпетыруюць  і,  адначасова,  каб  не  расчараваць  прыхільнікаў  сваёй  творчасці,  выступаюць   з  канцэртамі   перад  вяскоўцамі  і  жыхарамі  нашага  горада.   Нядаўна  давялося  ўпэўніцца,  што   за  апошні  час   калектыў  значна  “вырас”  у  творчым  плане.  У  “Крыніцы”  свой,  адметны  рэпертуар,  які  ўвесь  час  папаўняецца  беларускімі  народнымі  песнямі,  прыпеўкамі,  а  таксама  — свае  канцэртныя    праграмы  і  стыль  выканання  песень.  Напрыклад, у  іх  рэпертуары  з’явіліся  песні,  якія  выконваюцца  акапэльна,  без  акампанемента.   Радуе    і  той  факт,  што  ўсе  ўдзельніцы  ансамбля  па-ранейшаму   застаюцца  маладымі  душой  і  сэрцам.  Яны   нібы  тыя  чараўніцы   на   сваіх канцэртах  “пазбаўляюць”  ад    штодзённых  клопатаў,  дораць  добры  настрой,  радасць  сустрэчы  з  песнямі,  якія     спявалі    яшчэ   іх   маці   і  бабулі.
Адна  з  галоўных  мэт  дзейнасці  гэтага  калектыву – адраджэнне  ўжо  забытых   песень.   У  іх  выкананні  гэтыя  шэдэўры   вакальнай  творчасці   нашых  продкаў  атрымліваюць    шанц  на новае,  сучаснае  жыццё. Канцэртны  графік  вакалістак  цяпер  даволі  напружаны:  акрамя   частых  рэпетыцый  запланаваны  цэлы  шэраг  канцэртаў.
У  апошні  працоўны  дзень  мінулага  тыдня   “Крыніца”  мелася  выступіць    у  пасёлку  Ганчанскае.   У  другой  палове  дня  мы  адправіліся  ў  дарогу. На  ўваходзе  ў  адміністрацыйны  будынак  былога  сельскага  Савета   “сустракае”    каляровая  афіша-аб’ява  аб  маючым  адбыцца  канцэрце. Пакуль  артысткі  пераапранаюцца  ў   касцюмы,  знаёмлюся  з  тутэйшымі  гаспадынямі  —  Наталляй  Васільеўнай  Руссу,  дырэктарам  СДК,  Нінай  Рыгораўнай  Сазанавец,  мастацкім  кіраўніком  гэтай  установы,  а  таксама  з   жыхаркай  пасёлка   Нінай  Пятроўнай  Сазанавец, якая  чатыры  дзясяткі  гадоў    адпрацавала   бухгалтарам  на  торфапрадпрыемстве.   У актавай  зале  сабраліся  на  справаздачна-выбарчы  сход   ветэраны-актывісты   мясцовай  ветэранскай  “пярвічкі”,  якую  ўзначальвае  Вячаслаў  Міхайлавіч  Маркаў.    На  павестцы  дня – справаздача  старшыні,  а  таксама  выбары  актыву  пярвічнай  арганізацыі.   У  час  сходу  ветэраны  зноў  выбралі  сваім  лідарам  Вячаслава  Міхайлавіча.    Гэта   яскравае  пацвярджэнне,  што  на  працягу  многіх  гадоў  ён  не  страціў   давер  сваіх  аднавяскоўцаў.   Таксама  выбралі  і  памочнікаў  — сакратара  і  рэвізора.
Жыхары  пасёлка   задавалі   розныя   пытанні,  уносілі  свае  прапановы  наконт  вырашэння    надзённых  праблем,  а  калі  загучаў  акардэон  і  на  сцэне  з’явіліся  артысткі,   у  невялікай  зале  адразу  пасвятлела  ад  усмешак.  Іх  песні  і  сапраўды  “скарб  вялікі”,  па  словах  вядучай  канцэртнай  праграмы  Галіны  Пятроўны  Коўрык,  бо  родныя,  знаёмыя  з  дзяцінства.  Яна,  дарэчы,  у  складзе  “Крыніцы”  з  першых   дзён  стварэння і  можна  сказаць  мастацкі  кіраўнік  гэтага   творчага   ветэранскага  калектыву,  бо  дапамагае  падбіраць  песні,  складаць  праграмы  і  г.д.    Зою  Іванаўну  Самец   у  “Крыніцы”  жартуючы  называюць  прадзюсерам.   Сакратару  раённай  ветэранскай  арганізацыі  не  замінаць  арганізатарскіх  здольнасцей.   Спявалі  артысткі    на  ганчанскай  сцэне  пра  хлеб  ды  соль,  жыта  ў  полі  і  васількі,  бярозку  і  крыніцу  ў  лузе,  пра  любоў  да  роднай  зямлі  і  каханне  – вечныя  каштоўнасці  нашага  жыцця.  Жыхары  пасёлка  хаця  і  прыезжыя  з  розных  вёсак  раёна  і  куточкаў  нашай  краіны,  але  добрыя  і  вельмі  ўдзячныя  людзі:  шчыра,  ад  душы   апладзіравалі   і  пелі  разам  з  артысткамі  знаёмыя  песні.
І  пасля  канцэрта  нікому  не  хацелася  развітвацца.   Вера  Кушнер,   кіраўнік  ансамбля,  акампаніятар і  ўдзельніца  вакальнага  калектыву,  хаця  і  стамілася,  але  не  магла  адмовіць  сваім  землякам.  Працяг  канцэрта – танцы  ў  файе   пад    вясёлую  мелодыю.  На  развітанне  артысткі  паабяцалі,  што  абавязкова  прыедуць  у  Ганчанскае  ў  бліжэйшы  час.  Каб  прывезці  свята  сустрэчы  з  песняй,  бо  менавіта  з  ёй  “жывуць  вечна”.

Алена  ГАНЧАРОВА.
Фота  аўтара.

Оставить ответ

:wink: :twisted: :roll: :oops: :mrgreen: :lol: :idea: :evil: :cry: :arrow: :?: :-| :-x :-o :-P :-D :-? :) :( :!: 8-O 8)